ЕС дапаможа Беларусі прыбраць смецце

Такое пагадненне сёння ў Мінску падпісалі прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніус Брук, часовы павераны ў справах ЕС у Беларусі Жан-Эрык Хальцапфель, міністр прыродных рэсурсаў Уладзімір Цалко і амбасадар Венгрыі Ферэнц Контра.
Чакаецца, што сродкі пойдуць на стварэнне нарматыўнай базы, распавёў прадстаўнік ААН у Беларусі Антоніус Брук.
"Рэалізоўвацца праект будзе 3 гады. Асноўная ўвага надзяляецца развіццю нарматыўнай базы ў галіне кіравання воднымі рэсурсамі, абарачэнне з адкідамі, захаванне біяразнастайнасці, экалагічная сертыфікацыя. А таксама рэалізацыя дэманстрацыйных праектаў у галіне кіравання цвёрдымі бытавымі адкідамі. Эфект ад праекта будзе бачны на ўсёй тэрыторыі Беларусі".
Асаблівая роля надаецца праектам па стварэнні заводаў па перапрацоўцы адкідаў у Кобрыне і Мастах, кажа Ўладзімір Цалко.
"З 5 мільёнаў еўра палова накіраваная на два пілотныя праекты у Кобрыне і Мастах. Гэта пачынаючы з закупкі тэхнікі для зборкі смецця, кантэйнераў, машынаў, да апошніх тэхналогій кіравання гэтымі працэсамі. Гэта стварэнне вытворчасці на базе еўрапейскіх стандартаў".


Паводле загаду кіраўніка краіны, адзін з заводаў мусіць быць скончаны у 2011 годзе. Але калі новае пакаленне ўжо гатовае да паасобнага збору смецця, то тэхнічна жыллёвы фонд пакуль не гатовы, кажа міністр.
"Я зараз кажу пра шматпавярховікі. Як сёння ў адзін смеццеправод чатыры трубы паставіць? Вельмі шмат тэхналагічных пытанняў застаецца".
Мінпрыроды прапануе ўвогуле адмовіцца ад смеццеправодаў і арганізаваць усё, як у Еўропе.
На бліжэйшыя гады запланавана здабываць з другасных матэрыяльных рэсурсаў да 70 працэнтаў матэрыялаў. Таму што кожны год Беларусь мае 3 мільёны тон адкідаў.
Нягледзячы на тое, што Беларусь дасягнула шмат у гэтай сферы, маюцца некаторыя праблемы, якія трэба вырашаць, кажа часовы павераны ў справах ЕС у Беларусі Жан-Эрык Хальцапфель.
"Неабходна інтэграваць ахову навакольнага асяроддзя ў агульную палітыку Беларусі, а таксама падвысіць эфектыўнасць сельскай гаспадаркі, лесаапрацоўкі ды іншых галінаў прамысловасці Беларусі. Цікавасць ЕС у галіне аховы навакольнага асяроддзя ў Беларусі заключаецца ў лепшым кіраванні адкідамі і абароне біялагічнай разнастайнасці ў Беларусі".
Праект, які стартаваў сёння, павінен развіваць міжнароднае супрацоўніцтва ў сферы аховы навакольнага асяроддзя.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі