Дрэвы ўздоўж дарог высякаюць... каб павысіць ураджайнасць?

"Тое, што раней высаджвалі як абаронныя палосы, сёння пачынаюць выдзіраць, рэзаць, пілаваць... Мы не такія багатыя, каб траціць на гэта шалёныя грошы. На гэтай паласе асаблівага ўраджаю не атрымаеш. Нашы продкі высаджвалі гэтыя дрэвы, а мы пілуем", — такая сітуацыя здзіўляе Аляксандра Лукашэнку ў Магілёўскай вобласці. Як аказалася, гэтая з'ява — масавая.

"Мясцовыя органы ўлады, каб задзейнічаць гэтыя плошчы, увялі іх у палі сельгасабарачэння і яны сталі землямі сельгаспрызначэння. Нас таксама абурае гэта і мы прымаем меры і недзе нават спынілі гэта. Паднялі пытанне вырубкі лесу ўздоўж дарог і дэпутаты. Гэтая праблема актуальная сёння ў краіне", — гаворыць Еўрарадыё намеснік міністра прыроды Анатоль Ліс.

Сапраўды, паводле звестак Мінпрыроды, высечаныя  прыдарожныя палосы на Гомельшчыне, жыткавіцкія дубы. Шмат фактаў высечкі зафіксавана ў Гродзенскай вобласці, такія ж выпадкі — і ў Віцебскай. Сякуць усё і паўсюль пад выглядам навядзення парадку на зямлі. Дарэчы і ў бюджэце на 2012 год запланавана паўмільярда рублёў на пашырэнне сельскагаспадарчых земляў.

"Усіх гэта абурае, а для губернатараў і мэраў — як вірусная хвароба. Дрэвы абрэзаць на 3 метры. Што яны, перашкаджаюць? Ссякаць трэба тыя, якія хворыя", — абураюцца ў Мінпрыроды.

Ужо падлічана, што за кошт лесапалос можна пашырыць плошчы пасеву на 7,5 тысяч гектараў. Але ці экалагічна вырошчваць пшаніцу побач з трасамі? — такія пытанні задае Мінпрыроды.

"Асабліва там, дзе трасы загружаныя і дзе шмат транспарту. Там вырошчваць сельгаскультуры ні эканамічна, ні экалагічна, ні з медыцынскага пункту гледжання няма неабходнасці. Там цяжкія металы і гэтак далей. Недзе ў полі, дзе адзін трактар праедзе за дзень, там гэтая паласа не нясе нагрузкі і яе можна задзейнічаць ў пасяўны абарот і атрымаць прадукцыю", — кажа Анатоль Ліс. 

Тым часам, згодна з інфармацыяй Мінпрыроды, знішчэнні дрэваў уздоўж аўтадарог працягваюцца.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі