Гурт "Пикник" распавёў пра свае "30 световых лет"

120123 Malina Piknic.mp3

Сусветна вядомыя музыкі апошні год не вельмі шануюць нашу краіну. Затое расійскія рок-зоркі, асабліва старэйшага пакалення, з задавальненнем выступаюць у Мінску. І ўсё часцей адзначаюць у нас свае юбілеі. Чарговымі імяніннікамі, якія выступілі ў сталіцы, сталі музыкі гурта "Пикник".

Канцэрт пад назвай "30 световых лет" сабраў амаль поўную КЗ "Мінск". Большую частку наведвальнікаў склалі людзі, якія відавочна памятаюць гурт яшчэ на самым пачатку. Але было і шмат моладзі, што здзіўляла. І асноўныя хіты, кшталту "У шамана три руки", "Влюбленным вампиром", "Фиолетово-черный", "Серебра!", "Говорит и показывает" зала спявала хорам, не гледзячы на ўзрост.

Адмыслова для юбілею "Пикник" падрыхтаваў праграму сярод дэкарацый. Музыкі паспрабавалі ажывіць герояў сваіх песень. Час ад часу на сцэне з'яўляліся Гігант на хадулях, Лялька з чалавечым тварам, Шаман ды Срэбраны чалавек. З'яўленне гэтых персанажаў выклікала ў наведвальнікаў проста эмоцыяў, але так было толькі на пачатку. Справа ў тым, што ролі гэтых герояў, падавалася, выконваў адзін чалавек, і ніякіх асаблівых дзеяў з іх з'яўленнем на сцэне не адбывалася. Ну так! Выйшаў Шаман, паскакаў па сцэне, вынеслі ляльку, яна рукамі парухала і ўсё...

Самі ўдзельнікі гурта, як і заўсёды, за двухгадзінны канцэрт амаль не зрушылі са свайго месца, а таму большая частка выступу глядзелася вельмі стацыянарна. Праўда, варта дадаць, што музыкі ўвесь час выкарыстоўвалі розныя цікавыя, звонку нават дзіўныя інструменты. А ў спалучэнні з героямі гэта выглядала чароўна.

Бліжэй да канца канцэрта пад сцэну пачалі падцягвацца людзі, каб хоць трошкі парухацца. І дзіва: ніхто іх не спыняў і не спрабаваў усадзіць на месцы, таму апошнія песні амаль увесь КЗ "Мінск" стаяў.

Еўрарадыё трапіла на канцэрт гэтых легендаў рускага року ўпершыню, і было расчараванае такім выступам. А вось сапраўдных аматараў гурта, якія б да прыкладу, у гардэробе выказвалі падобнае меркаванне, мы не сустрэлі. Хіба, толькі падчас канцэрту на курылцы мужчыны крыўдавалі на сябра, які іх зацягнуў у канцэртную залу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі