Гарэлку прадаюць усё больш, але паводле статыстыкі беларусы яе не ўжываюць

120522 Nasta Alco.mp3

Еўрарадыё звярнула ўвагу, што згодна са статыстыкай на алкаголь у беларусаў ідзе ўсяго 2,4% ад усіх выдаткаў, а на харчаванне — ажно 45%. Паводле інфармацыі Белстату сярэднестатыстычная хатняя гаспадарка спажывае ў месяц тры мільёны.


Бярэм 2,4% ад трох мільёнаў, атрымліваем 72 тысячы. На гэтыя грошы ў месяц беларус можа выпіць тры бутэлькі гарэлкі, 8 бутэлек піва… А вось на нармальную бутэльку віна ўжо не хопіць.


Чаму ў такім выпадку спажыванне алкаголю ў Беларусі ўвесь час расце? За 16 гадоў беларусы сталі піць удвая больш, распавядае Еўрарадыё галоўны доктар Мінскага наркалагічнага дыспансеру Сяргей Малочка.


Сяргей Малочка: “З 1995 па 2011 год колькасць выпітага павялічылася з 6,5 літра на душу насельніцтва да 13,3 літра за год. Сусветная арганізацыя здароўя лічыць, што калі насельніцтва ўжывае больш за 8 літраў на чалавека — гэта пагражае краіне сур’ёзнымі, незваротнымі наступствамі”.


Доктар сцвярджае, што продаж алкаголю павялічваюцца ў тых самых прапорцыях. А ўжываюць беларусы пераважна моцныя алкагольныя напоі.

Існуе пералік прадуктаў (неабходны мінімум), які павінен спажываць у дзень жыхар Беларусі. Звяртаюся ў Міністэрства працы (менавіта яно зацвярджае спіс) і пытаюся, чаму ў гэтым спісе няма алкаголю.


“Гэта міжнародная практыка. Спажывецкі кошык — гэта рацыянальная спажыванне. Ніколі, ні ў адной, нават багатай краіне, не ўключаецца ні алкаголь, ні тытунь. Тут толькі тое, што рацыянальна, так бы мовіць, карысна для здароўя”, — кажа спецыяліст Людміла Сінюціна.


Дзяўчыну Дашу, якая жыве ў Мінску, на працягу цэлага года апытваў Белстат. У журнале, які ёй выдалі, яна мусіла падрабязна адзначаць, што купляла — нават самую дробязь, кшталту жэтонаў на метро. Але пра алкаголь, прызнаецца дзяўчына, часам казаць было сорамна.


Даша: “Так, там была асобная графа на алкагольныя і тытунёвыя вырабы. Але я сама магу вырашаць, як я буду выглядаць у вачах свайго статыстычнага кансультанта. І, канешне, калі там якая глабальная п’янка, то за гэта заўсёды сорамна. Калі я чакаю ў сябе дома 10 сяброў і купляю на іх 20 літраў піва, то будзе неяк не камільфо такое пісаць. Там жа не пазначыш побач, што гэта я не адна піла. Проста сорамна”.


Пытаюся Дашу, колькі алкаголю яна ўжывае насамрэч. Паводле разлікаў дзяўчыны нават “без фанатызму” на алкаголь ідзе адсоткаў 30% ад ежы.


Даша: “Не штодня гэта бывае, але некалькі разоў на тыдзень атрымліваецца “расслабіцца” — без фанатызму, натуральна. І калі я вырашаю, што сёння ў нас вячэра будзе з алкаголем, то ён будзе каштаваць прыкладна столькі ж, колькі і ежа на гэтую вячэру. Таму, я думаю, калі сістэматычна падлічваць, то, магчыма, адсоткаў 20-30 ад сродкаў, якія ідуць на харчаванне…”


Апошні раз склад спажывецкага кошыку пераглядалі ў 2009 годзе. Часцей не трэба, упэўненая спецыяліст Міністэрства працы Людміла Сінюціна:


“Навукоўцы высветлілі, што істотных зменаў у спажыванні насельніцтвам часцей за раз на пяць гадоў не адбываецца. Апошнім разам у спажывецкі кошык дадалі джынсы для жанчын, мужчынскія плашчы замянілі на курткі, а з бытавых прыбораў дадалі пральную машыну”.


Але крызіс усё ж такі ўнёс змены і ў харчаванне беларусаў. У параўнанні з 2010 годам ў месяц мы з’ядаем столькі ж ялавічыны, свініны, каўбасы і рыбы, не нашмат больш смятаны, малака і макарон і на 100 грамаў менш курыцы.

Даведка: У 2011 годзе продаж алкаголю павялічыўся ў 2 разы. Продаж гарэлкі ўзрос на 11,8%, піва — на 14%. Кожны 10-13 рубель сярэднестатыстычны беларус пакідае на прылаўку менавіта віна-гарэлачнага аддзелу.



Фота: www.onliner.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі