Дэпутаты, Лукашэнка і Мінабароны выступаюць за альтэрнатыўную службу

130110_martin_zakon.mp3

У плане законапраектаў на 2013 год заўважаем закон “Аб альтэрнатыўнай службе”. Падрыхтаваць яго мусяць у ліпені, а Палата прадстаўнікоў разгледзіць у кастрычніку.

Такі закон наспеў, нечакана запэўніваюць Еўрарадыё ў Міністэрстве абароны:

“Закон неабходны, тым больш, ён цяпер распрацоўваецца па даручэнні”.

Прыняць такі закон хацелі яшчэ ў 2004 годзе, але яго “забаніла” Палата прадстаўнікоў. У 2010-м кіраўнік краіны гаворыць аб распрацоўцы закона аб альтэрнатыўнай службе. Але за тры гады праект застаўся ў праекце.

Дэпутаты палаты прадстаўнікоў праект закона яшчэ не бачылі. Яны таксама гавораць пра неабходнасць!

“Мяркую, што гэта патрэбна, бо пытанне ўздымаецца. Ёсць тая катэгорыя людзей, для якой мэтазгодна зрабіць альтэрнатыўную службу”, — дзеліцца з Еўрарадыё думкай дэпутат камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Зыгмунд Валевач.

Старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Аляксандр Мяжуеў праекту яшчэ не бачыў.

Праект закона Аб альтэрнатыўнай службе Еўрарадыё не знаходзіць ні на прававым партале, ні на сайце міністэрства працы, якое яго распрацоўвае.

Па словах каардынатара ініцыятывы “За альтэрнатыўную грамадзянскую службу” Міхаіла Пашкевіча, гэта звычайная практыка, калі праекты законаў даюць на абмеркаванне, калі іх ужо зацвярджае Палата прадстаўнікоў:

“Зараз усё залежыць ад грамадзян, наколькі актыўна яны будуць патрабаваць абвяшчэння гэтага праекта”.

Але Міхаіл Пашкевіч праект закона ўсё ж бачыў. І робіць высновы: калі закон прымуць, альтэрнатыўшчыкі будуць служыць… у горшых умовах.

Міхаіл Пашкевіч: “Тое, што збіраюцца ўвесці — гэта расійскі варыянт. Чалавек, які абраў альтэрнатыўную службу, будзе вымушаны служыць даўжэй, у горшых умовах. Фактычна – гэта плата за свае перакананні”.

Нагадаем, Украіна і Грузія збіраюцца адмовіцца ад тэрміновага прызыву ў войска. У Літве, Латвіі і Польшчы ўжо некалькі гадоў дзейнічае прафесійнае войска. А ў Беларусі дзевяць гадоў уводзяць альтэрнатыўную службу.

Фота: vmnews.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі