Каб скарыць "вяршыню айсбергу", жывому "Тузіну" спатрэбіўся год

120208 Malina Tuzin.mp3

Чарговы канцэрт "Тузін. Unplugged" зацікавіў ужо тым, што сярод выступоўцаў значыўся гурт J:Морс. Уявіць сабе выступ гурта, які толькі што правёў паспяховы беларускі тур з двума выступамі ў Палацы Спорту на сцэне маленькага Графіці, вельмі складана. Тым не менш, арганізатары здолелі гэта зрабіць, прычым без заўважных знешніх праблем. Зразумела, што вольных месцаў у клубе не было з самага пачатку, але, як высветлілася, J:Морс наведвальнікі чакалі не больш чым іншых выступоўцаў.

Уладзімір Пугач выйшаў на сцэну "Графіці" са словамі "Як высветлілася, арганізаваць канцэрт у маленькім клубе не прасцей, чым у Палацы Спорту". Ужо пасля першай песні ён пажартаваў, што "зараз паміж музыкамі і публікай такая ўмоўная мяжа, што калі хто-небудзь вырашыць ім наліць, гэта будзе цалкам нармальным".

Так яно і здарылася, лідару J:Морс увесь час падлівалі гарэлку, якую той без нейкай лішняй сціпласці выпіваў паміж песнямі.


"Мы, насамрэч, даўно хацелі адыграць канцэрт у "Графіці", - прызнаецца пасля выступу Уладзімір Пугач. - Але тое, што было сёння, было шмат у чым прадыктавана межамі гэтага unplugged-праекта. Я думаю, мы калі-небудзь яшчэ раз вернемся да гэтага фармату, я маю на ўвазе канкрэтна "Графіці". Мы падрыхтуем сольны канцэрт так, як нам зручна ды цікава, каб канчаткова зразумець, як гэта можа быць. То бок я не лічу, што мы выціснулі ўсё з таго, што сёння прагучала".

Сапраўды, J:Морс выступаў не поўным складам. На сцэне, апроч вакаліста, былі бубнач, гітарыст і флейтыст. А часам Пугач заставаўся на сцэне ўвогуле адзін.

У выніку канцэрт атрымаўся сапраўды хатнім і пазітыўным. І тое, што на сцэну па чарзе выходзілі фактычна тры пакаленні музыкаў было нават незаўважна.

Гурт BosaeSonca, які вельмі паспяхова нагадаў пра сябе напрыканцы мінулага года пасля паўзы ў чатыры гады, з'явіліся на сцэне ў адмыслова адноўленым акустычным складзе са скрыпкамі і віяланчэллю.

"Даўно вельмі хацелі гэта зрабіць і як раз зараз сышліся зоркі, - дзеліцца ўражаннямі ад працы з новымі музыкамі лідар гурта Алесь Кот-Зайцаў. - Думаю, што будзе працяг. Прычым, не толькі сцэнічны ды канцэртны, але і студыйны. Мы зараз працуем у электрычным складзе над новай праграмай, электрычнай, але са струннымі інструментамі. Хочам зрабіць такую фішачку. Дадаць пэўнай класічнасці, сімфанічнасці ў сваю музыку".

Сапраўдным адкрыццём для большасці прысутных была 17-гадовая спявачка Паліна Рэспубліка. Дзяўчына прызналася, што выступіць на сцэне "Графіці" - яе даўняя мара, і гэта дадае адказнасці. Некалькі разоў Паліну назвалі беларускай Алінай Арловай, што, дарэчы, яе не засмучала. Маўляў, што толькі я не чула, і Земфірай называлі, і вінавацілі, што песні не ўласнага сачынення... У будучым спявачка плануе зрабіць рокавы праект і зараз актыўна над гэтым працуе.

"Ёсць музыкі, мы зараз рэпетуем 2-3 разы на тыдзень, - распавядае пра будучы праект Паліна. - але пакуль што так атрымліваецца, што мы пачынаем нешта рабіць, і я разумею, што не ўсе мае песні можна граць з гуртом у стылі рок. Таму я буду працаваць, буду спрабаваць. Зараз у мяне шлях такога творчага пошуку. Спадзяюся, што знайду і ўсё будзе, як трэба".

Цікава, што  вясной мінулага году, калі праект "Тузін. Unplugged" толькі пачынаўся, яго куратар і рэдактар партала "Тузін гітоў" Сяргей Будкін прызнаўся, што асноўны план, зрабіць акустычны выступ асноўных беларускіх рокераў. Канцэрт 7 лютага фактычна закрыў спіс тых, хто планаваўся першапачаткова. Засталіся хіба толькі "Ляпісы", але іх выступ немагчымы па зразумелай прычыне.

"Гэта была толькі вяршыня айсберга, - каментуе выкананне першапачатковых планаў Сяргей Будкін. - 24 лютага мы ўбачым Znich у акустыцы ўпершыню за 16-гадовую гісторыю гурта. І падобна на тое, што самі "Знічы" не ўяўляюць тое, што там адбудзецца. Таму тое, што будзе далей, нават мне цяжка ўявіць. Я спадзяюся, што мне будзе так жа цяжка гэта ўяўляць кожны месяц. Сюрпрызы мусяць спець па меры іх паступлення".

Апроч металістаў Znich, на наступным "Тузіне. Unplugged" выступіць і гурт ZM99, які таксама складана ўявіць у акустычным варыянце. Але склад выступоўцаў 24 лютага зусім не значыць, што цяпер праект будзе працаваць выключна з цяжкой сцэнай, адзначыў Будкін. Маўляў, ёсць жа яшчэ і замежныя гурты...

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі