Чым беларуская вопратка адрозніваецца ад кітайскай? (фота)

“Як паказвае вопыт нашага прадпрыемства, людзі выбіраюць замежную вопратку, зыходзячы з дызайну. Вось тут нашым мастакам яшчэ ёсць над чым працаваць. Дызайн, магчыма, колеры…”, — сціпла расказвае маладая супрацоўніца адной са шматлікіх тэкстыльных фабрык, якія рашыліся паказаць мне сваю прадукцыю на выставе.

Пакуль размаўляю з дзяўчатамі, да стэнда падыходзяць людзі. Поўны мужчына ў гарнітуры патрабуе каталог прадукцыі “на Расію”, інтэлігентнага выгляду жанчына з малымі дзецьмі шукае ім якасную і цёплую бялізну.

Даведваюся, што гэтая вясенняя выстава праводзіцца, хутчэй, для галачкі. Сябе паказаць, на другіх паглядзець. А вось восенню (тэкстыльныя выставы ў Мінску праводзяцца два разы на год) ўсё куды больш сур’ёзна — там заключаюцца кантракты на наступны год. Ад салідных бізнэсоўцаў, якія просяць даць каталогі “на Расію”, адбою няма.

Радуючыся за беларускіх тэкстыльшчыкаў пытаюся ў дзяўчат, дзе яны апранаюцца самі. Раптам нешта цікавае параяць. У адказ чую, што з беларускага мае прыгожыя суразмоўцы носяць… толькі спартовае.

“Ведаеце, спартовую вопратку мы выпускаем. Вось, спартыўнае я бяру сваё. А паўсядзённую вопратку — спадніцы, штаны… Беларускага не купляю”.

Прыглядваюся да вешалак у пошуках нечага спартовага. Рэчы там прыемныя на дотык, але дызайн і тут не вельмі. Нагадвае вопратку, у якой я хадзіў на фізкультуру ў школе гадоў 15 таму.

Беларуская вопратка хоць і не крытычна, але даражэйшая за кітайскую. Яшчэ адзін мінус — абмежаваны асартымент.

Іду па выставе далей у пошуках чагосьці яскравага і запамінальнага. Знаходжу стэнд з вельмі мілымі дзіцячымі валёнкамі па 130 тысяч за пару (валёнкі для дарослых, таксама прыемнага выгляду, каштуюць удвая даражэй). Прыцягвае ўвагу і прадукцыя Дэпартамента выканання пакаранняў — спецоўкі, камуфляж і нават пасцельная бялізна. Калі не ведаць, хто пашыў гэтыя прасціны і навалачкі, можна спакойна сніць радасныя сны.

Праз паўгадзіны пошукаў ўсё ж знаходжу стэнд, за якім стаіць апранутая ў беларускую вопратку супрацоўніца гродзенскай фабрыкі. Яна кажа, што ў беларускага тэкстылю — еўрапейскі стыль:

“Элегантна-дзелавы стыль у нашай вопраткі. Больш еўрапейскі. Яна нават мае іншае прызначэнне. Кітайская — больш паўсядзённая, спартыўная. Больш зручная, напэўна, для адпачынку”.

І дадае, што ў кітайскім адзенні не будзеш сядзець у офісе саліднай фірмы, а тым больш не пойдзеш у тэатр.

Выключыўшы дыктафон чую, што кітайская вопратка, як і ўся лёгкая прамысловасць, ужо не тая, што была раней, калі беларусы не паварушацца, хутка страцяць і так невялікую перавагу.

“Ведаеце, спартовую вопратку мы выпускаем. Вось, спартыўнае я бяру сваё. А паўсядзённую вопратку — спадніцы, штаны… Беларускага не купляю”.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі