Чаму фарш таннейшы за сацыяльнае мяса?

Набываем у краме "Карона" фарш — 40 тысяч за кілаграм. У складзе напісана, што, акрамя катлетнай свініны, нічога няма. З якога ж мяса атрымоўваецца такі танны фарш, калі нават сацыяльнае мяса каштуе даражэй?

"Яны калі разбіраюць тушу, там атрымоўваюцца кавалачкі нестандартныя. Гэта добрае мяса, проста яго не выкладзеш на прылавак. У нас усё круціцца толькі з мяса, але гэта катлетнае мяса, таму фарш танней", — тлумачаць у мясной краме на вуліцы Альшэўскага.

Але нават там так званае сацыяльнае мяса каштуе 43700 за кілаграм. Самае таннае мяса знаходзім у краме "Белая Русь" — 40700, але гэта было раней. Цяпер яно каштуе 43 450 рублёў.


У "Радзівілаўскім" знаходзім тое самае катлетнае мяса, з якога і робіцца фарш, — 49700 за кілаграм, а фарш каштуе 50 тысяч рублёў. Што ж, за перакрутку мяса ў фарш — нацэнка 300 рублёў!

"У нас ідзе без дадаткаў. А ёсць фарш, дзе соя дадаецца. Вы не цікавіліся?" — кажуць у "Радзівілаўскім".

А ў аддзеле з вэнджаным мясам заўважаем вэнджаную паляндвіцу за 73710 рублёў, у гэтай жа краме свежая — за 85 тысяч!

"Вэнджанае — нерэальна, каб было танней за сырое. У сырое толькі забой і разборка — і ўсё. У вэнджанае і выдаткі электрычнасці, і спецыі, і праца. Хутчэй за ўсё, там няправільна выставілі кошты", — здзіўляюцца ў агракамбінаце "Зара".

Але дапускаюць, што сырую паляндвіцу маглі прывезці здалёк, і таму туды заклалі ўсе выдаткі, з-за чаго яна выйшла даражэй.

"Многія проста прывозяць мяса невядома, адкуль. Зразумела, яны сюды выдаткі на транспарт закладаюць, ахаладжэнне".

У агракамбінаце прызнаюцца, што кошты маюць ніжэйшыя ў параўнанні з іншымі. Пры гэтым фарш там каштуе 42 тысячы, а мяса — 62 тысячы беларускіх рублёў.

"Мы ж не робім фарш з паляндвіцы ці выразкі — фарш робіцца з мяснога абрэзу і паўтлустай свініны. А гэта амаль напалову танней за выразку. Вы ж разумееце, што сёння простаму пакупніку не па кішэні купіць фарш за 80 тысяч".


У краме "Гурман" знаходзім фарш па больш лагічным і вышэйшым кошце. Па 63 тысячы за кілаграм і нават за 80 тысяч.

"У нас ёсць фарш па дарагім кошце, дзе круцяцца лапатка і кавалак. Катлетнае мяса складаецца з абрэзу лапаткі, кавалку і рулькі. Яно каля 30-35 працэнтаў тлустасці. Калі там свініна катлетная, то з гэтага і фармуецца кошт, і ён ніяк не можа быць меншы. Танней можа быць толькі у тым выпадку, калі туды дадаць больш сала і, крый божа, якую шкуру перакруцяць два разы, што не маюць права рабіць".


Але калі ў дарагой краме ўсё больш-менш лагічна, то ў іншых мы не знаходзім нават сацыяльнае мяса танней за фарш, па 40 тысяч рублёў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі