Для каго працуе беларускі спадарожнік

130408_marcin_spadaroznik.mp3

На прадпрыемстве “Геаінфармацыйныя сістэмы”, якое займаецца беларускім спадарожнікам, Еўрарадыё запэўніваюць, што іх здымкі патрэбныя Міністэрству па надзвычайных сітуацыях і Гідраметэацэнтру.

“У МНС цяпер інфармацыю па паводках дасылаем, па Прыпяці. Метэаролагі карыстаюцца”, — тлумачаць там.

Але ратавальнікі ўзгадваюць толькі “некалькі здымкаў”, якія атрымалі з беларускага спадарожніка.

“На сістэмнай аснове не магу сказаць, што пастаянна атрымоўваем здымкі. Спадзяемся, што з пажаранебяспечнага перыяду будзем атрымоўваць у поўным аб’еме інфармацыю. Бо па паводцы ёсць некалькі здымкаў, але не ў тым аб’ёме, які нам патрэбны”, — кажа Еўрарадыё прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі.

Разам з выратавальнікамі і мы спадзяемся, што летам здымкаў стане больш, каб сачыць за тарфянымі пажарамі.

Для прагнозаў надвор’я наш спадарожнік не падыходзіць, расчароўваюць мяне ў Гідраметэацэнтры. Там карыстаюцца еўрапейскімі спадарожнікамі: тыя часцей абнаўляюць здымкі:

“Ён праз нашу тэрыторыю пралятае два разы на суткі. А ў нас ёсць спадарожнікі, дадзеныя якіх абнаўляюцца кожныя 15 хвілін. Гэта еўрапейскія спадарожнікі. Праз 15 хвілін і два разы на суткі: розніца ёсць”.

Здымкі з еўрапейскіх спадарожнікаў бясплатныя, бо сіноптыкі атрымліваюць толькі невялікую частку ад усіх дадзеных. Астатняе — за вялікія грошы!

“Каб атрымаць у поўным аб’еме інфармацыю, гэта дарагая інфармацыя. А мы пакуль атрымоўваем бясплатна, але гэта самыя прымітыўныя некалькі каналаў”, — даводзяць сіноптыкі.

У Міністэрстве сельскай гаспадаркі спадзяюцца, што спадарожнік будзе рабіць прагноз па… ураджайнасці!

“Калі наш спадарожнік там ёсць ужо, то мы ўвесну будзем карыстацца гэтымі вынікамі падчас паспявання пасеваў. Па ўраджайнасці сельскагаспадарчай культуры яны нам будуць даваць прагноз”, — гаворыць на прэс-канферэнцыі намеснік міністра сельскай гаспадаркі Васіль Паўлоўскі, адказваючы на пытанне Еўрарадыё.

Але ў “Геаінфармацыйных сістэмах” пра той прагноз Еўрарадыё нічога сказаць не могуць:

“Праекта такога пакуль няма, але ёсць магчымасці. Бо ў ЗША, напрыклад, гэтым займаюцца з 60-ых гадоў”.

Нагадаем, беларускі спадарожнік запусцілі ў космас летась з касмадрома Байканур у Казахстане. Касмічныя здымкі патрэбныя найперш спецыялістам па картаграфіі і геадэзіі. На яго пайшло каля 17 мільёнаў долараў.

За здымкі беларускага спадарожніка прапаноўваюць 0,5 долара за кіламетр

Фота: onliner.by 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі