Футбаліст Вабга Т'янчэн, які стаў Луцэвічам: Добра разумею беларускую мову!

“Мяне і раней увесь час сябры і блізкія людзі называлі Ціры, што ў скароце ― Цярэнцій, ― адказвае на наша вітанне футбаліст Вабга Т'янчэн, які днямі змяніў імя і прозвішча на Цярэнцій Луцэвіч.

Еўрарадыё: Нічога, што я па-беларуску з вамі размаўляю?

“Нічога, я добра разумею беларускую мову”, ― адказвае Ціры абсалютна без замежнага акцэнту.

Хоць хлопец і нарадзіўся ў Камеруне (1991 год), усё жыццё пражыў у Беларусі. Калі яму было шэсць месяцаў, памёр бацька, і маці перавезла яго ў Мінск да бабулі Настассі Якаўлеўны. Хлопец скончыў сярэднюю школу №79, што ў сталіцы ля Кіеўскага сквера. А потым паступіў на эканамічны факультэт БДУ. Таксама яго пахрысцілі ў праваслаўе і далі духоўнае імя Цярэнцій. А новае прозвішча ён узяў ад бабулі.

  

Еўрарадыё: А чаму змянілі пашпартныя дадзеныя толькі цяпер?

Цярэнцій Луцэвіч: Таму што выдалася такая магчымасць. Раней я не ведаў законаў. А нядаўна сабраўся і зрабіў справу.

 

Еўрарадыё: Ці планавалі з дзяцінства стаць футбалістам?

Цярэнцій Луцэвіч: Гэта захапленне з самага дзяцінства. У шэсць гадоў пачаў гуляць у двары, з сямі ― пайшоў займацца ў “Змену”. Гэта школа футбольнага клуба “Мінск”. Я выхаванец гэтага клуба. У 2009-м перайшоў у сталічнае “Дынама”, потым трапіў на правах арэнды ў “Гомель”.

Еўрарадыё: Ваша прозвішча, як легендарнага беларускага паэта Янкі Купалы. Ці знаёмы з яго творчасцю?

Цярэнцій Луцэвіч: Натуральна! Луцэвіч Іван Дамінікавіч. Знаёмы, зразумела, у школе вывучаў.

Еўрарадыё: Якая музыка вам падабаецца?

Цярэнцій Луцэвіч: Залежыць ад настрою. Магу і папулярную паслухаць. Рэтра вельмі падабаецца ― “Руки вверх”, Шатуноў. Аднаго накірунку, каб я быў фанатам, няма.

Цярэнцію ― 21 год. Футбаліст верыць, што мае шанцы прабіцца ў нацыянальную зборную. У юнацкую ― ён ужо прыцягваўся.

Пашпарт пры гэтым, як Брэсану, мяняць не даводзілася: Цярэнцій апынуўся мясцовым хлопцам з беларускімі дакументамі. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі