Фокусы на рынку, або Як каніна "ператвараецца" ў ялавічыну за 10 хвілін

На “Камароўку” выпраўляемся групай. Паводле легенды, адзін з нас шукае каніну (маці папрасіла набыць для вырабу пальцам пханых каўбас). Іншы ідзе следам і ў тых самых месцах, у тых жа прадавачак спрабуе набыць ялавічыну.

Дзіва, але каніна знаходзіцца за некалькі секунд. “Бярыце, не пашкадуеце. Па 100 тысяч рублёў больш на рынку нідзе няма, толькі ў нас. Набывайце, набывайце”, пераконвае прадавачка, паказваючы на вялікія чырвоныя кавалкі мяса, раскладзеныя ў лядоўні. Яны адрозніваюцца колерам ад іншага мяса чырвоны больш насычаны. Аднак на лядоўні заўважаю вялікую шыльду “Маладая ялавічына”. Пра каніну няма ні слова. Іду далей.

За пяць наступных хвілін каніна знаходзіцца яшчэ ў двух месцах рынку. Асабліва за мяне (відаць, рэдкага на “Камароўцы” пакупніка гэтага гатунку мяса) чапляецца прадавачка з апошняга. Не толькі дастае з лядоўні буйныя кавалкі “каніны”, але нават распытвае, навошта мне яна. Пачуўшы легенду пра пальцам пханую каўбасу паказвае на дробныя кавалкі і заяўляе, што “аддасць за 75”. Да слова, буйныя кавалкі каніны, пазначаныя, як "крыж", мне тут гатовыя прадаць за 95 тысяч. Хоць і тут на цыдулках бачу толькі “ялавічына” ды “цяляціна”. Пра каніну ніводнага слова.

Аднак самае цікавае пачынаецца, калі да гэтай жа прадавачкі праз некалькі хвілін падыходзіць калега. І просіць прадаць яму не каніну, а ялавічыну.

Пытаецца пра той жа кавалак мяса, які падпісаны "крыж":

Скажыце, а вось гэты "крыж" з ялавічыны ў вас?

Так, - адказвае прадавачка.

А гэта таксама ўсё ялавічына?

Так. Можна лапатку трохі танней. Па 80 гэтыя невялікія кавалкі.

Прадавачка паказвае ты я ж самыя вялікія і маленькія кавалкі, якія раней называла канінай. Цяпер гэта ялавічына. Прычым, кажа, што і ўсё астатняе мяса ў лядоўні ялавічына.

З “Камароўкі” сыходзім з поўнай упэўненасцю, што змаглі б тут набыць не толькі каніну з ялавічынай, але таксама і сланіну, кенгураціну і нават мяса насарога. Галоўнае заплаціць.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі