Брэсцкія мытнікі працавалі з сапсаванымі вагамі
Гэта высветлілі двое брэстаўчан, якія везлі духавую шафу праз пераход "Варшаўскі мост".
Духавая шафа паводле пашпарту важыць 35 кілаграмаў — гэта мінімум вагі, дазволенай для правозу без мытнай пошліны. Аднак шалі ў мытнікаў паказалі на паўкілаграма больш. Мужчыны адмовіліся плаціць, і іх адправілі назад у Польшчу.
З другога заходу на іншым канале ўсё сышлося. Пакуль правяралі дэкларацыю, адзін з мужчынаў, Сяргей Вакуленка, праверыў вагі на першым канале. Яны былі ўстаноўленыя няправільна.
Вакуленка: "У вуснай размове з начальнікам Брэсцкай мытні асноўную частку патрабаванняў ён прызнаў законнымі. Я напісаў таксама пісьмовую заяву на яго імя. Там дадаткова адзначыў, што вузкія праходы паміж модулямі, цяжка прайсці, калі буйнагабарытны груз. У туалетах адсутнічае папера, грамадзяне карыстаюцца мытнымі дэкларацыямі. Інспектар мытні не віталася, жавала нешта, выражалася нетактоўна: маўляў, зараз мы вас тут праверым, што вас чакае. Лускаюць семкі на мытні, плююць".