Для шматдзетных і інвалідаў адмянілі льготы на растаможку машын

Шматдзетныя сем’і і інваліды першай групы больш не змогуць увозіць аўтамабілі з-за мяжы без аплаты растаможкі. Раней гэта дазваляў дэкрэт кіраўніка краіны ад 2002 года. Але 24 лістапада 2011 года ён быў адменены... ўказам прэзідэнта.


"У нас быў адзін чалавек, яго дакументы вярнулі з адказам, што пакінулі без разгляду, з-за таго, што дэкрэт згубіў моц", — распавядаюць Еўрарадыё ў Партызанскім райвыканкаме.


З 1 ліпеня 2011 года мытныя пошліны на аўтамабілі выраслі амаль у 8 разоў. Раней растаможка машыны ўзростам 8 год і аб'ёмам рухавіка 1,8 каштавала 800 еўра, а цяпер за яе даводзіцца плаціць 6300 еўра.


Магчымасць вярнуць гэтыя грошы заставалася толькі ў шматдзетных і інвалідаў першай групы. Такой магчымасцю ў Партызанскім раёне Мінска скарысталіся каля 6 чалавек, распавядаюць Еўрарадыё ў выканкаме.


"Такіх людзей няшмат, з-за таго, што машыну нельга прадаць. Мы штогод адсочвалі, каб сям'я выкарыстоўвала яе для сваіх мэтаў. Калі б яны прадалі машыну — растаможку давялося б вярнуць".


Між іншым вярнуць грошы было не так проста. Спачатку трэба прыгнаць аўтамабіль і заплаціць пошліну, потым падаць заяву з дакументамі ў мясцовы выканкам, далей гэта перадаецца ў гарвыканкам. Пасля пакет дакументаў павінны зацвердзіць у камітэце па працы, Мінфіне і Мытным камітэце. І толькі потым яны ішлі ў адміністрацыю прэзідэнта, дзе указам кіраўніка краіны кожная асобная сям'я вызвалялася ад пошлін.


"За мінулы года 14 асобам была прадстаўленая ільгота, — распавядаюць у Партызанскім райвыканкаме. — Ім вярнулі цалкам растаможку. Прычына адмоў збольшага ў тых, у каго даходы перавышалі, таксама улічвалася, ці ёсць ужо аўтамабілі ва ўласнасці".


Аказваецца, каб атрымаць такую ільготу, акрамя траіх непаўнагадовых дзяцей, даход на чалавека ў такой сям'і не павінен перавышаць бюджэт пражытковага мінімуму. Толькі тады грошы за растаможку аўтамабіля з Еўропы могуць вярнуць.


"Мы вярталі, але, на жаль, ужо гэтага няма, — кажуць у Завадскім райвыканкаме. — Кампенсацыя някепская была".


Агулам, па Мінску за год гэтым правам скарысталіся больш за паўсотні сем'яў, якім вярнулі грошы.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі