Фэст з “амурнай” назвай: адна лірыка і ніякай канкрэтыкі

111209 SvjardlouKahai.mp3

Культурніцкая ініцыятыва “Твой фэст” падвяла вынікі конкурсу, які праводзіўся ў межах Першага фэсту беларускай еўрапейскай лірычнай культуры “Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску”. На жаль, запланаванае абвяшчэнне лепшых з лепшых давялося перанесці ў інтэрнэт-прастору: пераможцы не даехалі да Мінску. А заключны канцэрт у другі дзень фестывалю атрымаўся крыху змазаным — святочны фінал гледачы ўспрынялі некалькі пасіўна. Праўда, аўтар ідэі "Твайго фэсту" Валярына Кустава лічыць па-іншаму.

Валярына Кустава

Валярына Кустава: “Перадусім, глядзіце, прыйшлі людзі і адчувалі сябе абсалютна разняволена. Атрымалася тая прастора, абсалютна з пазітыўнай энергетыкай, з беларускай энергетыкай, беларускім словам і музыкай. Вольная ад усяго прастора. Гэта была прастора чыстай творчасці і вольнай думкі. І ў гэтым перадусім таксама выявілася яе еўрапейскасць”.

Крыўдна чуць, што “зроблена ў Беларусі” з’яўляецца сінонімам “не вельмі якасна”. Вось і назву імпрэзы “Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску”  наведвальнікі “Лофт кафэ” падчас  другога фестывальнага дню перарабілі на “Кахай па-еўрапейску, зроблена па-беларуску”. Чаму ж файную ідэю так і не змаглі цікава данесці?

“Ідэя вартая, каб над ёй працаваць", — кажа ўдзельнік фэсту, музыка Алесь Кот-Зайцаў. — Я вельмі спадзяюся, што будзе другі фэст, трэці. Будзе час, будзе нагода папрацаваць над ім яшчэ і давесці гэтую канцэпцыю да ўцямнага выгляду, які б проста стрэліў і сапраўды прывабіў бы людзей. Бо рабіць яшчэ адну імпрэзу для тых людзей, якія і так ведаюць, што гэта і навошта і бачаць гэтаю еўрапейскасць у беларусах, я думаю, не мае сэнсу”. 

Алесь Кот-Зайцаў, гурт “BosaeSonca”

Так, другі дзень фэста “Кахай па-беларуску, жыві па-еўрапейску” сабраў пад адным дахам самыя разнамасныя каманды —  цягам амаль 5 гадзінаў на сцэну выходзілі Віктар Шалкевіч, Наста Шпакоўская, гурты “BosaeSonca”, “Спрат”, "Pananieba", “Dzivasil”, “Князь Мышкін”. Завяршалі выступ магілёўцы “Akute”, дзеля сэту якіх і засталася большасць з прысутных. У пэўны момант гледачы зусім засумавалі і нехта ў зале нават пажартаваў: ”Якія ж пакуты — чакаць “Akute”.

Віктар Шалкевіч

Наста Шпакоўская

“Князь Мышкін”

Пад сцэнай таўклася невялікая групка людзей, якія, падавалася, уважліва слухаюць усіх музыкантаў і нават час ад часу падпяваюць. Але ніхто асабліва не танчыў і нібыта не радаваўся фестывальнаму фіналу. Нарэшце вакаліст гурта "Pananieba" не вытрываў і прамовіў са сцэны “Нешта сумна ў зале, давайце весялей”, — і паспрабаваў разварушыць народ ды задаць таго самага фестывальнага драйву.

"Pananieba"

За імі на сцэне з’явіўся “кароль пазітыва” Андрусь Такінданг і гурт "Рэха". Ён хуценька разбіў людзей на танцпляцы ў пары і зладзіў конкурс танцу. Пераможцы імправізаванага конкурсу атрымалі квіткі на канцэрт гурта "Рэха", які неўзабаве адбудзецца ў клубе "Графіці". На думку Андруся Такінданга, каб быць падобнымі да еўрапейцаў, беларусы мусяць крыху разняволіцца.

Андрусь Такінданг і гурт "Рэха"

Андрусь Такінданг: “Мы — неад’емная частка Еўропы, хоць мы троху савецкія людзі. Але зараз ёсць магчымасць ездзіць за мяжу. Я гавару пра сваіх калег, які могуць гастраляваць, бачаць, як працуюць іх калегі за мяжой і пасля прывозяць нешта ў Беларусь. Мабыць, так гэтая еўрапейскасць і распаўсюджваецца. Мяне крыху бянтэжыла тое, што сёння каманды закрываліся і не хацелі размаўляць з залай. Я спадзяюся, што бліжэй да канца вечару зала неяк раскачагарыцца. Таму што вось я глядзеў са сцэны і бачыў, што людзі стаялі, як калкі,  і саромеліся танчыць. У Еўропе ўсё ж такі публіка больш раскаваная. Таму часам даводзіцца неяк заахвочваць людзей”.


Спадзяемся, фэст і сапраўды атрымае працяг, крэатыўная моладзь прыдумае не адну новую “фішку” і неўзабаве мы атрымаем новы брэнд, які і сапраўды стрэліць і дапаможа маладым ды таленавітым быць заўважанымі і пачутымі.

“Dzivasil”


"Akute"

гурт "Нельга забыць"


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі