"Едзьце ў РАУС, забярыце прадукты, што набыла ваша дачка"

Каля "Гіппа" ў Серабранцы людзі ў цывільным нахапалі шмат выпадковых пакупнікоў гіпермаркета на ўваходзе.

"Мы выходзілі з пакупкамі з пакетамі. У сябра ў руках была бутэлька вады 5-літровая, у мяне — пакеты. Закупіліся і выходзілі праз цэнтральны ўваход. Яго пад рукі, мяне пад рукі ўзялі, яго ў адзін бок, мяне ў іншы. Потым мяне адпусцілі, бо некага іншага схапілі. А яго адвезлі ў Ленінскі РАУС", — распавядае хлопец, які прыйшоў да свайго сябра на суд, яму далі суткі.

У Анатоля Карнейчыка затрымалі адразу дачку і зяця, старэйшую дачку адпусцілі, пашкадавалі яе, бо яна адна з двума дзецьмі, якія засталіся дома. Схапілі таксама ля "Гіппа", пакуль зяць і старэйшая дачка чакалі малодшую дачку на ўваходзе.

"Зяць і дачка выйшлі з крамы, іх схапілі траіх — і ў гэты аўтазак. Абвінавачанне простае: вы занадта доўга знаходзіліся каля крамы. Што гэта такое? Малодшая ж увогуле толькі выйшла з крамы. А зараз прыпаяюць нейкае абвінавачанне: непадпарадкаванне ці лаянку".

< Распісаліся маладыя людзі паўгода таму, абодвум цяпер далі 10 сутак. Бацьку ж сказалі прыйсці ў РАУС забраць пакеты з ежай.

Карнейчык: “Калі суд скончыўся і зяця і маю дачку павялі ў аўтобус, каб завезці адбываць тэрмін, хтосьці, відаць, з органаў, пераапрануты ў цывільнае, сказаў: вы едзьце ў Ленінскі РАУС, забярыце прадукты, што набыла ваша дачка. Я прыходжу — там поўная торба ежы: і мяса, і ўсё іншае. Уявіце: выйшла з крамы — і ўсё".

Да адной жанчыны з пакетамі на выхадзе з гіпермаркета падскочылі двое, узялі пад рукі, запыталі: "У акцыі ўдзельнічаеце?"— адказала: "Так". Пацягнулі ў аўтазак. Потым яна распавяла, што падумала, нібыта пытаюць пра распродажы.

Аляксей сустрэў яе і мужа ўжо на выхадзе з РАУС, дзе чакаў свайго сябра.

"Жанчына выйшла, яна была разгубленая, муж яе кіпеў ад злосці. Яны распавялі, што запыталі людзі ў цывільным: "Ці ўдзельнічаеце ў акцыі?" — "Так". І пацягнулі. Яна стала крычаць: "Са мной дзеці!". Там дзве дзяўчынкі былі 10 і 4 год прыблізна. Яны гэтых дзяцей павялі ў аўтобус".

Каля Палаца чыгуначнікаў затрымалі дзвюх бабуль, ноч яны правялі на Акрэсціна. Адной з іх стала кепска, яе адвезлі на "хуткай", іншую асудзілі на штраф у 800 тысяч.

У Вілейцы Аляксея Пасынкава затрымалі з сабакам на падыходзе да цэнтральнай плошчы. І разам пацягнулі ў аўтобус. У РАУС сабаку не хацелі пускаць, але і адпускаць мужчыну не жадалі. Таму пёс быў затрыманы на 2,5 гадзіны.

"Я кажу: а калі патрэбу трэба будзе справіць? Калі ласка! Але сабака цярпеў, схадзіў толькі на вуліцы, калі выпусцілі. Я яму ў прынцыпе дазволіў прама ў аддзяленні нагадзіць, але ён адмовіўся".

У Баранавічах жанчыну затрымалі разам з 6-гадовай дачкой. Юлія прыйшла гуляць з дачкой да фантанаў, малая каталася на электрамабілі. Да маці падышла супрацоўніца аддзела ідэалогіі, сказала, каб не фатаграфавала. Потым выклікала міліцыю — і жанчыну з дачкой забралі ў аўтобус.

"Там папрасілі падпісаць паперу, што больш не буду ўдзельнічаць у ніякіх акцыях".

Некалькі гадзінаў 6-гадовая дзяўчынка правяла разам з маці ў міліцыі.

"Я ганаруся ёй, яна вельмі смелая дзяўчынка. Не плакала, паводзіла сябе абсалютна адэкватна, яна малайчына. Але калі мы вярнуліся дадому ўжо некалькі гадзінаў пазней, нажаль, у яе здарыўся нервовы зрыў. Плакала, не магла заснуць".

Таксама ў двух месцах затрымлівалі раварыстаў. Разам з роварамі (!) зацягвалі ў аўтобус.

А на плошчы Бангалор затрымалі мужчыну, які выклікаў міліцыю, бо пабачыў, як нейкія бандыты нападаюць на людзей. Пра гэта Еўрарадыё распавяла слухачка Таццяна Колышава, якая трапіла на суд.

"Падбеглі міліцыянты да яго, узялі, сказалі: "Мы разбярэмся". Ён сказаў: "Гэта я выклікаў міліцыю, там бойка, нехта б'ецца". І яго павезлі. На судзе яго запыталі: "Вы прызнаеце сваю віну?" — "Так, прызнаю. Я ж крычаў". — "А што вы крычалі?" — "Я крычаў: міліцыя, міліцыя!".

Восем сутак за такое.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі