Дзіянаў: Хто крыкне “Жыве Беларусь”, будзе лічыцца правакатарам

Ці не думаеце вы, што людзям надакучыць збірацца на вуліцах?

"Выходзяць на вуліцы звычайныя грамадзяне. Калі грамадзяне бачаць, што іх падманваюць, іх робіцца ўсё больш і больш. А грамадзяне ёсць і ў міліцыі, і ў арміі, і ў школах, і настаўнікі, і працоўныя. Сістэма сама сябе такім чынам знішчае. Рана ці позна чыноўнікі проста адмовяцца ад Лукашэнкі. Мы лічым, што 100 тысяч чалавек будзе дастаткова, каб змяніць уладу".

Як вы сабе ўяўляеце гэта? Выйдзе 100 тысяч і Лукашэнка скажа, прабачце, я сыходжу?

"А калі 100 тысяч не разыдзецца? Звычайна ва ўсіх краінах, дзе прыходзілі 100 тысяч, улада мянялася. Тут яшчэ трэба разумець, што ў нас трохі іншая сістэма. Мы пачалі выводзіць людзей не ў адзін дзень і планаваць не пад адзін дзень. І людзей выходзіла ўсё больш і больш, і будзе выходзіць яшчэ больш. Проста потым гэта можа стаць штодзённым, калі збярэцца шмат людзей. Людзі, калі яны бачаць, што нашы дзеянні вядуць да яе змены, то яны будуць выходзіць. А калі перамогуць страх, то іх стане яшчэ больш".

Але калі людзі будуць збірацца і нічога не будзе адбывацца? Калі да восені колькасць перастане ўзрастаць?

"Калі рэжым застанецца да восені, то ўвосень, а пра гэта гавораць усе аналітыкі, будзе яшчэ горшы крызіс, і ўсе заводы зразумеюць і адчуюць на сабе. А заводы гэта не студэнты, і ён цудоўна гэта разумее".

Дык адкуль з'явяцца тыя, хто закліча людзей застацца, а не разыходзіцца?

"Гісторыя паказвае, што калі збіраецца вельмі вялікая колькасць людзей, а працэс пачаўся не з палітычных партый, а з народа, то з'яўляюцца лідары з народа. Будуць гэта апазіцыйныя лідары ці нейкія новыя, гэта ўжо не прынцыпова важна. Яны проста з'явяцца. Мы ж не лідары, проста мадэратары, якія акумулююць людзей, якія туды прыходзяць. А лідары пасля змены ўлады няхай праяўляюць сябе. Няхай ідуць у народ, ствараюць дэмакратычны ўрад. Мы не на што не прэтэндуем. Мне 24 гады, я не магу сядзець ва ўрадзе, але я магу зрабіць усё, каб Лукашэнка сышоў".

Значыць, не плануеце ўзначаліць гэты пратэстны рух?

"На дадзены момант мы гэта не плануем. Калі гэта спатрэбіцца, то будзе іншае пытанне. Але мы гэта не плануем ні ў якім выпадку, ды і наўрад ці зможам".

Дык усё ж застаецца незразумелай каардынацыя людзей, калі іх збярэцца шмат. Хто скажа заставацца, хто будзе пазбягаць правакацый?

"А вось гэта, вось гэта хай застанецца ў таямніцы ад Лукашэнкі".

Чаму групу ў кантакце назвалі менавіта "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі"?

"Рэвалюцыя гэта кардынальныя змены, у дадзеным выпадку – у грамадстве. Гэта не абавязкова трэба трактаваць, як нейкія перавароты. Мы дамагаемся зменаў ва ўсіх сферах, вельмі хуткіх і радыкальных. Калі казаць пра назву, то людзі стаміліся ад розных назваў, блокаў і партый. Людзям трэба нешта простае. Самі людзі прыдумалі гэтую назву".

А адкуль з'явілася ідэя маўклівых акцый?

"Чалавек, які прыдумаў ідэю маўклівых акцый, ён мне проста даслаў яе. Мы выбіралі розныя ідэі. Тады ўжо "Рэвалюцыя праз сацыяльныя сеткі" з'явілася. Гэта быў механізм, як данесці да людзей ідэю. А мы выбіралі фармат, такі фармат нам прапанаваў адзін з карыстальнікаў".

Чаму вырашылі апладзіраваць? На першых акцыях гэтага не было.

"Людзі нам дасылаюць паведамленні, і мы аналізуем іх. Лепшыя - ажыццяўляем. Людзі самі пачалі хлопаць на трэцяй сустрэчы, і мы пабачылі як гэта дзейнічае! Таму ідэю прыдумалі не мы, а народ".

Але яна стала нагодай для затрыманняў...

"Яна стала нагодай для затрыманняў толькі таму, што яна з'яўляецца самай дзейснай. Яны баяцца людзей, якія хлопаюць. Гэта элементарнае дзеянне, якое выдае гук і якое нельга забараніць, але яно цалкам гаворыць пра пазіцыю людзей".

Гавораць, што такія акцыі падобныя на польскую "Салідарнасць"? Можа вы перанялі нейкі досвед?

"Перад тым як пачаць нашы дзеянні, мы вывучалі падобны вопыт у розных краінах не толькі ў Польшчы. Наша ідэя не новая, але мы яе ўзмацняем рознымі ідэямі, якія з'яўляліся па ўсім свеце".

Дык гэта ўсё ж флэшмоб ці акцыя?

"У законе аб масавых мерапрыемствах няма такога паняцця як акцыя. Там ёсць пікет, мітынг, акцыі няма. Таму мы гаворым, што гэта акцыя".

Можа з вамі на кантакт спрабавалі выйсці спецслужбы?

"Тых людзей, якія нам дапамагаюць, да іх прыходзяць, прымушаюць выдаляць свае акаунты, пужаюць адлічэннямі. Розныя метады ціску аказваюць. Асабіста на мяне ніхто яшчэ не выходзіў, хаця мой тэлефон даступны".

Калі да вас звернецца КДБ з прапановамі пагаварыць сустрэцца, ці нехта з прадстаўнікоў замежных арганізацый прапануе дапамогу?

"Калі гэта пачнецца, я проста кіну слухаўку. Няхай тэлефануе Лукашэнка".

Калі вас ніхто не падтрымлівае фінансава, на што вы жывяце?

"Я зараз навучаюся на курсах польскай мовы, гэта падрыхтоўка да паступлення ў ВНУ. Стыпендыя ў мяне 900 злотых, 400 аддаю за кватэру, 500 застаецца на жыццё. Гэтага мала, але мне хапае".

Акцыя праходзіць без лозунгаў і сімволікі. Тыя, хто парушае прынятыя правілы, становіцца правакатарамі. Калі я, напрыклад, крыкну "Жыве Беларусь", я стану правакатарам?

"Так".

І мяне здадуць у міліцыю?

"Не. У нас усё вельмі добра напісана ў тактыцы, што рабіць з правакатарамі, трэба проста ад іх адыходзіць. Ёсць тактыка, калі чалавек згодны, то ён прыходзіць. Гэта не значыць, што мы кепска ставімся да лозунга "Жыве Беларусь". Мы кепска ставімся да таго, што людзі пачынаюць займацца нечым лішнім. Нехта крычаць пачне, нехта сцяг дастане з сярпом і молатам. Павінна быць ўпарадкаванасць у нашых дзеяннях, калі мы хочам дамагчыся вынікаў".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі