Інвестар з Амана не можа наважыцца на будаўніцтва ў цэнтры Мінска

Ці будзе нешта будаваць інвестар з Амана на перададзеным яму кавалку зямлі ў цэнтры Мінска, дагэтуль невядома. Не выключана, што праз эканамічныя праблемы ў Беларусі і свеце праект “замарозяць”. Пра гэта Еўрарадыё распавядае кіраўнік замежнага таварыства з абмежаванай адказнасцю “Орел Пропетиз четыре” Рыгор Гарбузаў.

Гарбузаў: “Па-ранейшаму ідуць перамовы паміж інвестарам і горадам. Усё ж такі, рызыкі эканомікі Беларусі і наступствы крызісу іх хвалююць. Таму — усё можа быць. Ідуць перамовы, і пакуль нічога канкрэтнага заявіць не можам”.

Нагадаю, у 2010 годзе кавалак зямлі ў межах вуліц Купалы — Багдановіча — рака Свіслач перадалі інвестару ў прыватную ўласнасць паводле ўказу кіраўніка краіны. Зямлю набыло таварыства “Орел Пропетиз четыре”, якое з дапамогай Дзяржаўнага генеральнага рэзервовага фонду Султаната Аман планавала будаваць тут шматфункцыйны комплекс. У яго мусілі ўвайсці гатэль, бізнэс-цэнтр, гандлёвыя кропкі, дамы элітнага жытла.

У снежні 2011 года кіраўніцтва аманскага фонду папрасіла ў Мінгарвыканкама на паўгода адтэрмінаваць пачатак рэалізацыі праекта. Аманцы казалі, што ім трэба ўзгадніць свае пазіцыі з партнёрамі, якія займаюцца фінансваннем праекта. Час мінуў, але і дагэтуль перамовы працягваюцца: інвестар вагаецца, ці брацца за рэалізацыю праекта.

Па словах Рыгора Гарбузава, калі аманцы вырашаць адмовіцца ад праекта, зямлю ў цэнтры сталіцы, найхутчэй, вернуць Мінгарвыканкаму. Між тым, 2-і гарадскі клінічны шпіталь, які разам з зямлёй перадаваўся інвестару, пераехаў ужо ў новы будынак, выстаўны цэнтр “БелЭкспа” атрымаў загад быць гатовым да пераезду. Яму вылучылі пад новы будынак зямлю непадалёк ад кальцавой.

Фота — marsorokina.livejournal.com, charter97.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі