Грыбалёва: Факт, што людзям трэба браць крэдыты на сшыткі, мяне засмучае

120829 Savich 6kola.mp3

Падарункі, хуткае афармленне, мінімум дакументаў і зніжкі працэнтных ставак прапаноўваюць банкі па “школьных крэдытах”, але бацькі не спяшаюцца браць грошы на “школу”, хоць для іх атрымання нічога акрамя пашпарту не трэба.

У “Абсалютбанку” збіраюць дзяцей ў школу акцыяй “Усё, як вы хацелі”.

“Можам крэдытаваць вас на суму да 8 мільёнаў. Дзіця ў пяты клас ідзе? Даем вам зніжку ў 7,5% ад агульных умоў! Працэнтная стаўка складае 45% і залежыць ад стаўкі рэфінансавання, але яна зніжаецца, таму і выплаты будуць зніжацца!”, — расказваюць у “Абсалютбанку”.

Дайце 8 мільёнаў! Знаёмая казала, што траіх дзяцей сабрала за шэсць мільёнаў і купіла толькі самае неабходнае.

Падбіваем сумы па крэдытах. Аказваецца, толькі за год карыстання крэдытам за ўзятыя максімальныя восем мільёнаў я пераплачу два з паловай! Нічога так сабе сабрала дзяцей у школу... У банку пацвярджаюць: школьныя крэдыты “карыстаюцца ўмераным попытам”.

“Не скажу, што школьныя крэдыты не бяруць, але, калі параўноўваць крэдыты “школьны” і “пенсійны”, дык “пенсійны” часцей бяруць. “Школьны” бяруць таксама, дакладна не ведаю, колькі, але калі арыентавацца па падарунках, што мы раздалі, дзесьці 150 чалавек з пачатку жніўня ўзялі крэдыт”, — распавядае маркетолаг МТБанку.

Банк прапаноўвае крэдыт “Школьная пара” пад 14,5% гадавых плюс адсоткі па камісіі. Да ўсяго гэтага дорыць крэдытную картку на мільён рублёў і заплечнік. Разам з кансультантам падлічваем, што ўзяўшы 8 мільёнаў крэдыту, праз год аддам 11! За пераплату ў тры мільёны можна было сабраць дзіця ў школу…

У Міжнародным Рэзервным Банку да навучальнага года дзейнічае акцыя для сем’яў з дзецьмі. Атрымліваеш крэдыт з 15% гадавымі плюс адсоткі па камісіі. Пераплата па такім крэдыце — 4 мільёны, але ў дадатак да ўсяго — падарунак!

“Усім сем’ям, дзе ёсць школьнікі, мы дорым дысконтную картку Еўраопта”, — кансультуе супрацоўніца банка.

Дысконтную картку за 10 тысяч рублёў пры пераплаце ў чатыры мільёны з паловай. Ці суцешыць такі падарунак?

Тэлефаную па іншых банках: школьныя крэдыты прапаноўваюць нямногія, часцей за ўсё, гэта проста спажывецкія экспрэс-крэдыты з нейкімі акцыямі ці зніжкамі. Для іх атрымання акрамя пашпарту амаль нічога не патрабуецца.

Цікаўлюся ў бацькоў, ці ўзялі б яны “школьны крэдыт” на пакупку рэчаў да школы, але і сталічныя бацькі, і бацькі з рэгіёнаў добра лічаць свае грошы:

Расказвае шматдзетная маці Святлана Русецкая з вёскі Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці:

“Мы самі, у нас трое школьнікаў, стараліся купляць рэчы ўсё лета. Але крэдыт браць… Там жа выплаты будуць вельмі высокія!”

Святлана заўважае, што больш за ўсё падчас збораў у школу яе здзівілі кошты на абутак і адзенне:

“Вельмі дорага!" 

Зорная маці Ларыса Грыбалёва збірае ў гэтым годзе дзяцей ў другі і трэці клас.

“Сыну трэба было памяняць ўсю школьную форму. А вось па канцтаварах сабрала толькі самае неабходнае — ў першыя вучэбныя дні многа не трэба, можна потым дакупіць”, — кажа спявачка, якая нядаўна размясціла на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы дэматыватар “Ганьба краіне, дзе трэба браць крэдыт, каб сабраць дзіця ў школу”.

“Тут не адкажаш адназначна, з аднаго боку, дзяржава падтрымлівае лінію паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі і павінна неяк іх забяспечваць. Але з іншага боку, так многа дармаедаў, якія дзетак нараджалі, а не забяспечваюць іх…. Вядома, той факт, што людзям прыходзіцца браць крэдыты на ежу, на сшыткі мяне вельмі засмучае”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі