Hair Peace Salon: "Усё нармальна. Як звычайна. На чацвёрачку"

121012_ma6a_hps.mp3

Hair Peace Salon зладзілі вялікі восеньскі канцэрт.
Прэзентавалі альбом “Gentlеman”, новую кампазіцыю ў дуэце з Ірэнай Катвіцкай ды
парадавалі прыхільнікаў старымі і любімымі песнямі. Падчас выступу музыкаў
Еўрарадыё мучыла два пытанні. Першае: ці мусяць джэнтэльмены, што граюць дабраякасны,
інтэлігентны і празрысты рок, імкнуцца здзіўляць публіку нечым яшчэ, апроч
музыкі? І
другое: на што могуць разлічваць беларускія англамоўныя рок-гурты, граючы рэдка і ў Беларусі?

Разабрацца ў сітуацыі з канцэртам вызваўся Андрэй
Сцепанец
—  студэнт БДУ і актыўны
наведвальнік сайту Experty by. Андрэй прызнаецца, што з творчасцю HPS
пазнаёміўся дзякуючы альбому “Gentlеman”. Пласцінку паслухаў. Ацаніў не вельмі
высока. Але прыйшоў усё ж расслухаць музыку гурта, тым больш канцэрт бясплатны.

“Мне падаецца, што выхад на сцэну артыстаў быў
занадта хатнім,
—  аналізуе з’яўленне HPS
Андрэй
. —  То бок, яны не выйшлі, як тыя
ж The Toobes, з крыкам ці з гвалтам. Ці, напрыклад, як Akute —  калі яны выходзяць і нешта моцнае даецца
адразу. А тут зараз, падаецца, гэта было ні як адкрыццё канцэрту, а нешта
кшталту “дзякуй, што прыйшлі”.

Зразумела, што Hair Peace Salon —  не “Тубсы”. І мэты ў музыкаў розныя: Hair
Peace Salon
не мараць пра глабальную папулярнасць, The Toobes жа, наадварот,
заваёўваюць усё новыя і новыя гарызонты. Да таго ж і музыка гуртоў, нягледзячы
на англамоўнасць, арыентавана на рознага гледача і мае розны энергетычны пасыл:
улагодзіць і ўзарваць адпаведна.

“Гэтыя парасоны, што ляжаць на сцэне, —  гэта вельмі цудоўна, — працягвае Андрэй
Сцепанец
. —  І, напэўна, трэба зладзіць з
імі нейкі перфоманс. Бо, як я адчуваю, гэта крыху песімістычная музыка, якая
вымагае пэўнага стану душы. І, напэўна, трэба было, схаваўшыся, выйсці з гэтымі
парасонамі, каб глядач сачыў за артыстам”.


Так, чорныя парасоны ўпрыгожвалі сцэну. І сапраўды,
хацелася, каб музыкі кінулі свае інструменты, раскрылі парасоны і затанчылі, і
гэтым самым зрабілі атмасферу канцэрту больш разняволенай. Дарэчы, сітуацыю з
аднастайнасцю —  добра выкананы прыгожы
брыт-рок на фоне цікавага відэашэрагу — 
выратаваў беларускамоўны блок праграмы. Яго распачала Ірэна Катвіцкая,
якая праспявала сольна беларускую народную баладу пра каханне. А потым была
сумесная “Гарэла сасна”, “Цянькі”, “Студзень” і выдатная беларуская мова Канстанціна Кармана-канферанс'е.

“Мне падаецца, што, як яны сёння аб’яўлялі сваю
праграму, гэта нешта элегантнае, нешта чыстае,
—  распавядае пра сваё бачанне Hair Peace Salon
Ірэна
. —  Гэта джэнтэльмены нашай
беларускай сцэны, і іх вытанчанасць мне вельмі даспадобы”.

Самі музыкі, якія адыгралі фактычна двухгадзінны
канцэрт, кажуць, што рыхтавалі “шоў” у апошні дзень і што шмат чаго не ўлічылі.
І што будуць выпраўляць памылкі, якія, дарэчы, адсочаць па відэа, што здымалася
цягам выступу гурта. І што хацелі прапанаваць публіцы “пасушыць парасоны” і
зладзіць "амбрэла-паці", але дажджу не было. Але атрымалася ўсё роўна “ўсё
нармальна… як звычайна… на чацвёрачку…”


Наша другое пытанне знайшло катэгарычны адказ Марыны, якая не
ўпершыню наведвае бясплатныя канцэрты англамоўных гуртоў у “Рэпабліку”.

Марына: “Па-ангельску трэба спяваць у Англіі,
па-нямецку —  у Германіі. А ў нас, калі
ласка, спявайце па-руску, ці, на крайняк, па-беларуску. А так, гурты
малавядомыя, песні аднастайныя. Яны не кепскія — не, вядома ж, але аднастайныя.
Вось тут ужо былі бясплатныя канцэрты, дзе выступалі падобныя гурты, што граюць
нешта падобнае на брытанскі рок —  яны
нічым не адрозніваюцца, штампуюць адно і тое ж. Хацелася б разынкі нейкай. Тады
былі б і платныя канцэрты, і было б шмат людзей, і ўсе б былі задаволеныя”.


З Марынай, безумоўна, можна паспрачацца. Але ў любым выпадку, як кажа Сяргей Пукст, проста добрай музыкай зараз
нікога не здзівіць. Часам джэнтэльменам патрэбны фракі і кацялкі.

P.S. Спампаваць альбом “Gentlеman” можна тут. Еўрарадыё ён вельмі спадабаўся.