Чым пагражаюць валютныя крэдыты Беларусі?

130214_savi4_kredity.mp3

Прэм’ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч просіць вярнуць валютныя крэдыты для насельніцтва.

“У Беларусі мэтазгодна вярнуць валютныя крэдыты. Прашу Нацыянальны банк гэтае пытанне разгледзець і камерцыйныя банкі яго таксама падтрымаць”.

Крэдыт у валюце прываблівае больш нізкімі працэнтнымі стаўкамі ў 10-15%, як гэта было да забароны валютных крэдытаў Нацбанкам. У той час як крэдыт у “зайчыках” на агульных умовах шакуе працэнтнымі стаўкамі — болей за 30%!

Эканаміста Леаніда Заіку прапанова вярнуць валютныя крэдыты вельмі здзівіла.

“Насамрэч я вельмі ўражаны гэтай прапановай. Навідавоку, гэта тэарэтычны закідон, бо Мясніковіч не адрозніваецца здатнасцю да прыдумляння ідэяў са столі”.

На думку Заікі, валютныя крэдыты цяпер недарэчы.

“Гэта пагроза не толькі для банкаў і простых спажывальнікаў, было б наіўна думаць, што пра іх паклапаціліся, але і для краіны ў цэлым. Браць крэдыты трэба толькі ў нацыянальнай валюце. Валютны крэдыт выгадны за кошт больш нізкіх працэнтаў, але вельмі пагрозлівы на перспектыву”.

Для краіны валютныя крэдыты не выгадныя тым, што Беларусі сёлета давядзецца выплаціць больш за 3 мільярды долараў пазыкі.

“Кожны дзень нам трэба будзе адкладваць болей за 8 мільёнаў долараў, каб аддаваць гэтыя грошы. А валютныя крэдыты пацягнуць у самым горшым выпадку 2 мільярды. Гэта дадасць напругі на валютным рынку за кошт павялічанага попыту на валюту, якую нам трэба будзе аддаваць…”.

Эканаміст Леанід Злотнікаў таксама гаворыць пра перспектыву.

“Тут сцэнарый можа развівацца па двух накірунках. Усё стабілізуецца, але можа быць, што адбудзецца дэвальвацыя, і гэты крэдыт будзе вельмі дарагім! Можна казаць пра тое, што долар, як і беларускі рубель, абясцэньваецца. Кароткачасовыя валютныя крэдыты былі нявыгаднымі, але доўгатэрміновыя… Можа і нармальна”.

Пры гэтым эканаміст заўважае, што мадэль эканомікі, якая існуе цяпер, працягне максімум яшчэ два-тры гады, бо яна не эфектыўная.

Цікава, што ледзь не ва ўсіх інфацэнтрах як камерцыйных, так і дзяржаўных банкаў пра валютныя крэдыты ведаюць — глядзелі па тэлевізары, але ніякіх указанняў зверху не маюць.

Нацбанк сітуацыю не каментуе, бо пытанне "разглядаецца на самым высокім узроўні", але эканаміст Сяргей Чалы ўпэўнены, што галоўны банк краіны не дапусціць таго, каб валютныя крэдыты зноў з’явіліся на фінансавай арэне.

“Саўмін таксама зразумець можна, бо ім трэба планы выконваць, але наўрад ці Нацыянальны банк пойдзе на гэта”.


Фота: nevseoboi.com.ua

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі