Эканоміць на гарачай вадзе больш не будуць

У 2009 годзе у мэтах эканоміі былі ўведзеныя новыя сацыяльныя стандарты, паводле якіх жыхары раённых цэнтраў улетку мелі гарачую ваду не менш за 2 дні на тыдзень. Тады жыхары Верхнядзвінска і Паставаў першымі адчулі на сабе сацыяльныя стандарты. Як выглядае сітуацыя сёння, Еўрарадыё пацікавілася ў мясцовых ЖКГ.

"У нас два населеныя пункты забяспечаныя цэнтралізаваным гарачым водазабеспячэннем: Верхнядзвінск і Бягосава, дзе гарачая вада падаецца штодзённа, як у ацяпляльны, так і ў міжацяпляльны сезон. Мы за два гады зрабілі шэраг мерапрыемстваў па рэканструкцыі кацельняў. У Бягосава ўсталяваныя 3 катлы на мясцовых відах паліва. А ў Верхнядзвінску праведзены першы этап будаўніцтва катла на мясцовых відах паліва магутнасцю 5 мегават".

Што праўда, гэты праект яшчэ не скончаны, пазней будуць мяняць трубы, а пакуль у некаторых кватэрах вада халадней за 50 градусаў, вызначаных нормамі. Але, маўляў, такіх мала і ў гэтым выпадку праводзіцца пераразлік.

Штодзень ёсць гарачая вада ў Мядзеле, Хойніках, Крычаве і Шклове. Праўда, ў апошнім — толькі раніцай і ўвечары. Уначы і ўдзень — толькі халодная.

У Паставах таксама прагрэс: вада ўжо 3 разы на тыдзень.

"Узімку у ацяпляльны сезон гарачая вада штодня з 6 да 24, а ў міжацяпляльны сезон згодна з рашэннем выканкама 3 разы на тыдзень: пятніца, субота, нядзеля з 6 да 24 гадзінаў. Але гэта нібыта будуць змяняць хутка і будзе штодня".

Быхаву не пашанцавала больш за ўсіх: з-за таго, што раён Чарнобыльскі, гарачую ваду даюць толькі 2 разы на тыдзень. Кацельняў на мясцовых відах паліва, то бок на дровах, там мала, бо дрэва захоўвае радыяцыю, а на газе тапіць штодзень дорага.

"Мы раён Чарнобыльскі, таму ў міжацяпляльны перыяд на кацельнях, дзе няма катлоў на мясцовых відах паліва, а толькі газавае, даем 2 разы на тыдзень, а зімой штодня. Кацельня — дарагая рэч, таму што ў нас на некаторых няма абсталявання, каб даваць гарачую ваду на дровах. У мэтах эканоміі таму такая сістэма, што не парушае сацыяльных стандартаў".

Але цяпер, нягледзячы на стандарты, эканоміць не будуць і тапіць збіраюцца нават газам і кожны дзень. Эканоміць будзем не на гэтым, а людзей будзем мыць, паабяцалі ў міністэрстве ЖКГ.

"У гэтым годзе 10 мая Саўмін на прэзідыуме вырашыў прыняць захады па выключэнні практык усталявання графікаў падачы гарачай вады ў населеных пунктах, якія маюць цэнтралізаванае водазабеспячэнне. Гэта значыць, што сёлета гарачая вада будзе штодзень, там дзе ёсць цэнтралізаванае гарачае водазабеспячэнне, — распавяла Еўрарадыё кіраўнік аддзела энергазберажэння Тамара Заяц. — У асноўным чаму не было кожны дзень? З-за фінансавання. Але тут прамое даручэнне урада, таму ў гэтым годзе графікі можна не шукаць".

Згодна са статыстыкай, цэнтральнае гарачае водазабеспячэнне маюць 75 працэнтаў дамоў жылога фонду. Даручэнне ўрада могуць выканаць ужо праз тыдзень, тады гарачая вада будзе кожны дзень, а не толькі па выходных.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі