Хто з сілавікоў бліжэйшы да Лукашэнкі?

На нарадзе па пытаннях энергетыкі кіраўнік КДБ сядзеў далей ад Аляксандра Лукашэнкі, чым кіраўнік Аперацыйна-аналітычнага цэнтра. Чарговы раўнд супрацьстаяння паміж сілавікамі скончыўся не на карысць былога фаварыта?

16 красавіка 2013 года

На фота начальнік усемагутнага Аператыўна-аналітычным цэнтра, палкоўнік Сяргей Шпягун сядзіць трэцім ад Аляксандра Лукашэнкі. І толькі за ім — колішні начальнік ААЦ, генерал-маёр(!) Валерый Вакульчык, якога спачатку перавялі кіраваць Следчым камітэтам, а пасля “перакінулі” на КДБ!

Беларускія сілавікі адчайна канкуруюць паміж сабой і з іншымі чыноўнікамі за ўвагу кіраўніцтва краіны. Еўрарадыё заўважае, што яны ўвесь час перасядаюць за прэзідэнцкім сталом. Паспрабуем па гэтых перамяшчэннях разабрацца ў іерархіі дзяржслужбоўцаў.

12 красавіка 2013 года

Вось фота з нарады па наступствах паводкі. Нарада прайшла 12 красавіка. Дзяржсакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў звычайна сядзіць першым па правую руку ад Аляксандра Лукашэнкі. Але тут ён перасеў лявей і апынуўся за кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Андрэем Кабяковым.

Дарэчы, Кабякоў сядзіць леваруч ад Аляксандра Лукашэнкі і на першым фота. А на месцы Мальцава сядзіць колішні памошнік Аляксандра Лукашэнкі, віцэ-прэм'ер Анатоль Калінін.

4 красавіка 2013 года

На нарадзе аб утварэнні Дзяржаўнай службы судовых экспертыз Мальцаў сядзіць на сваім звычайным месцы. А генерал Вакульчык… Яшчэ далей, чым на фота, з якога мы пачыналі! Ён шосты злева ад Лукашэнкі. З людзей пры пагонах перад ім — генпракурор Аляксандр Канюк.

2 лютага 2013 года

А на нарадзе па ахове дзяржаўнай мяжы Калінін зноў "перасаджвае" Мальцава на іншы бок стала. Атрымліваецца, віцэ-прэм'ер і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта маюць больш палітычнай вагі, чым дзяржсакратар Савета бяспекі.

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч — наступны чалавек на фота пасля Калініна — сядзіць бліжэй за міністра абароны Юрыя Жадобіна. Хаця, пытанне пра ахову мяжы, відавочна, больш тычыцца арміі, чым міліцыі.

Старшыня памежнага камітэта Аляксандр Баечка — за Жадобіным. Што паробіш, субардынацыя! Год таму ўсё было зусім інакш, але пра гэта крыху пазней.

Старшыня КДБ Вакульчык на гэтым фота пяты ад Лукашэнкі. Перад ім, акрамя Мальцава, апынуўся (зноў!) Аляксандр Канюк, міністр замежных спраў Уладзімір Макей і памочнік прэзідэнта па нацыянальнай бяспецы Віктар Лукашэнка.

 

28 лютага 2012 года

Год таму на аналагічнай нарадзе цяпер ужо экс-старшыня памежнага камітэта Ігар Рачкоўскі сядзіць першым па правую руку ад Лукашэнкі! А міністр абароны сціпла месціцца за ім!

Наступны чалавек на гэтым фота — Анатоль Куляшоў, які тады быў міністрам унутраных спраў. За ім — Вадзім Зайцаў, экс-старшыня КДБ. Увага! Год таму галоўны чэкіст сядзеў на адным баку з іншымі сілавікамі! З прыходам на гэтую пасаду Вадзіма Вакульчыка “наседжанае” месца губляецца…

А вось Ігар Шуневіч сядзіць там жа, дзе яго папярэднік.

9 лістапада 2012 года

Восенню 2012 года Лукашэнка праводзіў нараду па працы КДБ. Ігар Шуневіч і Юрый Жадобін тут у сваім звычайным парадку. Звернем увагу на Віктара Лукашэнку. На падобных нарадах ён заўжды сядзіць па левую руку ад бацькі. Не вельмі блізка — але і не так далёка, як кіраўнік КДБ. У СМІ Валерыя Вакульчыка часта называлі “правай рукой Віктара Лукашэнкі”. Можа, таму ён і апынуўся на іншым баку “барыкадаў”?

 

26 ліпеня 2012

На нарадзе па “цацачным дэсанце”, што адбылася 26 ліпеня 2012 года, Лукашэнка паабяцаў пакараць вінаватых у парушэнні дзяржаўнай мяжы. Згубілі пасады ці атрымалі вымовы ўсе, каго вы бачыце на гэтым здымку. Акрамя міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча! Сапраўды патрэбны і непатапляльны міністр, пасунуць якога можа толькі… Генеральны пракурор!

9 лістапада 2012 года

Вяртаемся на восеньскую нараду па КДБ. Месцу пад сонцам, якое займае генпракурор, можна толькі пазайздросціць. Тут Канюк зноў другі чалавек пасля Мальцава па левую руку ад Аляксандра Лукашэнкі.

12 чэрвеня 2012 года

Ён застаецца з Мальцавым нават тады, калі той перасядае на іншы бок стала. Адсоўвае міністра ўнутраных спраў:

12 чэрвеня 2012 года

Капаць далей не мае сэнсу: апарат сілавікоў увесь час змяняецца. На ранейшых здымках можна ўбачыць людзей, якія даўно згубілі ўплыў. Тут і па фотках гадаць не трэба!

Падсумуем:

Пасля таго, як замест Вадзіма Зайцава старшынёй КДБ прызначылі Валерыя Вакульчыка, чэкісты памянялі бок прэзідэнцкага стала і згубілі некалькі месцаў за ім;

Дзяржсакратар Савета бяспекі Леанід Мальцаў сядзіць побач з Аляксандрам Лукашэнкам, ён самы ўплывовы з сілавікоў;

Генпракурор Аляксандр Канюк амаль заўжды сядае побач з Леанідам Мальцавым, такім чынам апынаючыся другім ці трэцім ад пачатку стала;

Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч захаваў уплыў свайго папярэдніка Анатоля Куляшова і сядзіць на “сілавым” баку стала перад Міністрам абароны;

Пакуль старшынёй памежнага камітэта быў Ігар Рачкоўскі, міністр абароны сядзеў за ім. Цяпер жа Юрый Жадобін “адваяваў” месца ў Аляксандра Баечкі;

Пасунуцца падалей ад Аляксандра Лукашэнкі сілавікоў прымушаюць віцэ-прэм’ер і кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта;

Прэм’ера Міхаіла Мясніковіча на нарадах па “сілавых” пытаннях мы не знайшлі ніводнага разу.

Фота: БелТА.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі