Чаму валюта з’явілася, а жадаючыя яе набыць… зніклі

110923 Rugajn Birzha_0.mp3

Еўрарадыё заўважыла, што на працягу паўгода, пакуль не было валюты, жадаючых яе набыць… стала менш. 15 сакавіка на валютна-фондавай біржы аб’ём здзелак склаў 47,5 мільёнаў долараў — а 23 верасня долараў прадалі амаль у два разы менш, 24,5 мільёна.

Трэба разумець: падабаецца нам гэта ці не — рынак такі, які ён ёсць. І, хутчэй за ўсё, самыя буйныя пакупнікі і прадаўцы не выстаўляюць заяўкі на біржы, а прыглядаюцца да сітуацыі”, — распавядае Еўрарадыё фінансавы аналітык афіцыйнага партнёра “Альпары” ў Мінску Вадзім Іосуб.

Магчыма, ўдзельнікі біржы чакаюць, калі будзе адменены падатак на розніцу паміж курсам на дадатковай сесіі і афіцыйным. Такое абяцанне зрабіла старшыня Нацбанку Надзея Ермакова.


У той самы час эксперт заўважае, што хоць аб’ёмы здзелак і паменшыліся ў параўнанні з мінулымі гадамі, але не ў разы. Тым больш, пакрыху аб’ёмы таргоў павялічваюцца, і праз некаторы час мы пабачым на валютна-фондавай біржы звыклыя сумы.

Вадзім Іосуб: “Я думаю, што хутка мы выйдзем на нармальныя аб’ёмы для нашай біржы”.


Пры ўсім гэтым аналітык лічыць, што таргі на біржы можна лічыць толькі “ўмоўна свабоднымі”. Рэч у тым, што памер змянення курса вызначае біржа (то бок Нацбанк), і не заўсёды аб’ектыўна.

Вадзім Іосуб: “У адным выпадку перавышэнне прапановы над попытам вядзе да таго, што курс падае на 10 рублёў, у іншым выпадку такое ж перавышэнне вядзе да таго, што курс падае на 460 рублёў. Гаворка аб тым, што паніжэнне вызначаецца Нацбанкам даволі адвольна, і я б сказаў, нават адміністратыўна”.


Ёсць і іншая версія, чаму аб’ёмы таргоў не такія вялікія, як хацелася б. Маўляў, не ўсе прадпрыемствы дапускаюцца да таргоў — каб паменшыць аб’ёмы здзелак. У такім выпадку прасцей кантраляваць сам курс. Але ў “Абсалютбанку” Еўрарадыё запэўніваюць, што любы жадаючы можа прыняць удзел у таргах.

Супрацоўнік “Абсалютбанку”: “Ёсць кліенты, якія хочуць купіць валюту танна. Курс на таргах даходзіць да ўзроўня, які яны выстаўляюць у заяўцы, таму мы не выстаўляем такую заяўку ў таргі. Але гэта рашэнне самога кліента, ён зрабіў такі выбар для свайго бізнэсу. А так ніякіх тэлефанаванняў ці рэкамендацый на гэты конт няма”.


Еўрарадыё звярнулася ў Беларускую валютна-фондавую біржу, каб даведацца, ці можна па сённяшнім аб’ёме продажаў валюты вызначыць рэальны курс. Карэспандэнту Еўрарадыё прапанавалі самому зрабіць высновы.

Беларуская валютна-фондавая біржа: “Як мы пракаментуем, чаму аб’ёмы сталі большыя ці меншыя? Мы не робім такія каментары. Мы не робім ніякіх аналізаў. Для нас важна арганізаваць таргі, роўны доступ усіх удзельнікаў і аднолькавыя магчымасці для ўсіх”.

Фота: by.media

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі