“Каб пазбавіцца ад болю, зэкі выбівалі зубы лыжкамі”

120618 Savi4 Pamilavanyja.mp3

“Пяць гадоў зняволення праляцелі для мяне як адзін дзень. Устаў, паеў, на працу, лёг спаць”, – прызнаецца нядаўна вызвалены Аляксандр Чачураў. - Як бясконцы Дзень сурка”.

Асуджаныя за таблеткі ад кашлю "Тусал" і памілаваныя Уладзімірам Пуціным жыхары Баранавічаў Сяргей Лагун і Аляксандр Чачураў на днях вярнуліся з-за кратаў ў родныя Баранавічы. Хлопцы распавялі Еўрарадыё, пра тое, чаму зубны боль у расійскай турме – гэта самае страшнае, чаму яны не хацелі б сядзець у беларускай турме і якія чуткі пра Беларусь расказваюць расійскія зэкі.

З НАМІ СУДЗІЛІ ЎКРАІНЦА ЗА ПРАВОЗ ЧЫСТАГА КАКАІНУ – ЯМУ ДАЛІ 5 ГАДОЎ, А НАМ – 14.

Як вы ўспрынялі тое, што вас арыштавалі за дазволеныя тады яшчэ ў Беларусі таблеткі?

Аляксандр: Мы прыехалі ў Маскву, і нас адразу ўзялі супрацоўнікі паліцыі. Гэта было напярэдадні 8 сакавіка. Нам хацелася пагуляць па Маскве, купіць маме і дзяўчыне падарункі. А нас – у СІЗА. Літаральна адразу сказалі, што наша злачынства падпадае пад санкцыі ад 8 да 20 гадоў пазбаўлення волі. Гэта было абсурдна і нечакана – пасадзіць за таблеткі, якія свабодна прадаваліся ў Беларусі! Здавалася, што ўсё гэта хутка павінна скончыцца, бо мы не былі ні ў чым вінаватыя. Аказалася, што супрацоўнікі наркакантролю проста правялі кантрольную закупку і злавілі нас на прабелах у заканадаўстве. Хтосьці зарабіў сабе плюсікі, а мы – турму.

Сяргей: Адразу пасля затрымання мы суткі правялі ў страшных і нязвыклых для нас умовах – мы галодныя, стомленыя, нас прыкавалі кайданкамі, ніхто нічога не казаў, нават права на званок родным не было. У СІЗА было яшчэ горш: памяшканне метр на метр, лямпачка пасярэдзіне, шмат людзей і кожны чакае сваёй чаргі. Гадзіны чатыры там правялі. Думалі, што ўсё вось-вось скончыцца.

Што адчувалі вы, калі пасля суду вы патрапілі ў турму, а пасля ў калонію?

Сяргей: У турме персанал больш-менш, гэта значыць дзесьці падтрымаюць зняволеных. А ў рэжымнай калоніі усё па-іншаму. З асуджанымі не супрацоўнічаюць наогул нават у дробязях. Псіхалагічны ціск вельмі моцны. Не б'юць, не здзекуюцца, але размовамі дастаюць. Калі бачаць, што асуджанаму нешта не падабаецца і тое, і гэта – яго проста ізалююць, каб папярэдзіць бунт.

Што было самым цяжкім у зняволенні?

Аляксандр: Невядомасць палохала, мы не ведалі, што будзе далей. Мы месяц правялі з тэрмінам 14 гадоў. Нам далі яго па той прычыне, што справа набыла шырокую агалоску. З намі судзілі ўкраінца за правоз чыстага какаіну – яму далі пяць гадоў, а нам – 14. Суд пасля перагледзеў і пакінуў нам 9 гадоў, і надзея на вызваленне рассыпалася ўшчэнт.

ПАДТРЫМКА Ў ТУРМЕ ВЕЛЬМІ ВАЖНАЯ. ТАБЕ ХТО-НЕБУДЗЬ ПЕРАДАСЦЬ ПРЫВІТАННЕ З ВОЛІ І ТЫДЗЕНЬ МОЖНА ШЧАСЛІВЫМ ХАДЗІЦЬ!

Як паставіліся да вашага арышту сябры і блізкія?

Аляксандр: На самай справе маральна падтрымлівалі адзінкі. Пасля таго, як нас арыштавалі, усе неяк адразу сышлі ў свае праблемы. У асноўным даводзілася разлічваць толькі на падтрымку блізкіх і родных – яны змагаліся за нас, падключылі СМІ. Падтрымка ў турме вельмі важная. Табе хто-небудзь перадасць прывітанне з волі і тыдзень можна шчаслівым хадзіць!

Сяргей: З некаторымі сябрамі я бачыўся пасля вызвалення. Многія плакалі, калі мяне ўбачылі – вельмі ўзрадаваліся.

З кім вы кантактавалі ў турме?


Сяргей:
За розныя артыкулы сядзяць людзі. Былі арыштаваныя і за асабліва цяжкія злачынствы. Людзі дзеляцца сваёй бядой. Вы не думайце, што ў турме толькі гвалтаўнікі і забойцы – шмат людзей з рознымі сітуацыямі. У турме вельмі важная падтрымка. Без нейкай ўзаемнай падтрымкі можна звар’яцець.

Аляксандр: Людзі сапраўды разнапланавыя цалкам. Там мала пісьменных людзей, мала інтэлектуальна-развітых. Бачыш часам таленавітых людзей, і як правіла, турэмны ніз збіраецца вакол іх. Нават трапляліся людзі, блізкія табе па інтарэсах. Вось з імі пачынаеш размаўляць.

У БЕЛАРУСІ ПА ЧУТКАХ БОЛЬШ ЖОРСТКІЯ ЎМОВЫ – НЕЛЬГА КАРЫСТАЦЦА МАБІЛЬНЫМ ТЭЛЕФОНАМ, А Ў РАСІІ МОЖНА БЫЛО ЗНАЙСЦІ ШЛЯХІ АБЫЙСЦІ ГЭТУ ЗАБАРОНУ

Гэта значыць, у турме не так страшна, як паказваюць у фільмах?


Аляксандр:
Можа, дзесьці турма смяротна страшная, але ў мяне было цярпіма. Да ўсяго прывыкаеш, да людзей і пачынаеш бачыць у іх не зэкаў, а людзей. Адзінае, пра што я прасіў сваіх бацькоў – каб яны не глядзелі сучасныя серыялы аб турмах, каб іх не палохаць. Адносна таго, дзе сядзеў я, і якія даходзяць чуткі, як сядзяць у Беларусі і кажуць, што там наогул дрэнь. Але гэта зноў такі – чуткі. У Расіі кажуць, што ў беларускай турме няма стабільнасці - сёння ўсё нармальна, а заўтра – зайшлі ў масках і пераламалі ўсіх. У Расіі такога не было. Зноў жа ў Беларусі па чутках больш жорсткія ўмовы – нельга карыстацца мабільным тэлефонам, патэлефанаваць родным, а ў Расіі можна было знайсці шляхі, каб абыйсці гэту забарону.

Ці ведалі вы, што рабілася ў Беларусі гэтыя пяць гадоў?

Аляксандр: Было вельмі мала інфармацыі пра Беларусь.

Сяргей: Ведаем, што былі выбары, што быў выбух. Адрывістыя веды нейкія.

У НАС БЫЎ БАРАК, ДЗЕ МОЖНА БЫЛО КАРЫСТАЦЦА ЭЛЕКТРОННАЙ КНІГАЙ, ФІЛЬМ ПАГЛЯДЗЕЦЬ ЦІ МУЗЫКУ ПАСЛУХАЦЬ

Чым займаліся ў турме?

Сяргей: Я працаваў, таму што ў атрадзе было тужліва і важна было чымсьці заняцца. Збіраў аўтакрэслы, рамантаваў швейныя машынкі. На працы абстрагуешся. Заробак – 500 рублёў у месяц. Гэта капейкі па расійскіх мерках. Кніжкі чыталі, там усе іх чытаюць. Многія спортам займаюцца, у самадзейнасці ўдзельнічаюць. Ёсць нават пакой псіхалагічнай разгрузкі – там вольнага ўзору канапы, тэлевізар – сядзіш адпачываеш пэўны час.

Аляксандр: У нас нават быў барак палегчанага ўтрымання, дзе можна было карыстацца электроннай кнігай, нават фільм паглядзець ці музыку паслухаць. Запісваў сякія-такія свае думкі, развагі. Магчыма, праз гады тры выдам кнігу.

САМАЕ СТРАШНАЕ Ў ТУРМЕ – ЗУБНЫ БОЛЬ. ЛЮДЗІ ЛЫЖКАМІ ЗУБЫ ВЫБІВАЛІ, КАБ АД БОЛЮ ПАЗБАВІЦЦА

Чаго не хапала ў турме?


Сяргей:
Больш за ўсё родных хацелася ўбачыць. І ў ваннай паваляцца - я як прыйшоў дадому ў ванную адразу залез. Марыў пра гэта проста! Ледзь выгналі мяне адтуль. Родных ўбачыў, пляменнікаў. Былі маленькімі, а цяпер Шкет вышэйшы за мяне. Старасць адчуваю.

Аляксандр: Зубнога лекара! Самае страшнае ў турме – зубны боль. Я нават бачыў, як людзі лыжкамі зубы выбівалі, каб ад гэтага пякельнага болю пазбавіцца. Лекар прыедзе ці не прыедзе - невядома, а да яго чаргу заўсёды. Пломбы за месяц выляталі.

Якім чынам вы даведаліся, што вас памілавалі?

Аляксандр: Раніцай па тэлевізары паказалі ўказ, і хтосьці з хлопцаў з калоніі сказаў, што ўбачыў маё прозвішча. Паверыў, калі на свае вочы ўбачыў і заскакаў ад шчасця. Шмат хто ў калоніі прыходзіў, казаў: “Дай я за цябе патрымаюся, ты фартовы”. Тое, што паміж указам аб памілаванні і самім вызваленнем прайшоў час мяне не бянтэжыла – я і тыдзень гатовы быў пачакаць, хоць я жыў у чаканні таго, што я вось-вось буду вольны.

Сяргей: Я прыйшоў з працы, прылёг адпачыць. Мяне соннага паднімаюць і вядуць у “дзяжурцы” падпісваць нейкія паперы. Я вярнуўся, зноў лёг спаць, а мяне зноў паднімаюць, кажуць - збірайся на выхад! Уся калонія на вушах стаіць. І вось я ўжо ў касцюме іду на волю, а хлопцы з калоніі віншуюць, пытаюцца: “Сяргей, гэта сур'ёзна?”. Вызвалілі ў адзін дзень.

ЦЭНЫ ПРОСТА ГІГАНЦКІЯ. ФАНТА КАШТУЕ 5700 РУБЛЁЎ

Што больш за ўсё ўразіла, калі выйшлі з турмы?

Сяргей: Цэны проста гіганцкія. Фанта каштуе 5700 рублёў. Гэта ж колькі трэба зарабляць, каб палову літра фанты купіць?

Чым плануеце займацца ў будучыні?

Аляксандр: Я думаю давучыцца. Я вучуся ў Маскве на юрыста. Спадзяюся, у мяне атрымаецца неяк паўплываць на сістэму, каб такіх памылак як з намі не было.

Сяргей: Знайсці працу – без яе ніяк.


Жыхары Баранавічаў Сяргей Лагун і Аляксандр Чачураў у 2007 годзе былі асуджаныя ў Маскве "за кантрабанду псіхатропных рэчываў" да 14 гадоў зняволення. Хлопцы прывезлі па замове супрацоўніка Федэральнай службы наркакантролю 100 пачак таблетак “Тусал”, якія ўтрымліваюць псіхатропнае рэчыва ў малых дозах. У канцы 2007 года Маскоўскі суд знізіў беларусам тэрмін да 9 гадоў зняволення. Аляксандр Чачураў і Сяргей Лагун адбылі 5 гадоў зняволення, пакуль сваім указам расійскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін не памілаваў беларусаў. Зараз Сяргею Лагуну — 27 гадоў, Аляксандру Чачураву — 26.