Фэны пакарылі Адама Ламберта жоўтымі сэрцайкамі і спевамі загалоўнай песні

 Адам Ламберт, мабыць, самы вядомы ўдзельнік тэлешоў "American Idol" — амерыканскага аналага расійскай "Фабрыкі зорак". У 2009 годзе Ламберт стаў фіналістам "Ідала" і выпусціў свой першы альбом "For Your Entertainment", які разыйшоўся тыражом больш за два мільёны копій. У траўні 2012 выйшла другая студыйная пласцінка музыкі "Trespassing". З турам у яе падтрымку Ламберт і прыехаў у Мінск.

Гледзячы на напалову запоўненыя трыбуны і танцпол Палацу спорту, у Мінску ў "амерыканскага ідала" не менш фанатаў (а дакладней фанатак), чым у такіх мэтраў, як Placebo ці Garbage. Але значна меней, чым у расійскіх рокераў Бі-2 ці беларускага рэпера Макса Каржа. Магчыма, не ўсе здолелі прабрацца ў Палац спорту праз снежныя сумёты і завею, якія прынёс у Беларусь цыклон "Хавер". Магчыма таксама, што справа ў зусім не танных, асабліва для падлеткаў, квітках (ад 340 тысяч да мільёна), і тым, што некаторых патэнцыйных гледачоў не пусцілі бацькі, спужаўшыся нетрадыцыйнай арыентацыі спевака.

Але для сапраўдных фанатаў ні снежны шторм, ні дарагія квіткі не перашкода.Ужо з першай песні дзяўчынкі ў фанзоне ўпалі ў эйфарыю, якая не адпускала іх да апошніх  гукаў канцэрту. Падчас выканання “Naked Love” ўся фанзона была ўсеяна жоўтымі сэрцайкамі з надпісам "Adam", а самую вядомую песню Ламберта, "Whataya_Want_From_Me”, фанаты спявалі разам з ім, чым, здаецца, моцна ўразілі спевака. І, напэўна, адзінае, што магло расчараваць фэнаў — гэта працягласць канцэрту — музыка выступаў менш за паўтары гадзіны.

Што тычыцца фанатаў несапраўдных, то ў іх для расчаравання было значна больш падстаў. І перш за ўсё тое, што, нягледзячы на вакальны дыяпазон у 4 актавы, Ламберт — зусім не Фрэдзі Мэрк'юры, не зважаючы на некалькі сумесных канцэртаў з удзельнікамі Queen. І не Элвіс Прэслі, рэінкарнацыю якога тыдзень таму фанаты прыпісалі Адаму. Асабліва гэта бачна падчас выканання квінаўскай "Dragon Attaсk", якой скончылася асноўная частка канцэрту. Як сказала адна з наведвальніц — "магутна, але аднастайна". Магчыма, праз нейкі час Ламберт набярэцца досведу, ягоныя песні зробяцца не толькі магутнымі, але і непадобнымі адна на адну, і ён стане новым каралём рок-н-ролу ці прынцам поп-музыкі. А пакуль што самае цікавае на ягоных канцэртах —
гэта вялікія афрыканскія жанчыны на бэк-вакале. Яны сапраўды файныя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі