Каб адкрыць свой сайт, Антон Сурапін прадаў бацькаву машыну

120717 Marcin_Surapin.mp3

“У двух словах: просты і шчыры хлопец. Ніколі не адмовіць у дапамозе, калі папрасіць. Хацеў паступіць на бюджэт, але камісія “залажала” яго публікацыі. У выніку вучыцца на платным, грошы ўзяў у крэдыт… Вельмі хоча і любіць працаваць, калі нешта здараецца ў Мінску — адпросіцца з усіх пар і паедзе здымаць”, — пра Антона Сурапіна распавядае яго аднакурснік Павел Дзявятаў.

Чацвёрты дзень Антон нічога не здымае. 13 ліпеня ён затрыманы супрацоўнікамі КДБ.

Пра тое, што ў 2010-м Антон прадаў татаву машыну, каб набыць прафесійны фотаапарат, бацькі зараз не шкадуюць. Кажуць, што ніколі не будуць адгаворваць сына ад абранай прафесіі.

“Ён хацеў быць праграмістам. Але за паўгода памяняў рэпетытараў і сказаў: “Мама, я хачу вучыцца на журналіста”. Я адказала: “Грошай я табе даваць не магу. Ты мусіш выбраць тую прафесію, на якую захочаш”, — распавядае Еўрарадыё маці Антона.

Калегі кажуць, што геніяльных здымкаў за аўтарствам Сурапіна не памятаюць. Але ён лёгкі на пад’ём і вельмі працаздольны. Працуе хутка, і ў гэтым яго галоўны плюс.

“Ён ніколі не хацеў быць фатографам, — распавядае Сяргей Ягела, калега Сурапіна па bnp.by. — Хацеў адкрыць гэты праект і быць галоўным рэдактарам. А чаму ён фатограф? Ды проста не хапае людзей здымаць усё”.

Першы фотарэпартаж Антона Сурапіна прыпадае на... 19 снежня 2010 года. На журфаку ў Антона шмат сяброў. Але пасля фотак з Плошчы рэпутацыя хлопца пачынае хістацца:

“Там былі здымкі, а побач з імі напісана, што не так у нашай краіне ўсё дрэнна. І тое, што столькі людзей прыйшло на Плошчу Незалежнасці, палова з якіх быдла, гэта незразумела. І ўвогуле, навошта хадзіць на такія мітынгі... На факультэце гэтага не зразумелі і пачалі крыўдзіцца на яго. А пасля пара чалавек нават вырашыла сабрацца на пятым паверсе і “пагутарыць” з ім. Не буду называць прозвішчы”, — распавядае Аліна Касель, сяброўка Антона Сурапіна.

Хутка хлопец выдаляе з-пад рэпартажа больш за сотню каментароў і нават карэктуе тэксты, што суправаджаюць фота. Сябры гавораць, што цяпер Антон апалітычны.

Сяргей Ягела: “Калі мы пачыналі, ён быў такі, ідэйны. “За Беларусь”. Але пасля я “ўбіў яму ў галаву”, што трэба быць аб’ектыўным. Так бы мовіць, апалітычным у сэнсе журналістыкі. І ён такім зрабіўся”.

Сайт bnp.by Антон хацеў зрабіць цалкам нейтральным. Гэта значыць, публікаваць на ім рэпартажы і з апазіцыйных мітынгаў, і з дзяржаўных ідэалагічных мерапрыемстваў.

“Ён шмат усміхаецца. Калі мы сустракаемся ў інстытуце, заўжды прыдумляем нейкія жарты, — працягвае Аліна. — У гэтую сесію дапамог мне зрабіць адну лабараторную працу… Вядома, я яму вінная за гэта два фотарэпартажы, але… Ён сапраўды заўжды дапаможа, калі трэба”.

Сяргей Ягела прапануе мне паспрачацца, што Сурапін у турме КДБ не "зламаецца".

Сяргей Ягела: “Тут справа не ў яго фізічнай моцы, а ў яго духу. Ён вельмі любіць сваю справу, журналістыку. І ён не зламаецца, не будзе казаць таго, чаго не было…”

Фота: vk.com.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі