Брэсцкі мастак зрабіў у роднай вёсцы этнамузей (фота)

Мастак Анатоль Жалудко ў халодныя поры года жыве і працуе ў Брэсце, а цёплыя месяцы збольшага праводзіць у сваім вясковым музеі. Яго ён зладзіў у адмыслова купленай хаце ў вёсцы Сабалі Бярозаўскага раёна, дзе нарадзіўся і вырас. Артэфакты збірае 15 гадоў, канцэпцыю музея прадумаў даўно.

Анатоль Жалудко: “Музей пад адкрытым небам драўлянага дойлідства і народнага побыту “Палессе”. “Скансэн” — называецца ў Еўропе. Не як у нас музеі — “могілкі артэфактаў пад шклом”, а ў жывым асяродку. Вось сякера, уваткнутая ў калодку, вось піла і іншы інструментарый”.

Арганізатар музея прытрымліваецца строгай перыядызацыі. У экспазіцыі прысутнічаюць усе гістарычныя перыяды.

Анатоль Жалудко: “І пэўны гістарычны перыяд. “Польшча на Палессі” — і адпаведныя артэфакты. Каменныя сякеры — вось “Каменны век на Палессі”. "Перыяд Кіеўскай Русі на Палессі". “ВКЛ на Палессі”.

Ёсць у музеі раздзелы “Вопратка”, “Прылады рамёстваў” і нават раздзел “Гісторыя спойвання палешукоў” з вялікай калекцыяй бутэлек. Ёсць калекцыя назбіраных на палях куляў і манет, а сярод іх і “баратынка”, якую Берасцейскі манетны двор аздабляў “Пагоняй”. У адным покуце хаты вісяць іконы чатырох наяўных тут канфесій, у другім — стылізаваныя пад іконы партрэты сабалёўскіх палешукоў.



Чаму Палескі музей? У двух музеях пад адкрытым небам, якія ёсць у Беларусі, Палессе мала прадстаўленае, кажа краязнаўца. Ён, дарэчы, мае сваю тэорыю. Распавядае Анатоль Жалудко:

“Тут калыска славянства, пра гэта многія гіпотэзы кажуць. Вось тут мора Герадота, еўрапейская Амазонія знаходзілася. А далей славяне пачалі рассяляцца на захад, змяшаліся з балтамі, беларусамі сталі, на ўсходзе заваёўваць Масковію пачалі, парабіліся напалову азіятамі. На поўдзень пайшлі ў бок Турцыі, дык з’явіліся ў іх шырокія шаравары, гэта казацтва…”.  

Хата і двор ужо не змяшчаюць усіх артэфактаў. Прадставіць еўрапейскі этнарэгіён Палессе адным дваром — малавата будзе, лічыць краязнаўца. Ён марыць пра этнавёску.

Анатоль Жалудко: “Цяпер у мяне этнадвор, не этнавёска. Тут дзяржаўная праграма патрэбная. Звезці хаты сюды... Збіраць трэба па Палессі. Ветракоў прывезці сюды трэба”.

У экспазіцыю музея арганічна ўвойдзе і крыж паўстанцам 1863 года на іх магіле непадалёку, адноўлены мастаком.

Мясцовыя чыноўнікі пагаджаюцца, што ідэя прывабная, але крэхчуць: “Нагружаеш нас, Іванавіч”. Калі на шашы М1 непадалёку паставіць заезны двор і ўвесці музей у турыстычныя маршруты, справы пайшлі б лягчэй, кажа Анатоль Жалудко. А пакуль на зіму самае каштоўнае даводзіцца забіраць у Брэст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі