Эксперт: Зубры могуць знішчыць Белавежскую пушчу

“Зубр, як мы лічым спрадвеку, хоць звер, але ж ратнік; Ён прызнае перамогу, здабытую чэсна — сілай на сілу, урожкі, і мужнасць на мужнасць. Гэта павер’е жыве у нас ад веку да веку”, — даўным даўно пісаў пра зуброў Мікола Гусоўскі.

121205_pilecki_zubry.mp3

У ХХІ стагоддзі сітуацыя з зубрамі ў Беларусі змянілася. Паляванне на іх складана назваць мужным. А 23 кастрычніка нават змены ў правілы палявання на зуброў унеслі. Толькі што, не ўсе паляўнічыя яшчэ іх ведаюць.

“Справа ў тым, што мы яшчэ афіцыйна не атрымоўвалі зменаў. Толькі з праектам знаёмыя. Таму нічога канкрэтнага я вам сказаць не магу”, — кажуць у Асіповіцкім вопытным дзяржаўным лясгасе.

Гэта адно з двух месцаў у Беларусі (другое — Белавежская пушча), дзе можна зладзіць паляванне на зубра. Хаця паляваннем яго назваць складана. За 20 тысяч еўра можна будзе застрэліць жывёліну, якая трапіла ў так званы рэзервны фонд. Здаровых і моцных зуброў там няма — толькі старыя альбо хворыя.

Паводле новых правілаў, пра якія я пытаю у Асіповіцкім лясгасе, у гэты рэзервны фонд можна будзе заносіць і здаровых жывёл. Напрыклад тых, якія адышлі ад статка на 50 кіламетраў.

Супрацоўнік Навуковага аддзела Белавежскай пушчы Аляксей Буневіч гаворыць, што новаўвядзенні праблемы з развядзеннем зуброў наўрад ці вырашаць. У пушчы сёлета развялося ажно 450 гэтых звяроў. У той час, як нармальна існаваць на такой тэрыторыі могуць толькі 300 жывёл. Буйная рагатая жывёла ў выніку шкодзіць лесу – топча яго, знішчае дрэвы. Буневіч распавядае, што беларусы былі б рады прадаваць зуброў за мяжу.

“У нас ёсць магчымасць. І ёсць краіны, якія гатовыя набыць зуброў. Але прадаць мы іх не можам — гэта тупік”.

Перашкаджае гандляваць зубрамі заканадаўства. Паводле яго, усе звяры, занесеныя ў “Чырвоную кнігу”, знаходзяцца на асаблівым уліку. Сёлета “Белавежская пушча” здолела збыць шасцярых зуброў у Карэлію, але каштавала гэта такіх намаганняў, што паўтараць спробу ў бліжэйшы час не наважыцца ніхто.

Вось звяры і плодзяцца. Спецыялісты кажуць, што калі іх не спыніць, Белавежскай пушчы можа прыйсці канец.

“Можна развесці тут ферму і знішчыць увесь лес, знішчыць Пушчу. Вось скарацілі колькасць аленяў і пачаўся падрост”.

Яшчэ адна праблема, якую не вырашаць новыя “Правілы аховы і рацыянальнага выкарыстання зуброў” — фінансаванне. Супрацоўнікі Белавежскай пушчы падлічылі, што за год на гэтых звяроў траціцца каля двух мільярдаў рублёў. А з адмысловага фонду ў 2012 годзе было выдзелена толькі 116 мільёнаў. Рэшту прыносяць прыбыткі ад турыстаў і дрэваапрацоўкі.

Зуброў, якія любяць пабадзяцца далёка ад статку, даволі шмат. Асабліва калі зубрыц на ўсіх не хапае. У Белавежскай пушчы згадваюць выпадкі, калі звяры адыходзілі і на 300 км. І нават у Літву ўцякалі. Звычайна такія звяры паводзяць сябе вельмі спакойна.

“Ён падыходзіць да фермы, падыдзе наперад, паглядзіць — там коні. А зубру ўсё роўна. Конь баіцца яго, ўцякае. Зубр тады як гаспадар туды ідзе, паесць, паляжыць там. А раніцай сыходзіць”.

Такая вось “песня пра зубра”. Калі б Гусоўскі жыў у нашы часы, то паэма яго была б зусім не такой узнёслай.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі