Цёплую вопратку для зняволеных турма шукае праз газеты

"Надыходзіць зімовы перыяд. Вельмі шмат зняволеных не маюць сваякоў. Іх садзяць улетку, крымінальная справа ідзе каля паўгода. Надыходзіць восень, іх асуджаюць, і яны ад нас едуць у калоніі. У многіх няма сваякоў, каб перадалі шапку, куртку, нейкі абутак. Прымаем таксама штаны і швэдры. Гэта ўсё каб апрануць зняволеных. З гэтым пастаянна вялікая праблема", — распавядаюць Еўрарадыё ў Жодзінскай турме №8. Турма дае такую абвестку ў мясцовую газету не першы год. Людзі не вельмі ахвотна адгукаюцца.

Рэч у тым, што на час следства зняволеныя знаходзяцца ў ізалятарах часовага ўтрымання, а там выдача вопраткі не прадугледжана. У чым затрымалі — у тым і сядзіш.

"Выдача сезоннай вопраткі ў ізалятарах часовага ўтрымання і следчых ізалятарах не прадугледжана. Атрымоўваецца, што гэта твае праблемы. Калі выводзяць на прагулку, часова могуць выдаць нешта цёплае — паліто ці куртку. Але на этап гэта не аддадуць", — тлумачыць намесніца старшыні інфармацыйна-асветніцкай установы "Платформа" Алёна Красоўская-Каспяровіч.

Калі чалавека затрымалі ўлетку і асудзілі ўзімку, на этап ён ідзе ў тым жа, у чым быў затрыманы, толькі ў калоніі выдаюць сезонную вопратку. Пасля вызвалення і яе забяруць. Таму жодзінская турма просіць дапамогі.

"У калоніі вязуць зімой на аўтазаках, да цягнікоў, залежыць, хто ў якую вобласць патрапіць. Як гэта зняволеных без цёплай вопраткі адправім? Нават у нас ёсць арышт да 6 месяцаў, калі яны вызваляюцца зімой, няма ў чым выйсці".

Звычайна, кажа Алёна Красоўская-Каспяровіч, зняволеныя самі неяк выходзяць з сітуацыі. Добра, што адміністрацыя зацікавілася праблемай.

"Радуе, што ім не напляваць, што надыходзіць восень і шмат каму няма ў чым этапавацца".

Еўрарадыё звяртаецца ў магілёўскую турму і даведваецца, што там таксама ёсць падобная праблема, але яна вырашаецца.

"Працуем з "Чырвоным крыжом". Яны нам даюць гуманітарную дапамогу. У асноўным гэта людзі без месца жыхарства. Іх злавілі летам у штанах і майцы, далі шэсць месяцаў, вызвалілі зімой".

Паводле слоў супрацоўнікаў калоній, людзі амаль не дапамагаюць. Хутчэй з-за адсутнасці інфармацыі, што такая дапамога патрэбная. Тым часам на Акрэсціна няма матрацаў і бялізны, каб забяспечыць спальныя месцы для арыштаваных. Але дапамогі адміністрацыя не просіць, спасылаецца на недахоп сродкаў. Ці прымуць там дапамогу, як у Жодзіне?

Фота: bymedia.net

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі