"Дзелавому інтэрнэту" не хапае дзвіжухі"

Сёлета беларускія юзеры 7-ы раз сабраліся на канферэнцыю "Дзелавы інтэрнэт". Ізноў лепшага месца за мінскі Палац прафсаюзаў не знайшлося. Хаця месца там ужо відавочна не хапае, як бачна, вырасла не толькі аўдыторыя Белнэта але і колькасць наведвальнікаў інтэрнэт-канферэнцыі.

"Справа ў тым, што ў гэтай зале 1,5 тысячы месцаў уключна з балконам. І летась, і сёлета ўсе квіткі раскуплены", – кажа Юрый Зісер.

Што праўда, як спыніўся імклівы рост інтэрнэт-аўдыторыі, так спыніўся рост наведвальнікаў "Дзелавога інтэрнэта". Сёлета ён ажыятажны але і летась  было таксама.

Сярод прысутных заўважаю шмат бэджаў без назвы фірмы, проста – “Андрэй”, “Алег”... Аказваецца каля паловы квіткоў набывалі не юрыдычныя асобы, а, напрыклад, студэнты ды іншыя прыватныя наведвальнікі. Ужо ў дзень правядзення канферэнцыі давялося выкінуць у продаж яшчэ дадатковых квіткоў. Але і іх хутка не засталося.

Відаць, што Палац прафсаюзаў ужо не змяшчае ўсіх жадаючых. Ужо а 11-й раніцы вольных месцаў у гардэробе няма. Арганізатары мараць пра Мінск-арэну, як і карыстальнікі мараць пра анлім у 100 мегабіт за 10-20 еўра, але ў Мінск-арэне хакей.

"Мы сёлета зноў сутыкнуліся з праблемай пошуку памяшкання, але ў Мінску і 20 км ад Мінска ніякіх даступных памяшканняў няма. Попыт павялічыўся, з-за выездаў ДІ ў абласныя гарады. Пачалі прыязджаць людзі з рэгіёнаў у Мінск", – кажа піаршчыца TUT.by Дар'я Біч. Дарэчы, і ў інтэрнэце колькасць карыстальнікаў не з Мінcку сёлета павялічылася.

На канферэнцыі, як і ў інтэрнэце, дзяржава прадстаўлена нязначна. За апошнія гады створаныя дзяржаўныя сайты, можна напісаць зварот у Міністэрства па электроннай пошце. Але тыя ж сайты дзяржустановаў абнаўляюцца не ўсе і не заўсёды. Так і ДІ прадстаўнікі дзяржавы традыцыйна ігнаруюць. Не прыйшоў анансаваны прадстаўнік ААЦ, быў адзін прадстаўнік Мінсувязі, але з вузкай кампетэнцыяй – электронныя паслугі. Таму адказаў на некаторыя пытанні зала так і не пачула.

Як у інтэрнэт-прасторы, на адной сцэне сабраліся канкурэнты TUT.by і Анлайнер.  Кіраўнік апошняга Аляксандр Стэльмах піша ў сваім блогу: "Толькі вярнуўся з логава ворага".

Падаецца, што, як на форумах, у галоўнай зале ДІ ўсе сабраліся яшчэ для таго, каб адзін аднаго трошкі патроліць. Чаго вартыя пытанні: Ці не збіраюцца TUT.by і Анлайнер набыць адзін аднаго? Ды прызнанні, хто ў каго якія ідэі скраў. Аўдыторыя тролінг падтрымлівае.

Тое, што канферэнцыя выйшла за межы збору прафесіяналаў і бізнесоўцаў паказвае, хаця б працэнт квіткоў набытых за наяўыя грошы. Таму проста цікавых секцый і майстар-класаў ужо мала. Не хапае дзвіжухі, адзначаюць наведвальнікі ДІ:

"Трошкі не хапае нейкай дзвіжухі. У пачатку яна можа і была, але цяпер усе паглыбіліся ў дзею, напрыклад, няма музыкі. Таксама варта было б падумаць лепш пра арганізацыю ежы, можа прывезці кавярні сюды".

Гэта праўда, за кавай цяжка было прабіцца нават Юрыю Зісеру. А з дзвіжухі заўважаем, толькі настольныя гульні і вось гэтую дзіўную забаву.

Адзінае, дзе рэал і віртуал разышліся – пакупка квіткоў. З ёй былі некаторыя праблемы, асабліва ў тых, хто набываў па безнаяўным разліку. Адным словам, забіраць квіткі на анлайнавую канферэнцыю ўсё роўна трэба афлайн, а юрыдычным асобам яшчэ і падпісваць дамовы і перасылаць іх факсам.

"У працэдуры продажу па безнале заўсёды дадатковыя дакументы. Падача заяваў, каб у Tiketpro было пацверджанне гатоўнасці заплаціць. У любым выпадку гара нейкіх дакументаў, якія на жаль, даводзілася падпісваць і дасылаць па факсе.  Сітуацыя па негатыве, па кучы папер, якія трэба было запаўняць, такая ж, як летась. Будзем працаваць разам з Tiketpro, каб былі лепшыя ўмовы аплаты", – распавядае піармэнаджар TUT.by Дар'я.

Вось такая наша віртуальная рэальнасць, калі інтэрнэт-супольнасць ідзе асобна, дзяржава ідзе асобна, яе прадстаўнікі ўжо традыцыйна не прыходзяць, так, што іх адсутнасці хіба ніхто і не заўважае.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі