Чытаць вершы Васі Шугалея выстраілася чарга (Фота, Відэа)

Днямі, каб падтрымаць выставу графічных прац Васі Шугалея у галерэі "Ў", было зладжанае чытанне яго вершаў. На жаль, людзей на імпрэзу прыйшло не шмат. У асноўным, гэта былі сябры ды знаёмыя мастака. А вось колькасць дэкламатараў нечакана падвоілася.


 

"Спачатку я знайшла толькі аднаго. Гэта быў Аляксандр Казела - прафесійны акцёр, - кажа арганізатарка чытанняў. - Плюс два валанцёры (прадзюсар Уладзімір Шаблінскі і Вікторыя Шаблінская - заўв. Еўрарадыё). Я ім проста сказала, што будзе такі вечар, а яны прапанавалі таксама пачытаць. А астатнія літаральна за паўгадзіны да пачатку падышлі. Хто сябры, хто жадае проста пачытаць і таксама ведае яго вершы. Карацей, экспромт".


Да прыкладу, такой нечаканасцю стала з'яўленне супрацоўніка піянерлагера, дзе ў канцы 80-х Вася быў чаканым госцем.

"Ён дзецям спяваў свае песні. І "Милиционерку" і песню пра сяброўку і Леніна. Дзеці яго вельмі любілі, а мне, як піянерважатаму было неяк... няёмка. Але Вася быў лідарам не толькі атрада, але і ўсяго лагера. Некаторыя вершы з прачытаных, дарэчы, былі напісаныя менавіта ў гэтым піянерлагеры "Белая Русь" у Раўбічах".

У Васі Шугалея выходзіў толькі адзін зборнік вершаў, менавіта з яго і выбіралі што чытаць. Але гэта вельмі малое выданне, а Васіны вершы збольшага вельмі кароткія. У выніку дэкламатары некалькі разоў паўтаралі творы, але публіка ўсё роўна прымала іх так, нібыта чула ўпершыню. Ну, і каб не заставалася адчування недаказанага, акцёр Аляксандр Казела выйшаў пасля ўсіх жадаючых і дачытаў тое, што засталося непрачытаным.

Праект "20 000 запальнічак"- гэта выстава графічных прац Васі Шугалея ды жывапісу яго сястры Вольгі, на адкрыцці якой адбылося часовае адраджэнне гурта "Ы.Ы.Ы.", дзе калісьці спяваў Вася. Выстава будзе працаваць да 27-га лістапада.

Васіль Шугалей быў добра вядомы ў мінскай музычна-авангарднай тусоўцы. Ён стварыў уласны праект “Ы.Ы.Ы.”, кожны выступ якога суправаджаў правакацыямі і розыгрышамі. Калі Шугалей пераехаў у Маскву, ён дапамагаў прадзюсаваць такія папулярныя зараз гурты, як "Ляпис Трубецкой", "Запрещенные барабаншики" і "Би-2". Ён напісаў шмат песень для расійскіх зорак, але самай папулярнай стала кампазіцыя “Ветер знает, где меня искать…” у выкананні гурта “Браво”. 7 сакавіка 2002 года Вася Шугалей быў знойдзены мёртвым у сваёй маскоўскай кватэры, яго задушылі дротам ад камп’ютара. Музыка-авангардыст быў пахаваны на могілках у Калодзішчах.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі