Эканоміку на "пяцёрку" не вывучым, але хаця б яе атрымаем

Еўрарадыё: Як Беларусі патрапіць у 30-ку краін з найбольш станоўчымі ўмовамі вядзення бізнесу? Навошта такая мэта, чым важныя такія рэйтынгі, і ці рэальна гэта для Беларусі?

Пікулік: У 2008 годзе прэзідэнт паставіў мэту перад урадам увайсці ў 30-ку краін з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу. Урад справіўся толькі часткова: Беларусь дайшла да 58-га месца, змяніўшы рэйтынг на 24 пункты. Мы вырашылі падумаць, што можна яшчэ зрабіць для таго, каб рэйтынг палепшыўся хутчэй.

Мы распрацавалі шэраг прапановаў ураду па тым, што варта зрабіць яшчэ, якія змены трэба прыняць, для таго каб Беларусь патрапіла не толькі ў 30-ку, а нават у 20-ку краін з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу. Мы лічым, што гэта рэальна. Рэальна і проста, нават прасцей, чым хацелася б.

У чым наша асноўная праблема: што цягне рэйтынг уніз і на што трэба звярнуць увагу, каб ён павысіўся? Якія канкрэтныя прапановы вы зрабілі?

Сусветны банк расстаўляе краіны ў рэйтынгу, сыходзячы з 10-ці пунктаў. Мы лічым, што беларускаму ўраду варта сфакусіравацца на 4-х асноўных – крэдытаванні, абароне інвестараў, падаткаабкладанні і міжнародным гандлі. Мы лічым, што за кошт гэтых пунктаў можна вельмі хутка і проста вырвацца ў лідары.

У нас ёсць праблема з атрыманнем дазволу на будаўніцтва, тут шмат чаго можа быць палепшана. Ёсць праблемы і з ліквідацыяй прадпрыемстваў... Мы прапаноўваем канкрэтныя новаўвядзенні, якія дазволяць максімальна хутка гэты рэйтынг накачаць.

Што трэба змяніць у падаткаабкладанні, каб палепшыць сваё становішча ў рэйтынгу?

Па-першае, мы лічым, што варта перайсці на паквартальную плату ўсіх падаткаў за выключэннем тых, што плацяцца раз на год. Варта спрасціць формулу разліку падатку на прыбытак і мінімалізаваць час разліку падаткаў. На дадзены момант час для разліку падаткаў займае 900 гадзінаў – гэта вельмі шмат, нам трэба выходзіць на паказчык 150 гадзін. І вядома, павялічыць колькасць суб’ектаў, якія карыстаюцца электроннай сістэмай падачы падаткаў.



Наколькі карэктныя гэтыя рэйтынгі і ці сапраўды яны адлюстроўваюць стан бізнес-клімату ў краіне? У нас часта скардзіліся на тое, што нібыта Сусветны банк няправільна падлічвае. Што ў нас нейкае асаблівае падаткаабкладанне, а ён не ўлічвае гэтыя тонкасці...


Гэта складанае пытанне і хутчэй нават больш філасофскае. Кожны рэйтынг у прынцыпе суб’ектыўны і па азначэнні не можа быць ідэальным. Гэта нармальна. Праблема з рэйтынгам Сусветнага банку ў тым, што краіны і іх эканомікі, якія адрозніваюцца не толькі колькасна але і якасна, усе яны мераюцца і параўноўваюцца адна з адной.

Груба кажучы, Беларусь, у якой больш за 70% ВУП ствараецца ў дзяржаўным сектары, канкуруе з лёгкасцю вядзення бізнесу ў Сінгапуры ці Ганконгу, дзе абсалютна адваротная прапорцыя. Гэта ўжо пытанне да сусветнага банку – рэйтынг сапраўды недасканалы.
Менавіта таму, напэўна, беларускі ўрад так і зачапіўся за гэты рэйтынг. Тут прасцей за ўсё знайсці нейкія лазейкі. Працаваць з іншымі рэйтынгамі было б нашмат больш складана, там так проста не падманеш. А з Сусветным банкам магчымыя маніпуляцыі.

Што паказвае гэты рэйтынг? А што не паказвае?

Ён паказвае пэўныя фармальныя правілы вядзення бізнесу ў розных галінах. І, зразумела, не паказвае структуры самой эканомікі. Калі еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця рабіў з 91-га да 2004 года так званы “Transition report”, там было зразумела – параўноўваліся былыя сацыялістычныя краіны, вымяраўся іх прагрэс у буйной і дробнай прыватызацыі, банкаўскім рэгуляванні, абароне інвестараў і г.д. Там былі нейкія канкрэтныя лічбы, якімі немагчыма было кіраваць.

У адрозненні ад “Transition report”, гэты рэйтынг кіруемы, ён недасканалы менавіта ў гэтым плане. Варта было б у гэты рэйтынг дадаць якасць беларускай эканомікі, якая, на мой погляд, з’яўляецца не капіталістычнай, а хутчэй сацыялістычна-змяшанай. Уласна кажучы, у гэтым і ёсць праблема.

Ці можна ў такім разе сказаць, што такі рэйтынг – крок назад. Бо з ім можна праводзіць маніпуляцыі, паказваць, што нібыта ў нас адбываецца лібералізацыя, паколькі мы па рэйтынгу займаем больш высокія пазіцыі. Але сама структура эканомікі пры гэтым не змяняецца…

Я насамрэч не лічу, што гэта крок назад. Гэта, як мінімум, таптанне на месцы, з невялікімі крокамі наперад. Калі ўсе тыя рэкамендацыі, што мы прапаноўваем, будуць выкананыя, спадзяюся, што шмат у якіх галінах правілы гульні для бізнесу ў Беларусі сапраўды палепшацца. Менавіта таму мы лічым, што хоць рэйтынг не з’яўляецца самамэтай, але гэта лепш чым нічога. Дробныя рэформы – гэта лепш, чым увогуле адсутнасць рэформаў.

Ад таго, што беларускі бухгалтар будзе траціць не 900, а 150 гадзін на разлік падаткаў, нічога дрэннага не будзе – ніякага адкату і дэлібералізацыі. Ад таго, што людзі, якія займаюцца міжнародным гандлем, будуць мець магчымасць карыстацца новымі лагістычнымі складамі, таксама нічога дрэннага не будзе.

Адзінае, што не трэба блытаць колькасныя змены з якаснымі. Ну, і нарэшце, я думаю, што дадзены рэйтынг і мэта трапляння ў яго, з’яўляецца нядрэннай прычынай змены мыслення кіруючай эліты – чыноўнікам час перастаць баяцца лібералізацыі. Менавіта таму мы з такой гатоўнасцю і кінуліся дапамагаць распрацоўваць рэкамендацыі. Таму што мы лічым, што прынамсі нічога дрэннага з гэтага не будзе.

Беларусь палепшыла сваю пазіцыю ў рэйтынгу Сусветнага банка на 24 пункты: з 82-га месца ссунулася на 58-е. У параўнанні, у 2006-м годзе Беларусь займала 106-е месца. З першага погляду дасягненні нібыта нядрэнныя. Але ці з’яўляецца гэты вынік значным?

З моманту, калі прэзідэнтам была пастаўлена задача, было прынята больш за 80 прававых актаў. І ў прынцыпе, перамясціцца з 106-га на 58-е месца – гэта значна. Але тут важна разумець, што трэба спрабаваць гарманізаваць тое, што неабходна для паляпшэння рэйтынгу, з арганізацыйнымі запатрабаваннямі беларускага бізнесу. Як бы не пагоршыць правілы гульні ў пагоні за лічбамі і за рэйтынгамі.

На колькі важная сама пазіцыя ў рэйтынгу? Чым?

Я не думаю, што ёсць нейкая прамая выразная сувязь паміж топавым месцам у 10-цы і прытокам інвестыцый. Наіўна меркаваць, што як толькі Беларусь патрапіць у 30-ку, то тут будзе чарга з інвестараў, якія будуць прагнуць прыйсці на беларускі рынак. Натуральна, што інвестары глядзяць на іншыя рэчы і спрабуюць скласці поўны малюнак таго, што адбываецца ў краіне.

З іншага боку, горш не будзе ў любым выпадку, гэта па-першае. Па-другое, многія іншыя агенцтвы у сваіх рэйтынгах хутчэй за ўсё будуць праводзіць карэляцыю з рэйтынгам, які выстаўляе Сусветны банк. І гэта карэляцыя можа палепшыцца з-за таго, што мы патрапім у рэйтынг сусветнага бізнесу. Ну і нарэшце, гэта пэўная іміджавая рэч, Лукашэнка і ўрад могуць даць справаздачу – маўляў, глядзіце, чаго мы дасягнулі.

У чымсьці гэта, вядома, падмена паняццяў. Але зноў такі я кажу, што мы так цынічна гэту справу падтрымліваем, таму што лепей ужо так, калі сур’ёзна па-іншаму пакуль немагчыма.

Па якіх пунктах рэйтынгу ў Беларусі найлепшыя паказчыкі?

Было зроблена шмат працы ў сферы забеспячэння выканання кантрактаў. Былі зрухі ў сферы рэгістрацыі ўласнасці і прадпрыемстваў. Гэта самыя прагрэсіўныя пункты. Сыходзячы з тых паправак, якія былі прынятыя, на наступны год рэйтынг будзе ўжо іншым. Мы не абавязкова пабачым Беларусь у 30-цы лідараў у 2011 годзе. Рэйтынг ідзе са спазненнем, гэта трэба разумець. Але ў рэйтынгу 2012 года Беларусь будзе ў 30-цы.

Я думаю, што яна будзе нават у 20-цы, калі Сусветны банк рэзка не зменіць метадалогію і не дадасць новыя пункты. Цяпер многія аўтарытарныя краіны, напрыклад Азербайджан, імкнуцца ў 30-ку, для іх гэта з’яўляецца стратэгічнай задачай. Калі мы ў хуткай будучыні пабачым 4-5 постсавецкіх краін з мякка кажучы некапіталістычнымі эканомікамі ў 20-цы лідараў … То напэўна ўсім варта будзе задумацца, што ж уласна такое гэты “Doing Business Report”?

Магчыма, у такім выпадку туды дададуць іншыя паказчыкі?

Так, я думаю, што ў новы рэйтынг павінна ўвайсці штосьці звязанае з доступам да электрычнасці, электраэнергіі. Я думаю, што гэта будзе зусім хутка, мяркуючы па чутках. Рэйтынг будзе змяняцца ў лепшы бок.

Які з існуючых рэйтынгаў самы важны для інвестараў?

Я не магу ўявіць сабе сур’ёзнага інвестара, які будзе прымаць рашэнне аб выхадзе на пэўныя рынкі толькі сыходзячы з нейкіх рэйтынгаў, так бывае вельмі рэдка. Кожная група, кожны інвестыцыйны банк будуць абапірацца на свае паказчыкі – яны будуць праводзіць уласныя даследаванні рынку, ацэньваць інтарэс, рызыкі, сыходзячы са свайго ўласнага крэдытнага рэйтынгу.

Значыць, калі мы нават ўвойдзем у 20-ку краін з найлепшымі ўмовамі вядзення бізнесу, то гэта не значыць, што адразу да нас усе пойдуць?

Так, можна ведаць прадмет на “5”-ку на іспыце, а можна атрымаць “5”-ку на іспыце. Тое, што мы тут прапаноўваем: “Давайце ўжо нарэшце атрымаем пяцёрку”. Усё роўна вы на пяцёрку не вывучыце, але давайце яе хаця б атрымаем! Пяцёрка – гэта лепш, чым двойка.

Якія будуць вашы далейшыя крокі і прапановы, пасля таго, калі мы ўсё ж такі атрымаем гэтую пяцёрку? Куды далей трэба рухацца і на што звяртаць увагу?

Паўжартаўлівы адказ: трэба напісаць прапанову Сусветнаму банку, як палепшыць метадалогію “Doing business”, каб такія краіны як Беларусь усё ж такі не маглі пралезці ў 30-ку.
А калі сур’ёзна, то трэба глядзець, пра што будзе 4-я дырэктыва прэзідэнта аб лібералізацыі. Самыя цікавыя рэчы цяпер, напэўна, будуць адбывацца ў сферы прыватызацыі. Асабіста мне больш за ўсё цікавыя менавіта яны.

Ці змяняецца штосьці для ўнутранага бізнесу ад змены пазіцыі ў рэйтынгу?

Ускосна, натуральна. Для таго, каб змяніць пазіцыі ў рэйтынгу, спачатку трэба змяніць пэўныя правілы гульні для іх. Але змяняць трэба вельмі акуратна, каб не ствараць новыя праблемы.

Ураду варта было б яшчэ больш пільна вывучаць метадалогію Сусветнага банку, таму што там ёсць маса цудоўных шчылін і магчымасцяў, якімі ў ён зацікаўлены скарыстацца. Спадзяюся, што і ў нашых, у выніку – таксама.

Каб гэта проста не пераўтварылася ў пагоню за прызам, за месцам дзеля месца…

Мне падаецца, не столькі важная матывацыя, колькі важны вынік. Калі мы створым прыватны рэгістр крэдытных гісторый, прыватныя інфармацыйныя агенцтвы – гэта пераход на больш цывілізаваныя правілы гульні. Дрэнна ад гэтага хутчэй за ўсё нікому не будзе. Ці будзе настолькі добра, як магло бы быць – гэта ўжо іншае пытанне.

Усё ж такі, змены ў рэйтынгу – гэта хутчэй колькасныя змены або якасныя?

Гэта, безумоўна, колькасныя змены, якія ў выніку могуць прывесці да якасных зменаў. Калі мы не можам якасна змяняць нашы правілы гульні і інстытуты, то давайце гэта рабіць хаця б колькасна.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі