Футбалісты “Ліверпуля” адмовіліся ад беларускай кухні (фота)

Гранды сусветнага футбола прыязджаюць у Беларусь нячаста, а не ў Мінск і таго радзей. Сёлета здарылася амаль неверагоднае — у госці да беларускага “Гомеля” прыехаў легендарны англійскі “Ліверпуль”. Карэспандэнт Еўрарадыё накіраваўся ў горад на Сожы, каб пабачыць усё на ўласныя вочы.

У Гомелі англійскія футбалісты засяліліся ў невялічкі трохзоркавы гатэль “Замкавы”. Намеснік генеральнага дырэктара па гаспадарцы Ірына Ключнікава расказвае Еўрарадыё, што англічане не капрызнічалі. Толькі папрасілі засяліць іх у нумары па адным.

Ірына Ключнікава: “Ніякіх патрабаванняў асаблівых да гатэлю не было. Нумары аглядалі некалькі разоў прадстаўнікі каманды, і ўсё іх задаволіла, ніякіх нараканняў. Але асноўнай умовай было аднамеснае размяшчэнне ў нумарах. Калі раней у нас спыняліся футбольныя каманды, то яны сяліліся і па два чалавекі. А ў "Ліверпуля" толькі па адным. Гэта было адной з першых умоваў і самай важнай”.

У “Замкавым” толькі тры дзесяткі нумароў і зараз ён амаль цалкам належыць “Ліверпулю”. Жывуць тут толькі футбалісты, і ўсяго адны суткі — адразу пасля гульні яны чартарам вернуцца ў Англію.

Ірына Ключнікава расказвае, што прадстаўнікі “Ліверпуля”, калі аглядалі гатэль, больш за ўсё ўвагі надалі кухні. З англічанамі прыехаў іх уласны повар, частку прадуктаў каманда таксама прывезла з сабой. З мясцовых замовілі гародніну, садавіну, малочныя вырабы. А вось ад прапановы гатэля пачаставаць футбалістаў беларускімі стравамі “Ліверпуль” ветліва адмовіўся — у каманды свой даўно складзены рацыён.

Кошты ў “Замкавым” вагаюцца ад 400 тысяч да 5,5 мільёна за ноч. У гатэлі гавораць, што назваць суму, якую “Ліверпуль” заплаціў за размяшчэнне, не могуць. Аднак не хаваюць, што такой знакамітай камандзе былі б гатовыя ісці на любыя саступкі.

Ля гатэлю ад самай раніцы сабралася з дзясятак заўзятараў. Збольшага гэта беларусы з самых розных гарадоў. Андрэй прыбыў у Гомель з Ліды разам з бацькам. Ехалі на машыне ўсю ноч, не маючы квіткоў і спадзяючыся толькі на перакупшчыкаў. 15 хвілін чакання раніцай ля касаў — і запаветныя паперкі ў кішэні. Хлопец гаворыць, што сёння здзейснілася яго мара — ён заўзее за англійскі клуб з 6 гадоў.

Андрэй: “Я з шасці гадоў заўзею за “Ліверпуль”. Мяне брат старэйшы падсадзіў тады. А з 10 гадоў ужо свядома заўзею. Я ведаю пра іх усё!”

Пакуль размаўляем з заўзятарамі, з гатэлю выходзіць навабранец “Ліверпуля”, былы футбаліст італьянскай “Ромы” Фабіа Барыні. Хлопцы натоўпам кідаюцца да яго.

Большасць з іх дзяжурыць ля гатэлю яшчэ з учорашняга дня. Фанаты сустракалі каманду ў аэрапорце і нават атрымалі ад куміраў некалькі аўтографаў, якія з гонарам дэманструюць на камеру. Дзеля таго, каб пабачыць любімую каманду ізноў, фанаты гатовыя правесці ля гатэлю цэлы дзень. Вось што яны казалі нам:

“Мы а 4-й раніцы прыехалі. Хочам агледзець і Гомель, вядома, але будзем пакуль чакаць футбалістаў. Гавораць, што а палове на сёмую будуць выходзіць. Альбо а палове на восьмую — будзем чакаць”.

Ля касаў гарадскога стадыёна “Гомелю” таксама шматлюдна. Карэспандэнт Еўрарадыё сустракае тут групу цемнаскурых фанатаў англічан. Толькі адзін з іх ведае англійскую — іншыя толькі галовамі матляюць. Пасля кароткай размовы высвятляецца, што хлопцы прыехалі ў Беларусь вучыцца з Нігерыі і не маглі прапусціць шанец пабачыць “Ліверпуль”.

А вось фанатаў “Гомеля” ў горадзе не бачна. Ці то англійскіх заўзятараў спалохаліся, якіх прыедзе на гульню дзве сотні, ці то іх насамрэч менш, чым прыхільнікаў бела-чырвоных. А можа проста ўсе берагуць сілы на вечар? Нагадаем, матч пачнецца а 21-й гадзіне.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі