Ці можна праверыць, што за цябе не прагаласавалі?

"Не хадзіў на выбары. Як праверыць, што за мяне прагаласавалі?" — такім пытаннем задаецца слухач радыё.

"Гэтыя матэрыялы апячатаныя і здадзеныя ў архівы. Як гэта кожны цяпер будзе хадзіць і правяраць гэтыя спісы?" — здзіўляецца пастаўленаму пытанню сакратар ЦВК Мікалай Лазавік.

Але тэарэтычна праверыць гэта не складана. Дастаткова глянуць у спісы выбаршчыкаў. Там насупраць кожнага прозвішча мусіць стаяць подпіс, калі ты атрымаў бюлетэнь. Калі распісваўся, значыць твой подпіс ёсць, калі не, значыць няма, — кажа Мікалай Лазавік. І мы пагаджаемся. Але ж як праверыць?

Тэлефануем у акруговую камісію, маўляў, хачу праверыць, ці не прагаласаваў нехта за мяне. Дакументаў у камісіі ўжо няма — здалі на захоўванне... Журналісту Еўрарадыё ў акруговай камісіі раяць пытацца пра гэта… да выбараў!

"Вам наконт гэтага пытання трэба было звярнуцца да 23 верасня. Таму што ўсё здадзена ў архіў. Аркушы камісія запакавала, апячатала і распячатваць мы не маем права".

Паводле закону выбаршчык можа толькі азнаёміцца з тым, што яго ўключылі ў спіс, — кажа эксперт па выбарчым заканадаўстве Сяргей Альфер.

"Шчыра кажучы, упэўніцца ў тым, прагаласаваў грамадзянін ці не з пункту гледжання выбарчага заканадаўства дастаткова складана. Паколькі ўчастковая камісія спыняе сваю дзейнасць пасля падвядзення вынікаў галасавання. Вось яна здае пратаколы і пасля гэтага ўчастковай камісіі як такой юрыдычна не існуе".

Але ж пакуль афіцыйных вынікаў выбараў яшчэ няма! Яны яшчэ толькі будуць абвешчаныя. А акруговыя камісіі ўжо ўсё здалі ў архівы.

Згодна са словамі Мікалая Лазавіка, распячатаць архіў можна толькі рашэннем Цэнтравыбаркама.

"Толькі калі будзе прынятае рашэнне аб пераліку галасоў на гэтым участку. Калі для гэтага маюцца сур'ёзныя падставы — калі паступіла заява аб сур'ёзных парушэннях, якія паўплывалі на вынікі галасавання на гэтым участку".

Хаця законам не забаронена глядзець спісы выбаршчыкаў, на практыцы для гэтага патрэбныя сур'ёзныя падставы — рашэнне ЦВК або пракуратуры.

"Калі ў чалавека ёсць падставы меркаваць, што на гэтым участку былі груба парушаныя нормы заканадаўства і было здзейснена злачынства, ён можа звярнуцца ў пракуратуру. Калі пракуратура палічыць, што довады выклікаюць давер і распачне справу, то ёсць надзея пабачыць вынікі. У іншым выпадку ўпэўніцца, прагаласаваў чалавек ці не, практычна немагчыма", — ставіць кропку ў нашым пытанні Сяргей Альфер.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі