Чыноўнікі скардзяцца, што не спраўляюцца з… папяровай цяганінай

130114_savich_4inu6y.mp3
“У нас старшыня райвыканкама заробак часам атрымлівае ніжэйшы, чым на прадпрыемстве! Мы павінны заахвочваць людзей заробкам, а яго няма”, — кажуць Еўрарадыё ў аддзеле кадраў райвыканкама ў Глыбокім. У сувязі са скарачэннямі тут пільна сочаць за кадрамі.


“Калі хто перадпенсійнага веку ці ў дэкрэт сышоў — тады мы не бяром нікога на гэтыя пасады, так спраўляемся”, — кажуць у райвыканкаме і заўважаюць, што працуюць і ўдзень, і ўначы, і нават у выхадныя.


“Гэта не з-за таго, што мы не спраўляемся ці не правільна арганізаваны працоўны працэс, а з-за таго, што многа папяровай працы!”.

І гэта добра, калі бюракраты скардзяцца на бюракратызм! Глыбоцкі райвыканкам накіроўваў прапановы, каб падвысілі заробак дзяржапарату, каб скарацілі папяровую цяганіну і неяк аптымізавалі працу.


У Мазыры ніякіх скарачэнняў чамусьці не чакаюць — працуюць у штатным рэжыме і нават заўважаюць, што мусіць быць пяць намеснікаў старшыні, а працуе толькі чатыры. Недахоп, атрымліваецца…


А вось у Віцебскім аблвыканкаме кожны чалавек на ўліку.


“Калі скарачаць, трэба рабіць прапарцыйна. Так не можа быць, што наверсе працаўнікоў многа, а тых, хто распараджэнні, хто нарматыўныя дакументы выконвае і сочыць за іх выкананнем, мала. І таму тут на першае месца выходзіць вузкі, эгаістычны, ведамасны інтарэс”.


У аблвыканкаме ёсць вакансіі спецыялістаў, але запаўняць іх ніхто не спяшаецца, бо павінны быць “людзі з вопытам працы і ўзроўнем адукацыі”.


Саўмін ад усялякіх каментароў пра памяншэнне колькасці чыноўнікаў адмаўляецца, нягледзячы на блізкі фінал кампаніі па скарачэнні, прабачце, аптымізацыі дзяржапарату. Тут заўважаюць, што адна з пазітыўных зменаў, што чакае дзяржапарат, — падвышэнне заробкаў.


“Прэзідэнт жа сказаў, што трэба падвышаць, гэта азначае, што будзем падвышаць”, — кажуць у прэс-цэнтры Саўміна.


Мінгандлю, які да гэтага прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на пару з Міністэрствам па падатках і Міністэрствам жыллёва-камунальных паслуг прапанаваў расфарміраваць, жыццярадасна заяўляе:


“Будзе Мінгандлю, ніхто яго расфарміроўваць не будзе! Жыве Мінгандлю! Не дачакаецеся!”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі