Даярка: Як жа мы будзем даіць кароў жалезам? Гэта ж жывая істота!

120822 Savich Caw.mp3

“Усе заснаванае на інстынктах. Карова сама заходзіць, калі мяркуе, што яе трэба даіць. Калі час для дойкі не наступіў, робат выганяе карову спецыяльнай электрапугай. А калі трэба даіцца — спецыяльны лазер знаходзіць вымя, прысмоктваецца і доіць карову”, — распавядаюць Еўрарадыё ў агракамбінаце  "Ждановічы".

Гэта там кароў дояць “Астранаўты”. Карова сама вырашае, калі павінна даіцца? Цыркавыя каровы проста! Гавораць, надоі павялічыліся на 25-30%.

Прэзідэнт, наведаўшы гэтую гаспадарку, прапанаваў ўсталяваць “Астранаўтаў” на тых фермах, дзе да гэтага часу дояць ў вёдры.

“Мы павінны ўвесці ў кожнай гаспадарцы па такім малочнатаварным комплексе. І ў першую чаргу, дзе дояць у вядро. Гэтая рабская праца павінна сысці ў гэтым годзе!”

Еўрарадыё абтэлефаноўвае дзясятак гаспадарак па ўсёй краіне. Пытанню, ці доіце кароў у вядро, здзіўляюцца:

“Не, ну вы жартуеце? Толькі калі хворая карова і ёй колюць антыбіётыкі, малако нельга ў малакаправод, або ацялілася, дояць уручную ці ў вядро”, — кажуць у гаспадарцы “Антонава-агра” Віцебскай вобласці. Зразумела, рукамі ніхто цяпер калгасных кароў не доіць. Нават “у вядро” – у спецыяльны бачок міні-дойкай дояць зрэдку.

“Гэта ж каменны век. Можа, у пяцідзесятыя гады і былі такія спосабы, а цяпер усё малакаправодамі…”, — таксама здзіўляюцца ў агракамбінаце “Ждановічы”.

Дарэчы, нават малакаправодамі задаволеныя не ўсе. Кажуць, што гэта “пазбаўляе працэс чалавечага фактару”, не дапамагае сачыць за жывёламі належным чынам.

“Калі даярка ўручную доіць карову, яна ж вызначыць, дзе ў яе пачынаецца хвароба, вымя разамне, а малакаправодам гэтага ж не адчуваеш, галоў шмат – на адну даярку 50 галоў, дзе тут ўсочыш? У нас была даярка, якая хоць і даіла малакаправодам, але заўсёды дадойвала кароў, любіла свой статак”, — кажуць у “Антонава-агра”.

Гаспадаркі пра перспектыву, даіць кароў пры дапамозе робата, выказваюцца неадназначна:

“Робат не пашкодзіў бы, але каштаваць ён мусіць 2,5 мільярда рублёў. Можа, яно і лепей гэты робат, але трэба ж будзе трымаць чалавека, які б гэтыя робаты абслугоўваў? Гэта ж электроніка! Трэба вышэйшую адукацыю”, — такія сумневы ў гаспадарцы “Камарынскае” Гомельскай вобласці.

У гаспадарцы Верхнядзвінска “Антонава-агра” мяркуюць, што робатаў заводзяць з-за таго, што ў вёсках застаецца ўсё менш і менш людзей:

“Даяркі і з малакаправодамі працаваць не жадаюць – мала плацяць, а робата заводзяць, таму што людзей не хапае”.

У гаспадарцы “Бялёў” Гомельскай вобласці заўважаюць: робат — ёсць робат, і жывога чалавека ён не заменіць. Даярка Ірына з гэтай жа гаспадаркі ўражвае простай народнай логікай:

“Карова — гэта ж жывая істота! Робат — гэта жалеза, ну як мы жалезам будзем даіць кароў? Да каровы трэба і ласку ўжыць. Ну, робаты ў дамах таксама ёсць, але яны ж нічога не замяняюць. Я сваіх каровак любячы даю, дадойваю, калі трэба, усё як мае быць...”

Фота: maniamag.com.au

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі