Галоўны “брыдкаслоў” краіны Павел Вінаградаў: 6 затрыманняў з пачатку года

12 верасня Павел Вінаградаў у шосты раз за 2012 год выходзіць з ізалятара на вуліцы Акрэсціна. З сабой актывіст дэмруху выносіць жудасны кашаль.

“Мяне сёлета затрымліваюць не часцей, чым раней. Але сутак “набегла” больш, бо раней часам адпускалі”, — з сумам прыгадвае былыя блаславёныя часы Павел Вінаградаў.

А ў 2012 годзе калі ўжо затрымліваюць, дык даюць суткі. Еўрарадыё склала мапу сёлетніх затрыманняў Паўла Вінаградава:

Карцінка ў большым памеры

1. 2011-12-30. Артыкул 17.1 (брудная лаянка), прысуд — 7 сутак. Паўла Вінаградава запрасілі ў РУУС Маскоўскага раёна на прафілактычную размову. Там жа склалі пратакол за нібыта лаянку побач з будынкам РУУС. Грушаўская, 9.

2. 2012-02-21. Артыкул 23.34 (несанкцыянаванае пікетаванне), прысуд — 10 сутак. Каля 18:00 Павел Вінаградаў знік недалёка ад чыгуначнага вакзала. “Знайшлі” яго ўжо ўночы, на Акрэсціна. Асуджаны за “цацачны” пікет.

3. 2012-03-02. Артыкул 17.1 (брудная лаянка), прысуд — 7 сутак. Павел Вінаградаў мусіў выйсці з Акрэсціна пасля папярэдняга арышту. Але ля ўвахода ў ізалятар яго не дачакаліся, хаця там паведамілі, што ён выйшаў у час. А абвінавацілі актывіста ў лаянцы зусім у іншым месцы — ля крамы “БазаР” у Малінаўцы.

4. 2012-04-25. Артыкул 17.1 (брудная лаянка), прысуд — 5 сутак. Паўла Вінаградава затрымалі ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі Маскоўскага раёна. Адтуль яго забралі супрацоўнікі Савецкага РУУС. Абвінавацілі ў тым, што лаяўся матам па дарозе ад аўтамабіля да дзвярэй Савецкага РУУС.

5. 2012-06-21. Артыкул 17.1 (брудная лаянка), прысуд — 15 сутак. Каля 21:30 затрыманы ў сябе дома. Абвінавачаны ў тым, што ў 13:00 таго ж дня брудна лаяўся ля дома па праспекце Пераможцаў, 3. У той жа дзень ізноў мусілі “мітынгаваць” цацкі.

6. 2012-09-07. Артыкул 17.1 (брудная лаянка), прысуд — 5 сутак. Затрыманы ў 7:05 у сябе дома, абвінавачаны ў тым, што лаяўся ля пад'езда ў 7:05.

Першае, што кідаецца ў вочы: розная колькасць сутак за аднолькавае парушэнне — брудную лаянку.

Павел Вінаградаў: “Прыкладна ў 70% выпадкаў, калі патрабуеш адваката, даюць плюс 5 сутак. Але матывы, з якіх даюць столькі ці столькі, хто гэта вырашае — я не ведаю. Ну вось, напрыклад, у апошні раз мая жонка была сведкай, і ў перадапошні раз жонка была сведкай. Перадапошні раз далі 15 сутак, апошні — 5”.

Апошнія два разы міліцыянты затрымлівалі Паўла Вінаградава дома (кропкі 5 і 6 на мапе). Зусім абленаваліся? Розніца хіба што ў тым, што першае з гэтых затрыманняў адбылося… праз 8 гадзінаў і за 3 кіламетры ад таго месца, дзе быццам бы лаяўся хлопец!

Павел Вінаградаў: “Спачатку ў пратаколе напісалі, што затрымалі мяне ўдзень на праспекце Пераможцаў, хаця насамрэч прыйшлі да мяне дадому ў 21:30. Пасля міліцыянт сказаў у судзе, што памыліўся і што ўдзень мяне не затрымалі, таму што я вельмі хутка бегаю. Але міліцыя быццам бы праявіла цуды эрудыцыі. Згубіла дзень на чалавека, які быццам бы сказаў некалькі брудных словаў, але ўсё ж вылічыла, дзе ён жыве, і затрымала. Вось гэта мэтанакіраванасць!”

Што трэба вымавіць, каб цябе забралі за брудную лаянку? Павел Вінаградаў кажа, што ў жыцці без моцнага слоўца ніяк: то па пальцы сабе трапіш, то куфаль з півам перавярнеш… “Ці калі распавядаеш показку, ці спяваеш песню, з якой слова не выкінеш… Для рыфмы трэба, ці каб показка была показкай. Тады без мацюкоў нікуды”. Але, натуральна, калі ты — Павел Вінаградаў, можаш нічога і не казаць: усё адно забяруць!

“Толькі аднойчы ў пратаколах міліцыянтаў згаданыя словы, якімі я быццам бы лаяўся. Гэтае затрыманне быццам бы адбылося ля крамы “БазаР” у Малінаўцы, калі я, так бы мовіць, пайшоў па другім коле (кропка 3 на мапе. — Еўрарадыё). Ну так, мне паказалі гэтую краму з ганка гарадскога аддзела міліцыі, які месціцца насупраць… А словы гэтыя былі: “Я вольны! Ідзіце ўсе на х..”, — працягвае Павел Вінаградаў.

Кожны раз Вінаградаў спрабуе ў судзе даказаць, што віны на ім няма. Паводле слоў актывіста, нейкія “прэвентыўныя” захады тут наўрад ці спрацуюць: любыя відэарэгістратары могуць папсаваць ці сцерці з іх інфармацыю. Павел прызнаецца, што ўвесь час думае, як падстрахаваць сябе, і ўжо мае тое-сёе на ўзбраенні. Але сакрэтаў раскрываць не хоча.

Павел Вінаградаў: “Дарэчы, я ніколі не “лаяўся” на міліцыянтаў. Я ўвесь час лаяўся ў пустэчу, ні да каго канкрэтна не звяртаючыся”.

Хто чуў гэтую ўяўную лаянку? Ні ў чым не вінаватыя жыхары Малінаўкі? Безабаронныя пакупнікі з крамы нізкіх коштаў? У фільме “Матрыца” ёсць персанаж, скразны для ўсіх штучных абалонак рэчаіснасці: дзяўчына ў чырвоным. Скразны персанаж затрыманняў Паўла Вінаградава — дзяўчына з дзіцем!

Павел Вінаградаў: “Вельмі часта побач праходзіць дзяўчына з дзіцем. Калі не памыляюся, тройчы за гэты год дзяўчына з дзіцем фігуравала ў маёй справе ў паказаннях міліцыянтаў”.

Еўрарадыё: Ну вось, які ж ты нехарошы!

Павел Вінаградаў: "І чаго яна ўсё ходзіць за мной?"

У ізалятары на Акрэсціна Паўла Вінаградава даўно ўжо сустракаюць, як старога знаёмага. Але рэкорд 2012 года па сутках пакуль належыць не яму, а Івану Амельчанку. У аўтара перфоманса “Мусорок” — 52 сутак, а ў Паўла Вінаградава — толькі 49. “Падціскае” і яшчэ адзін моладзевы актывіст, Аляксандр Арцыбашаў, які адсядзеў у ізалятары ўжо 35 сутак.

Фота: Зміцер Лукашук.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі