Гурт The UNB на пару гадзін вырас з трыа да септэту

120116 Malina UNB_0.mp3

У Беларусі цяжка дакладна вызначыцца, які канцэрт называць масавым, а які канцэртам з дрэннай наведвальнасцю. У нас толькі некалькі гуртоў здольныя збіраць пляцоўкі на некалькі тысяч. Ну, гэта калі казаць толькі пра нашых музыкаў, а не замежнікаў. Дык вось, 200-300 чалавек на канцэрце-салянцы, дзе 2-3 гурты добра вядомыя моладзі, і лічыцца, што мерапрыемства атрымалася. А калі на сольнік прыйшло столькі прыхільнікаў, то гэта ўвогуле поспех.

Вось такім абсалютна нечаканым "поспехам" і стала святкаванне 28-годдзя гурта The UNB. На іх сольны выступ у Re:Public разам з запрошанымі гасцямі прыйшло больш за 300 чалавек. Гэта пры тым, што The UNB вядомыя, як гурт-рэкардсмен, які выдаў 105 альбомаў. Праўда, што знаходзіцца на гэтых дысках мала хто ведае.

"Я ведаю на пачатку 90-х гэта былі адны з пачынальнікаў беларускага року, - узгадвае трубач "Крамбамбулі" ды "Йо-Йо" Радаслаў Сасноўцаў, які быў запрошаны на дапамогу The UNB на канцэрце. - Прайшоў час, яны кудысьці зніклі... і тут мне прапанавалі пайграць. Я напачатку падумаў: "Бог яго ведае, што за гурт!". Потым прыйшоў на рэпетыцыю і зразумеў, што я іх ведаю: "Гэта ж легендарны гурт! Супер, я з ім пайграю, цудоўна!".

Адмыслова для канцэрта трыа запрасіла дадатковых музыкаў: духавую секцыю, клавішы ды другую гітару. Зрабілі гэта, каб максімальна наблізіць жывы выступ да запісаў на альбомах. І варта адзначыць, што не дарма. Пашыраны склад з'явіўся на сцэне прыкладна праз гадзіну пасля пачатка. Як пажартаваў адзін з арганізатараў канцэрту Павел Юрцэвіч, гурт The UNB разагравала трыа The UNB.

Калі выйшлі дадатковыя музыкі, гурт загучаў зусім па-іншаму, ён пачаў "качаць", гэта было заўважна па рухах на танцполе.

"Ну, гэта клёва, мне падаецца, - дзеліцца ўражаннямі запрошаны ў якасці клавішніка экс-музыка Neuro Dubel Макс Івашын. - Мне падаецца, народу спадабалася, ды і мы зрабілі не самую дрэнную працу. Тут як гоншчык "Формулы 1" дзякуе сваёй камандзе, так і мы кажам дзякуй творчаму аб'яднанню "Осмас" за ідэю. Мы людзі нявольныя, ва ўсялякім выпадку, я сябе крыху такім адчуваю, але гэта прыемнае рабства".

Але, як высветлілася, не ўсім прысутным спадабалася такая змена складу.

"Энергетыка дадаецца, безумоўна дадаецца моц, - каментуе гітарыст арыгінальнага складу "Ы.Ы.Ы." Артур Гапановіч, які не так даўно зацікавіўся творчасцю The UNB. - Але я гляджу з боку гурта, і лічу, што ім гэта не трэба. Духавыя інструменты вельмі тонкія і вельмі моцныя, трубы робяць сваю справу, але тут каб не было перабору. Яны сфармавалі склад з трох чалавек. І асабіста на мой погляд, яны дарма прыбралі клавішы".

Музыкі выконвалі свае лепшыя песні цягам больш чым 2-х з паловай гадзін. Іх тройчы выклікалі на біс. Пасля апошняга выхаду UNB прызналіся, што больш не памятаюць песень. Гледзячы па тым, што з залы перасталі выкрыкваць назвы улюбёных песень, якія яшчэ не прагучалі, наведвальнікі таксама больш песень не памяталі. А значыць, усе разыходзіліся задаволенымі.

"Добры канцэрт, але ў асноўным мы будзем граць утраіх, - абвяргае спадзяванні прыхільнікаў лідар The UNB Змітер Дольнік адразу пасля выступу. - Калісьці можна рабіць і такія, пашыраныя рэчы. Гэта не значыць, што гэта апошні канцэрт у пашыраным складзе, але гэта і не значыць, што грошы мы будзем дзяліць на семярых, а не на траіх (смяецца). Агулам, мне спадабалася".


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі