Хто ў Беларусі можа набыць кватэру па 520 долараў за квадрат?

Чыноўнікі рапартуюць: сярэдні кошт квадратнага метра жылля ў Беларусі наблізіўся да… сярэдняга заробку. Вось вам адказ на пытанне аб даступнасці жылля. У 2010 годзе можна было купіць кватэру коштам 520 долараў за квадрат. Пра гэта гаворыць начальнік упраўлення будаўніцтва Міністэрства архітэктуры Аляксандр Горваль.


"Задача стаіць у тым, каб кошт жылля не перавышаў тэмпы інфляцыі, росту кошту будматэрыялаў, тэмпы росту заробку. Па выніках 2010 года сярэдні кошт квадратнага метра жылля тыповых якасцяў у буйна панэльным выкананні склаў каля 1 мільёна 600 тысяч за квадратны метр".


Еўрарадыё вырашыла знайсці кватэры па такой цане і перш-наперш звярнулася да рыэлтараў. "Мабыць, за такія грошы меліся на ўвазе кватэры на вёсцы ці ў малых гарадах?" — здзівіліся ў агенцтве "Сільван".


"У Мінску кошт гатовага жылля ў сярэднім 1200, "далёўка" набіраецца за 1000-1050, гатовае можна набыць за 1200-1250".


Раптам рыэлтары шмат наварваюць на коштах, падумалі мы і вырашылі звярнуцца наўпрост да забудоўшчыкаў.


"Да пачатку праблемаў з банкамі, калі долар можна было купіць і прадаць, кошты былі ў раёне 4 мільёнаў", — патлумачылі ў кампаніі "СІ-трэйдынг".


Але нягледзячы на кошт вышэйшы у 2,5 разы за той, пра які кажуць у Мінархітэктуры, попыт на кватэры ёсць:
"У нас ажыятаж: калі мы зробім 3 млн 500, то заўтра ўжо нічога не будзе".


А вось начальнік упраўлення будаўніцтва Гродзенскага аблвыканкама Казімір Гецэвіч сапраўды пацвярджае Еўрарадыё, што квадрат у абласным цэнтры каштуе 1 мільён 332 тысяч у панэльных дамах, а ў цагляна-блочных — 1 мільён 659 тысяч. Але ж гэта сярэдні кошт сацыяльнага жылля, а не сярэдні па краіне.


Начальнік Упраўлення жыллёвага будаўніцтва Мінгарвыканкама Алена Пяхота тлумачыць, хто можа прэтэндаваць на такое жыллё.


"Гэты кошт выкарыстоўваецца для вызначэння ільготнага крэдыту ці аднаразовай дармавой субсідыі. Гэта тыя людзі, якія стаяць у чарзе адміністрацыі раёнаў. Трэба, каб там, дзе вы пражываеце, было меней за 15 метраў агульнай плошчы на чалавека".


Сацыяльнае жыллё можа атрымаць той, хто мае патрэбу, а для гэтага ў аднапакаёвай кватэры мусіць жыць 3 ці больш дарослыя чалавекі. Тады нехта з іх мае права на таннае жыллё. А каб яго атрымаць, давядзецца пастаяць у чарзе каля 20 год.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі