Чаму смятана адной тлустасці і складу мае розны тэрмін захоўвання?

121109_savi4_smetana.mp3

У краме ля паліцы са смятанай я бянтэжуся: смятана розных малочных заводаў аднолькавай тлустасці і аднолькавага складу мае розны тэрмін захоўвання!

Смятана Пастаўскага малочнага завода тлустасцю 20%, тэрмін захоўвання толькі шэсць сутак. А такі ж па складзе прадукт з брэсцкага “Савушкінага прадукта” ці з ваўкавыскага “Белакта” можа знаходзіцца ў лядоўні да 20 сутак!

“У нас свая смятана, але раз-пораз купляем і ў краме. Бывае, што яна камячкамі нейкімі, а бывае і вельмі добрая”, — падтрымлівае маю збянтэжанасць і жыхарка з вёскі Ветка Алена. У яе сям’і карову трымаюць вельмі даўно і, натуральна, маюць і дамашнюю смятану, і вяршкі, і малако. Дамашняя смятана можа быць прыдатная тыдзень, мо трохі больш.

Па тлумачэнні звяртаюся да вытворцаў. На малочным заводзе ў Ваўкавыску на пытанні пра тэрмін захоўвання нічога не адказваюць:

“Мы нічога ў сваю смятану не дадаем! У нас натуральны прадукт”.

У Паставах абгрунтаванні больш зразумелыя. І нават ашаламляльныя:

“Тэрмін захоўвання залежыць ад тэхналогій. Хутчэй за ўсе вы кажаце пра “Бабуліну крынку”, “Савушкін прадукт”. Там зусім іншыя заводы, абсталяванне, яны могуць сабе дазволіць гэта, а мы маленькі заводзік, мы ні на што не прэтэндуем…”, — кажуць на заводзе.

Свае сакрэты доўгатэрміновай смятаны раскрываюць на брэсцкім “Савушкіным прадукце”:

“У нас мінімальны кантакт чалавека з малаком, выраб прадукта і яго фасоўка робіцца з мінімальным уздзеяннем чалавека”.


Тэрміны захоўвання малочных прадуктаў вызначае шэраг інстанцый, у тым ліку і Мінздароўя. Калі прадукцыя можа ляжаць шэсць дзён — у лабараторыі смятану вытрымліваюць мінімум дванаццаць дзён і пасля гэтага ацэньваюць яе якасці. А пасля павелічэння тэрміна прыдатнасці вытворца гарантуе, што смятана захавае сваю якасць пасля вытрымкі. Але толькі ў… закрытым пакеце. Вось пра гэта вытворцы часта не пішуць на ўпакоўцы.

Канчаткова загрузіўшыся інфармацыяй, атрымліваю літаральна ўдар пад дых ад Пастаў:

“Павелічэнне тэрмінаў прыдатнасці — гэта для гандлю болей. Яны просяць. Калі пакупнік з гэтым згодны, купляе, значыць, яго ўсе задавальняе. Тэрмін захоўвання малочнай прадукцыі — 36 гадзін”.


Адчыніў пакет са смятанай — паўтара сутак і хопіць. Канчаткова мяне дабівае хлеб на паліцы крамы: 96 сутак захоўвання! Натуральна, з дадаткамі і кансервантамі.

Маёй бабулі гэта і не снілася!

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі