Да свайго 45-годдзя Алег Хаменка зладзіў кватэрны творчы вечар(фота, відэа)

120406 Malina Hamenka.mp3

Днямі лідар гурта "Палац" Алег Хаменка зладзіў для прыхільнікаў хатнюю сустрэчу і такім чынам адсвяткаваў свой Дзень нараджэння. Праўда, фармат музыка выбраў незвычайны, бо яго выступ быў падобны на лекцыю, афарбаваную песнямі.

"Рабіць Дзень нараджэння і пры гэтым душыць мэнэджэраў, каб яны вырашалі пытанні з квіткамі на нейкія там самалёты, каб арганізавалі мне канцэрт за мяжой, неяк гэта мне падаецца няшчыра, -  тлумачыць абраны фармат музыка. – Напэўна тое, што зараз адбылося, яно мне было больш да месца. Гэты фармат быў, напэўна, самым ідэальным. Атрымаўся нейкі такі творчы вечар да 45-годдзя. Тым больш, што і праграму назвалі "45 каля спадчыны".


Падчас каватэрніку Алег разважаў на абсалютна розныя тэмы, і распавядаў пра песні, якія выконваў. Прычым, часам музыка спыняў спеў, каб патлумачыць значэнне таго ці іншага слова на палескім дыялекце. Але гэта зусім не выглядала занудна, па-выкладчыцку, усе слухалі з непрыхаванай цікавасцю, каментавалі і задавалі пытанні.


"Калі я прыйшоў і ўбачыў, што гэта ўвогуле аднапакаёвая кватэра, то мяне гэта неяк вынесла, - дзеліцца ўражаннямі Алег Хаменка пасля выступу. - Не, зараз я сам узрушаны і людзі ўзрушаныя, і такія ўсе шчаслівыя... Нешта і парагаталі, і паплакалі, і паспявалі разам, і папляскалі... Я вельмі спадзяюся, што гэта непадобна на секту, што гэта ўсё ж падобна на канцэрт. Я вельмі ўсім удзячны! Так успрымалі! Глядзелі мне неяк у рот, што мне ажно нават было трохі няёмка. Такое было ўражанне, што я там нейкі "ідзіце да мяне, бандэрлогі!", як казаў Пуцін".


І сапраўды, публіка была ў захапленні, да апошняга не жадала разыходзіцца і не адпускала Алега. Перад сыходам музыкі з кватэры прысутныя дзяўчаты падарылі Хаменку самаробны інструмент "Шум дажджу". Дарэчы, гэта не першы кватэрнік у гэтым памяшканні. Гаспадыня Марына прызналася, што ўжо каля шасці разоў прымала музыкаў і іх прыхільнікаў. І былі выпадкі, калі прыходзіла значна больш людзей.


"Прапанавалі сябры, - узгадвае Марына, як яна ўпершыню зладзіла канцэрт у сябе дома. – Запыталіся, ці магу я даць сваё памяшканне пад кватэрнік. Я падумала: а чаму б і не! І ўсё. Ну, і ёсць яшчэ дадатковая прычына, каб прыбрацца, каб было чысцей у кватэры. Да таго ж, тут яшчэ і энергетыка збіраецца".

На кватэрніку прысутнічаў і Аляксандр Памідораў, з якім адразу ж арганізатары імпрэзы пачалі дамаўляцца на хатні выступ. Праўда, калі ён будзе і ў якім месцы, пакуль не вядома, але гаспадыня кватэры Марына з задавальненнем прыме і памідораўскіх прыхільнікаў.

Нагадаем, у савецкія часы, калі рок-рух толькі пачынаўся, музыкам рэдка шанцавала зладзіць канцэрт. І тыя канцэрты, што праходзілі, вельмі пільна адсочваліся ўладамі. Вычытваліся тэксты, сачылі за паводзінамі публікі падчас канцэрту, за тым, што казалі музыкі са сцэны... Менавіта таму вельмі шырокую папулярнасць тады набылі кватэрнікі, дзе можна было і паводзіць сябе як хочаш, і казаць тое, што думаеш. Кватэрнікі і да гэтага часу праводзяцца па ўсім свеце, толькі робіцца гэта зараз дзеля новага досведу, таму што гэта цікава самім музыкам. Да якога вырыянту адносіць кватэрнікі беларускіх музыкаў, вырашаць ужо вам!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі