Студэнты стварылі для сталічных вуліц 5-метровую піраміду са старой мэблі

4 траўня пачалася праца “Галерэі беларускага дызайну”, якая будзе прадстаўленая асобнай секцыяй у межах выставы “Мэблевы форум-2011”. За мяжой вялікія мэблевыя выставы пастаянна бясплатна аддаюць частку залы для экспазіцый дызайнераў. Але, па словах каардынатаркі праекту Вольгі Мяльгуй, для нас “Галерэя” стала першай спробай рэалізацыі такой практыкі, а таму, пакуль мае дастаткова невялікі фармат.

Вольга Мяльгуй

Вольга Мяльгуй: “Мы зразумелі, што з першага разу шырока размахнуцца не зможам, а таму зрабілі невялічкую, акуратную “Галерэю беларускага дызайну”. А ў наступным годзе ўжо будзем спрабаваць зрабіць “Тыдзень дызайну”, як ва ўсіх еўрапейскіх сталіцах, на шмат дзён, на шмат мерапрыемстваў, з усялякімі кропкавымі перакідваннямі ў гарадское асяроддзе. Абавязкова рэалізую сваю ідэю з конкурсам ландшафтнага дызайну. Ну і ўсё, што мы гэтым разам не здолелі зрабіць з-за недахопу часу ці падтрымкі, будзе рэалізавана наступным разам”.

Юры Таўбкін сярод картоннай мэблі

Свае дасягненні ў абсалютна розных адгалінаваннях дызайну прадэманструюць трыццаць два беларускія ўдзельнікі і літоўская дызайн-студыя “Contraforma”. Па словах ідэйнага натхняльніка праекту Артура Вакарава, экспазіцыю можна назваць першай нармальнай выставай свабоднага дызайну, якая пакажа, што і ў нашай краіне ёсць стваральнікі арыгінальных і практычных “нічога сабе!” рэчаў. На жаль, не ўсё прадстаўленае на экспазіцыі так проста набыць, бо некаторыя праекты ў Беларусі незапатрабаваныя, і іх вытворчасць вядзецца за мяжой.

Артур Вакараў

Артур Вакараў: Ігар Салаўёў, на жаль, незапатрабаваны тут, але запатрабаваны за мяжой. Аб’екты, якія ён тут паказвае, на дзіва для беларускага аб’ёмнага дызайнера, усе рэалізаваныя. Яго “ратанг” (Салаўёў працуе са штучным ратангам – заўв. Еўрарадыё) замаўляе нейкі канцэрн, робіць гэтую мэблю і выпускае. Яго лямпа – адна са знакавых распрацовак, яна ўжо аб’ехала ўсё на свеце, і ўсе ад яе пруцца”.

Ігар Салаўёў побач з выявай сваёй лямпачкі

Амаль немагчыма не заўважыць, а тым больш прайсці міма з калектыўнай працы студэнтаў чацвёртага курса Архітэктурнага факультэта БНТУ. Па словах аўтараў, ідэя, стварыць высокую горку са старой мэблі з чалавекам на самай вяршыні і магчымасцю адпачыць на канапах унізе, нарадзілася адразу пасля прапановы паўдзельнічаць у “Мэблевым форуме-2011”.

Вяршыня мэблевай піраміды студэнтаў БНТУ

Студэнты БНТУ: “Мы вырашылі паказаць, што са старога, са смецця можна стварыць нешта прыгожае, тое, што рухаецца ўверх. Мы павінны падштурхнуць беларусаў да таго, каб у нас з’яўляліся нейкія цікавыя авангардныя арт-аб’екты. Сучасная скульптура павінна ўражваць, павінна быць не проста часткай асяроддзя, а вырывацца з яго, каб чалавек спыняўся. То бок, як зараз, кожны можа падысці пасядзець на крэслах. Не проста паглядзець і ўразіцца, а паўдзельнічаць, стаць часткай скульптуры”.

Аўтары адпачываюць на аснаванні сваёй скульптуры

Дзяўчаты прызналіся, што з задавальненнем убачылі б сваю скульптуру ў якім-небудзь лофце (пераабсталяванае пад жыллё памяшканне прамысловага прызначэння – заув. Еўрарадыё) ў выглядзе, напрыклад, елкі, ці ў інтэр’еры летняй кавярні.

Ёсць і "кніга прапановаў" для кавярні

Падстаўка для алоўкаў 16 ст.)

Дарэчы, за пэўны час да адкрыцця экспазіцыі арганізатары запусцілі два конкурсы, адзін з якіх – “Дерзайн!”, мусіў праманіторыць студэнтаў-дызайнераў. У ім змагаліся праекты месцаў для адпачынку на прыродзе, і перамагла ў выніку Вольга Рагазенка. Другі конкурс – конкурс-magenta, ладзіўся хутчэй для забавы, каб даведацца колькі ўвогуле людзей цікавіцца дызайнам. Удзельнікі дасылалі фотакарткі пурпурных сонцаў, якія сустракалі ў горадзе, а перамагла ў ім Алена Катушка. Дарэчы, паглядзець на ўсіх удзельнікаў можна на старонках “Галерэі беларускага дызайну” ў сацыяльных сетках.

Наталля Манаенкава і яе сумесная праца з Уладзімірам Тоўсцікам

"Мы вырашылі зрабіць экспазіцыю, якая паказвае людзям важнасць колеру ў іх жыцці, што сваё жыццё яны здольныя размаляваць самастойна. З гэтай нагоды канцэпцыю мы назвалі "Выкажы сябе ў колеры!" То бок, ёсць белае дрэва жыцця, у якім белы, шэры, чорны колеры, і ёсць яго рознакаляровыя лісткі, якія выказваюць наш настрой ды нашы думкі. Тут распісана, што ружовы колер – гэта закаханасць, чырвоны – упэўненасць у жыцці, чорны, сіні – усе яны маюць сваё негатыўнае ці пазітыўнае адценне. Стужкамі-лісткамі наведвальнікі выставы будуць адзначаць свой настрой, тое, што яны жадаюць выказаць гэтаму свету. У канцы выставы мы ўбачым, якіх колераў на выставе больш, і зразумеем, з якіх колераў складаецца свет для нашых гараджан".

Картонны зэдлічак ад "Адлігі"

Падстолле ды стол, зроблены з дзверы ад "Адлігі"

Фота: gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі