Гандляр з рынку “Дынама”: Адсюль пачынаўся ўвесь сталічны бізнэс

“Нам сказалі, што, напэўна, да Новага года… Месцаў мора, ідзі, працуй дзе хочаш. Столькі гандлёвых цэнтраў адкрыта ў горадзе”, — як адзін гавораць мне “дынамаўскія” гандляры.

121204_pilecki_dynama.mp3

Засталося іх зусім няшмат — 300 чалавек. Афіцыйная БелТА ўжо нават паспяшалася адрапартаваць аб пераводзе рынка са стадыёна “Дынама” ў Курасоўшчыну. Прадпрымальнікі пра гэта пакуль не чулі, ды і ехаць туды не збіраюцца. Гавораць, што месцаў для гандлю ў Мінску процьма.

Рынак на стадыёне “Дынама” з’явіўся да распаду СССР — у 1991 годзе. Гэта падаецца неверагодным, але тут яшчэ працуюць людзі, якія пачыналі цягаць у Мінск дублёнкі з Турцыі ў далукашэнкаўскія часы. Валянцін Казлоў цяпер гандлюе спартыўнай вопраткай “для хлопцаў з Шабаноў”. Расказвае, што некалі на “Дынама” немагчыма было нават праціснуцца.

“Тут я з 1994 года. Тады больш было прадпрымальнікаў. Тады адзін рынак быў — усе тут працавалі. А пасля раз’ехаліся. А было вельмі шмат гандляроў і пакупнікоў. У выходныя дні немагчыма было праціснуцца, прайсці нават немагчыма было”.

Неверагодна, але амаль дзесяць гадоў за ўваход на рынак… бралі грошы! Скончылася гэтая практыка толькі ў канцы 90-х. Кошты на білеты вагаліся — дакладна ўзгадаць іх не могуць нават старажылы. Аднак суму ў паўдолара называюць. Калі перанесці на кошты нашых часоў — будзе прыкладна паўтара. Амаль як у кіно схадзіць.

Асартымент на “Дынама” і цяпер той самы. Тавар возяць пераважна з Расіі. Валянцін расказвае, што на пачатку існавання рынка гандлявалі па-іншаму. Летам — лёгкімі кашулямі і красоўкамі, зімой – швэдрамі і цёплым абуткам. Асартымент у гандляроў быў амаль аднолькавы, а прывозілі яго не з Масквы ці Хмяльніцкага, а са Стамбула і Варшавы.

“З Турцыі тавар вазілі. З Польшчы таксама. Тады ў адным намёце быў розны тавар. Ралетаў яшчэ не было — толькі намёты. Дык вось тавар розны быў — можна было апрануцца з ног да галавы. Гэта цяпер хто што прадае — хто курткі, хто абутак”.

Пытаюся пра крымінал і шалёныя грошы. Байкі пра ліхія 90-я дагэтуль жывыя. Але гандляр мяне супакойвае — гэта не Масква, у Мінску ўсё было ціха і спакойна. А калі і здараліся нейкія “разборкі”, то гэта заставалася па-за ўвагай шырокіх колаў.

Валянцін расказвае Еўрарадыё, што грошай на рынку за гэтыя 20 гадоў асаблівых не зарабіў. Хоць і можна было.

“Я б не сказаў… Ну, напэўна, нехта і шмат зарабіў. Можна было зарабіць. У каго якія амбіцыі былі, той так і зарабіў”.

А амбіцыі былі шмат у каго. Мой суразмоўца пералічвае гандлёвыя цэнтры, дзе былыя “дынамаўскія” гандляры цяпер маюць крамы — “Няміга”, “Паркінг”, “Зеркало”. “Ды паўсюль, увесь бізнэс тут пачынаўся”, — з настальгіяй узгадвае гандляр.

На настальгію прабівае нават супрацоўніцаў адміністрацыі рынка, з якіх звычайна слова не выцягнеш. Бухгалтарка Наталля расказвае, што ў лепшыя часы на “Дынама” штодня гандлявала 5 тысяч чалавек. Месца для іх знаходзілася з цяжкасцю.

“У нас раней была і алея ўздоўж школы футбола цалкам занятая, і на пляцоўцы ўсё было занятае, дыспансерная алея на ўздыме ўздоўж Ульянаўскай вуліцы — усё было ў намётах. Дзе толькі было вольна, там стаяла гандлёвае месца”.

Такі вось забыты беларускі “Акропаліс” з апошнімі трыма сотнямі “спартанцаў”, якіх не палохае рэканструкцыя стадыёна. Яны толькі перабраліся на ніжнюю пляцоўку — падалей ад аварыйнага казырка. Па чутках, яго дэмантуюць першым. Што будзе з рынкам далей, не ведаюць нават у яго адміністрацыі.

“Тут я з 1994 года. Тады больш было прадпрымальнікаў. Тады адзін рынак быў — усе тут працавалі. А пасля раз’ехаліся. А было вельмі шмат гандляроў і пакупнікоў. У выходныя дні немагчыма было праціснуцца, прайсці нават немагчыма было”

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі