У Траецкім прайшоў "мілы фестывальчык" вулічнай музыкі

Мінскае Свята вулічнай музыкі падзяліла сталічных музыкаў і людзей з калямастацкіх колаў на два лагеры. Адны з іх выступалі за катэгарычны “ігнор” мерапрыемства, да якога прыклалі руку гарадскія ўлады і афіцыйныя моладзевыя арганізацыі. Іншыя, наадварот, настойвалі на ўдзеле ў Свяце, маўляў, “трэба хоць нешта цікавае паказаць простым людзям”. У выніку самыя вядомыя “дазволеныя” гурты – Re1ikt і The Silicon адмовіліся ад удзелу ў імпрэзе, а “простыя людзі” нарэшце паслухалі жывую музыку на вуліцы.

У прынцыпе вельмі-вельмі добра, вельмі ўдалая ідэя. Нарэшце можна выбрацца, вось так пасядзець на траўцы, паслухаць добрую музыку, –дзеліцца ўражаннямі дзяўчына ў кампаніі сяброў. – Вельмі прыемная атмасфера. Мінску моцна не хапае вулічных музыкаў. Таму што ва ўсіх гарадах Еўропы гэта нармальная практыка. Там, напэўна, штовыходныя такое адбываецца. У нас, на жаль, гэта адзінкавы выпадак, і гэта шыкоўна”.

слухачы этна-сцэны

Падчас свята на сямі сцэнах, што размясціліся ў Траецкім прадмесці, выступіла каля 50 артыстаў. Сцэны ўяўлялі сабой невялічкі намёт з дахам на выпадак дажджу. Праўда, апаратура, прадстаўленая музыкам, не заўсёды дапамагала ім раскрыцца. Заўважаны сярод гледачоў Свята рэпер Vinsent адмоўна ацаніў якасць выступаў.

 Vinsent: “Тут я гляджу, нейкая слабенькая сцэна, стаіць два кілаваты гуку. Канешне, складана ўявіць, што б тут Вайцюшкевіч, напрыклад, выступаў. На такім апараце, калі ты нават добра граеш, калі ў цябе група сыграная, нельга паказаць вынік. Таму няма сэнсу выступаць на такіх пляцоўках”.

поп-сцэна

Выступ школы капаэйра

Тым не менш, “гук” наўрад ці перашкаджаў гледачам, якія з цікавасцю адкрывалі для сябе эстэтыку бразільскага капаэйра, ціха слухалі песні на вершы Караткевіча і загадкавыя пералівы індыйскага сітара з гуртом Saraswati. Дарэчы, выканальніца на сітары Надзя Ількевіч падчас выступа не адчула сябе вулічным музыкам і прыгадала Літву.

Надзя Ількевіч: “Гэта быў канцэрт у межах фестываля... Я двойчы ўдзельнічала ў Дні вулічнай музыкі ў Літве. Канешне, там кардынальна, абсалютна іншае. Ну, добра, што ў нас хоць так зрабілі. І гэта радуе”.

“Фестывальны” характар свята адзначылі і гледачы.

 “Добра, што ёсць свята, што ёсць вельмі цікавыя музыкі і нагода сабрацца дзеля іх, – кажа малады чалавек у чорных акулярах. – Але, здаецца, нельга гэта назваць Святам вулічных музыкаў, бо вулічны музыка – гэта той, хто на вуліцу прыходзіць, сядае, кладзе капялюш і грае. Гэта такі мілы фестывальчык. Мы радыя, што такое ёсць. Але ўсё трэба называць сваімі імёнамі”.

Антон Макаранка

Кантрабасіст “НагУаля” Юра Навуменка – адзін з нешматлікіх знакамітых удзельнікаў Свята вулічнай музыкі, разам з пластычным тэатрам “Бармаглот” прадставіў авангардны спектакль “Точка сборки”. Юра ўзяў удзел у свяце выключна з-за адукацыйных мэтаў.

Юра Навуменка: “Я лічу, што ўсё роўна трэба нешта рабіць, таму што ўжо занадта тут нічога няма. А гэта магчымасць хоць неяк людзям нешта цікавае паказаць. У нас жа святы такія сумныя, занудныя. А калі ёсць магчымасць хоць неяк выступіць, дык чаму ж гэтым не скарыстацца? Вядома, хацелася б, каб гэта ўсё было без кардонаў, каб было больш свабодна. Але хоць неяк, хоць нешта. Хлопцы з барабанамі пайграюць прыдуць, хлопцы маладыя на гітарах “пакаўбасяць”.

На думку Андрыюса Мамантаваса – чалавека, які прыдумаў гэтае свята і рэалізаваў ідэю ў Літве, мінскі Дзень вулічнай музыкі атрымаўся. Літоўскі рокер спадзяецца, што ў наступным годзе мінскае Свята вулічнай музыкі пройдзе ў адзін дзень з літоўскім. У самы звычайны дзень. 19 траўня.

Андрыюс Мамантавас: “Мы пакуль толькі гаворым пра гэта. Але ўсе ідэю зразумелі, таму што гэта было б нешта, калі б Свята прайшло адначасова ў некалькіх краінах. Гэта такі ў добрым сэнсе вірус, ён прыйшоў сюды, і я спадзяюся, што вы заразіцеся ім”.

… За Свіслаччу, проста ля метро граў дудар і бубначы. Перад імі ляжаў куфар і шыльда з надпісам “Збіраем грошы на машыну часу”. Куфар поўны грошай. Гукі дуды сабралі велізарны натоўп “простых людзей”. Ім таксама хацелася “жывой і іншай” музыкі.

Аошняе фота www.tut.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі