Даўжэй за ўсіх на выставе ўзбраенняў Milex заставаліся суданцы і дзеці

На адкрыцці гаварылася пра тое, што выстава паказвае новыя магчымасці абароны краіны. Якія, відаць, мусіў прадэманстраваць… дзіцячы танцавальны ансамбль. А потым ужо пачаліся выбухі, вызваленне закладніка і паказальны выступ роты Ганаровай варты.

“Столькі дасягненняў у галіне ваеннай. Калі б нам такіх жа дасягненняў у іншых галінах", — гаворыць бабуля, якая прывяла маленькага ўнука на выставу.

Унуку відовішча спадабалася: "Ну, усё спадабалася. І вось тая шэранькая машынка, верталёт той. Ух ты! Бабуля, глядзі: самалёт!"

Бабуля: "Так. Гэты самалёт можа паразіць вось тая ўстаноўка. Без кіроўцы тут яшчэ ездзіў цудоўны робат з кулямётам, якога можна ў тыл ворага заслаць, а чалавек ім можа кіраваць праз кампутар".

За ўсім гэтым назіралі замежныя госці-вайскоўцы, а таксама міністр абароны Юрый Жадобін, намеснік прэм'ера Сяргей Румас і Віктар Лукашэнка, на руцэ у якога быў заўважаны гадзіннік NEW ULYSSE NARDIN Dual Time коштам ад 4700 да 6800 долараў.

Буйная дэлегацыя з Судана адразу зацікавілася прадукцыяй для радыё-электроннай барацьбы канструктарскага бюро "Радар".

"Мы вельмі зацікаўленыя ў рознай абароннай прадукцыі, якая павышае нашае эканамічнае супрацоўніцтва з Беларуссю. Абарона вельмі важная для Судана, бо нам неабходныя сучасныя тэхналогіі для падвышэння нашага абароннага патэнцыялу. У Судане і ўсёй Афрыцы шмат праблем, звязаных з барацьбой з трансмежным тэрарызмам, і для гэтага патрэбна вельмі добрае і сучаснае абсталяванне, і мы радыя бачыць, што Беларусь нарэшце развілася дастаткова для вытворчасці такіх цудоўных прадуктаў".


А вось вайскоўцам з Амана тлумачаць, як працуе мабільная станцыя для адсочвання самалётаў:

"Гэта станцыя для выўлення і суправаджэння самалётаў. Яна бачыць самалёты, якія ляцяць нізка на адлегласці 25 кіламетраў".

Афіцэр з В'етнама прыехаў на выставу толькі паглядзець на прадукцыю. Яго больш за ўсё зацікавіў мабільны медычны комплекс. "Утульна тут", — адзначыў в'етнамскі афіцэр.

"Ну, я проста як вайсковы афіцэр прыехаў паглядзець. Канечне, з пункту гледжання ваенных мэтаў новыя ўзбраенні — гэта цікава. Узброеныя сілы В'етнама пакуль не вельмі моцныя. Таму пакуль толькі паглядзець, а калі купляць, то для гэтага патрэбныя грошы. А як раз калі пытанне датычыцца грошаў, то тут зусім іншая справа".

Дэлегацыя з Эміратаў, таксама вельмі прадстаўнічая, як суданская і аманская, зацікавілася найперш супрацьтанкавай бронемашынай з унікальнай палімер-керамічнай бранёй. Што яшчэ ў ёй ўнікальнага, Еўрарадыё не расказалі: відаць, ваенная тайна.

"Дэлегатам мы распавядаем, але ж яны на дыктафон не запісваюць".


А вось афіцэр з Літвы ходзіць па выставе адзін, увогуле дэлегацыі з ЕС не вельмі вялікія, іх склад нават не агучвалі на адкрыцці.

"Усё, што я тут бачыў, мне пакуль падабаецца. Асабліва мне спадабаліся мабільныя комплексы, якія была магчымасць паглядзець. Бачу, што развіццё ідзе і ёсць шмат цікавых рэчаў, — гаворыць вайсковец з Літвы. — Ніколі спакойна не бывае, і немагчыма ведаць, што і калі здарыцца. І тэрарызм, напэўна, — наш самы галоўны вораг. Ён можа быць сёння тут, а можа быць за 1000 кіламетраў".


Звычайных наведвальнікаў у першы дзень было не шмат, бо ўваход у сам манеж быў толькі для V.I.P.-асобаў. У асноўным былі дзеці з бацькамі і студэнты, якія пасля вайскоўцаў атрымалі магчымасць пакіраваць зброяй, што аказалася нескладана. Некаторая тэхніка кіруецца звычайным джойсцікам, з чым змог зладзіць звычайны школьнік.

Акрамя суданцаў, якія пасядзелі ў кабінах амаль ўсіх вайсковых машын, даўжэй за ўсіх на выставе заставаліся дзеці. Выстава будзе праходзіць да 27 мая.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі