Фестываль Emergenza абвясціў пра пачатак новага сезону

Беларуская частка міжнароднага фестывалю Emergenza абвясціла пра пачатак новага сезону. Ужо ў наступным годзе будуць праведзеныя адборачныя туры. Ну, а зараз арганізатары актыўна прымаюць заяўкі, ад гуртоў, якія жадаюць паўдзельнічаць.

"Больш за сто заявак ужо пададзена, - дзеліцца інфармацыяй куратар беларускай часткі фестывалю Зміцер Хламаў. - Я думаю, 2012 год будзе дэдлайнам падачы заявак, каб трапіць у гэты сезон. Таму што канцэрты будуць праходзіць, спадзяюся, так жа, як і ў мінулым годзе. То бок тры паўфіналы па сем гуртоў і адпаведна адзін фінал на тыя ж шэсць-сем гуртоў. Паўфіналы будуць у лютым ды сакавіку, а фінал - ці канец сакавіка, ці красавік".

Абіраць удзельнікаў паўфіналаў будуць арганізатары Emergenza ў Расіі, а таксама прадстаўнікі фестывалю з Беларусі. Пераможцы беларускага фіналу паедуць на фінал Emergenza-Russia. А ў выніку перамогі і там прадставяць абедзве краіны на міжнародным фінале ў Германіі, які праходзіць кожнае лета ў межах аднаго з найбуйнейшых фэстаў Еўропы — Taubertal Festival. У мінулым годзе казалася пра магчымасць аддзялення Беларусі ад расійскага Emergenza, але пакуль гэтага не адбылося. Наадварот, беларускія шансы крыху зменшыліся.

"Зараз яшчэ і ўкраінская сталіца будзе вяшчаць пад сцягам Emergenza-Russia. Але я спадзяюся, што калі ўсё добра пройдзе ў гэтым годзе, то нам дадуць больш слотаў. Праблема ў тым, што каб краіне далі асобнае месца ў фінале, трэба каб было больш за сто ўдзельнікаў. А ў беларускіх рэаліях, думаю, гэта амаль немагчыма". - тлумачыць сітуацыю Зміцер Хламаў.

У мінулым годзе ў беларускім і расійскім фіналах перамог мінскі гурт No Comment Band. На міжнародным фінале хлопцы занялі 10-е месца з 24-х, а іх басіст Алег "Лімон" Конанаў быў названы другім сярод удзельнікаў конкурсу.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі