Былы вязень распавёў пра збіццё ў глыбоцкай калоніі

Лінга распавёў, што збіццё вязняў — звычайная практыка ў глыбоцкай калоніі №13. Яго самога збілі без нагоды і доўгі час не давалі лекаў, хоць яны яму жыццёва неабходныя пасля аперацыі па выдаленні шчытападобнай залозы, перадае БелаПАН.


Сёлета ў чэрвені, кажа Лінга, вязні запатрабавалі сустрэчы з генпракурорам, каб распавесці пра дрэнныя ўмовы ўтрымання ў калоніі. Сустрэча не адбылася, а некалькі яе ініцыятараў былі збітыя. У прыватнасці, адзначае Лінга, быў збіты Мікалай Разуеў, які пасля гэтага ўскрыў сабе жывот. Ахоўнікі збілі таксама Юрыя Канцяву, вязня па мянушцы Чыкін і маладога чалавека Іллю. Той, па словах Лінгі, ледзь не памёр ад страты крыві.


Што вязняў у калоніі збіваюць, распавялі таксама маці двух зняволеных — 18-гадовага Іллі Кавернікава і Ўсевалада Сяргеева. Кавернікава на сустрэчу з маці прывялі са штрафнога ізалятара. Ён трапіў туды за галадоўку пратэсту. Па словах жанчыны, у яе сына былі апухлыя рукі, на адной з іх — сляды ад парэзаў. Вязень распавёў маці, што пасля збіцця зняволеных трымаюць у ізалятары, пакуль не знікнуць сляды збіцця.


Нагадаем, на мінулым тыдні МУС абвергла інфармацыю пра спробы суіцыду вязняў у глыбоцкай калоніі №13, выкліканых пратэстам супраць жорсткага абыходжання.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі