За здымкі беларускага спадарожніка прапаноўваюць 0,5 долара за кіламетр

130227_savi4_kosmos.mp3

Падрабязную экскурсію па прадпрыемстве “Геаінфармацыйныя сістэмы” праводзіць вучоны сакратар Віктар Зазноў. Як чалавека дасведчанага, уступленне Беларусі ў шэрагі касмічных дзяржаў яго, безумоўна, радуе. Нягледзячы на тое, што геаінфармацыйныя сістэмы — аб’ект рэжымны, тут даволі часта бываюць дэлегацыі.

Еўрарадыё: А прэзідэнт быў?

Віктар Зазноў: "А як жа! Але вельмі даўно, калі яшчэ першы раз рыхтаваўся запуск спадарожніка, што няўдала запусцілі. Але ў Лукашэнкі хапіла мудрасці, каб даць і сродкаў, і падтрымку, каб другі раз запусціць праект, хаця мог і не даць, бо ён быў вельмі раззлаваны на расійскіх калег за запуск спадарожніка!"

У “Геаінфармацыйных сістэмах” безліч аддзелаў — спецыялісты літаральна дзень і ноч вядуць назіранне за беларускім касмічным апаратам і выконваюць заяўкі на касмічныя здымкі. Іх ужо замовіла Міністэрства па надзвычайных сітуацыях і Непал, але гэта, на думку супрацоўніка "Геаінфармацыйных сістэм", толькі пачатак камерцыялізацыі працэсу.

“Зараз на стадыі дамоў працэс. Непал з намі працуе, Белгідраметэацэнтр дакладна працуе, Міністэрства па надзвычайных сітуацыях, бо зараз пачынаюцца паводкі і пажары, з Венесуэлай мы сябруем”, — кажа Віктар Зазноў.

Хто яшчэ замаўляе здымкі беларускага спадарожніка, супрацоўнікі ўстановы не кажуць: маўляў, камерцыйная таямніца. Але намякаюць, што танна нашы здымкі мы прадаваць не будзем.

“Зараз ідуць дамовы, вызначаецца кошт, прапаноўвалі смешныя грошы за здымкі. Паўдолара за квадратны кіламетр! Не буду называць, хто гэтак прапаноўваў. Але гэта будзе вырашаць урад — па якіх коштах замаўляць здымкі. Але зараз яшчэ ідуць лётныя выпрабаванні: зімой гэта вельмі складана рабіць”.

Супрацоўнікі "Геаінфармацыйных сістэм" кошты не называюць, але дзеляцца вопытам закупкі здымкаў у французаў.

“3-4 долары за квадратны кіламетр!”.

І тут жа дадаюць, што сістэма аплаты за здымкі будзе дыферэнцыяванай — для беларусаў адна, для іншых дзяржаў іншая.

Супрацоўнікі кажуць, што ад моманту атрымання першых здымкаў і па сёння якасць змянілася кардынальна. Паказваюць здымкі: Бразілія, Сірыя, Беларусь — дакладна бачныя Вяснянка, МКАД.

“Вось тут Бразілія, лясы, "Мінск-арэна", МКАД — вось добра бачныя машыны і аўтобусы, вось Прыпяць — лясы каля яе — бачна, дзе высечаныя лясы, палі”.

Еўрарадыё: А Дразды здымаеце?

“Калі трапляе ў камеру — здымаем”.

Дарэчы, і нядаўні метэарыт патрапіў у поле зроку беларускага спадарожніка.

“Вось калі ўпаў метэарыт, мы таксама здымалі пашкоджанні, зараз гэтыя здымкі апрацоўваюцца”.

Навукоўцы тлумачаць, што ў беларускага спадарожніка вельмі маленькая плошча захопу — каля 20 кіламетраў. За суткі айчынны спадарожнік абыходзіць Зямлю 15 разоў.

Спецыялісты паказваюць здымкі Сірыі, Бразіліі, Непала. І кажуць, што прымяненне спадарожніка — маштабнае: у сельскай гаспадарцы можна назіраць за палямі, за выспяваннем культур. Але пакуль што не ведаюць, як гэта супрацоўніцтва з калгасамі будзе ажыццяўляцца на практыцы.

На пытанне, што будзе пасля таго як тэрмін службы спадарожніка скончыцца, а акадэмія неаднаразова ўказвала 5 гадоў, Віктар Зазноў кажа, што спадарожнік праслужыць даўжэй.

“Упадзе. Але як паказвае практыка, спадарожнікі працуюць даўжэй, сем гадоў — і працуе!”.

Калі ж беларускі спадарожнік акупіць 16-17 мільёнаў долараў, якія былі выдаткаваныя на яго, адказу пакуль няма. Але спецыялісты спадзяюцца, што, магчыма, нават раней, чым скончыцца тэрмін дзеяння спадарожніка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі