BosaeSonca: “Залаты альбом – абсалютна чысты творчы прадукт”

130208_backstage_1.mp3

130208_backstage_2.mp3

130208_backstage_3_0.mp3

130208_backstage_4.mp3

З Алесем Катом-Зайцавым мы звязаліся праз скайп – музыка цяпер стала жыве ў Маскве, дзе робіць першыя крокі яго новы і амбіцыйны праект KilFil. Аднак BosaeSonca Алесь кідаць не збіраецца, як і астатнія музыкі, што раз’ехаліся па свеце. BosaeSonca – пляцоўка для экспрэсій і эксперыментаў, якімі хлопцы займаюцца падчас нячастых зараз сустрэч.

... альбом выйшаў акурат тады, калі мы былі гатовыя да гэтага

Еўрарадыё: Яшчэ летам ты сцвярджаў у адным з інтэрв’ю, што BosaeSonca знаходзіцца ў ступары, што ты не ведаеш, што рабіць з гуртом. “Залаты альбом” сведчыць пра выхад гурта з крызіса?


Алесь Кот-Зайцаў: Я не ведаю, ці быў крызіс, як такі. Але, напэўна, нейкі штуршок мусіў адбыцца. І, мабыць, гэтым штуршком сталі змены ў маім жыцці – і прафесійным, і асабістым. І як бы там не было, з “Босым сонцам” для мяне ўласна стала ўсё больш зразумелым. Першапачатковыя мэты засталіся ў мінулым, новыя з’явіліся. І “Залаты альбом” – гэта такая рыса пад нейкім перыядам, напэўна.

Еўрарадыё: Чаму для выхаду вашага дэбютніка спатрэбілася ажно 7 гадоў? Чаго вы чакалі і што адчувалі, калі былі “безальбомнай” і сталай камандай?


Алесь Кот-Зайцаў: Канечне, гэты альбом мусіў з’явіцца калі не год, то два таму (усміхаецца). Мне б вельмі хацелася гэтага. Магчыма, гэта такая памылка, ці не памылка, але, напэўна, такі ўрок на будучыню, што ўсё трэба рабіць своечасова. Тым не менш, я лічу, што ён з’явіўся тады, калі ён мусіў з’явіцца. І лепш, напэўна, позна, чым ніколі. Чаму 7 гадоў? Назваць BosaeSonca паўнавартасна гуртом з сямігадовай гісторыяй гэта не зусім правільна. Таму што пачыналася ўсё зусім несур’ёзна. Гэта быў студэнтскі калектыўчык, у якога не было ніякай мэты. Мы проста хацелі граць свае песні. І вось з цягам часу я пачаў разумець, што гэта ўсё ж такі тое, чым я хачу па жыцці займацца, і BosaeSonca пачало атрымліваць статус (не ведаю, ці можна ўвогуле ў беларускай сітуацыі называць гурт прафесійным ці непрафесійным). Скажу лепш так, што мы сталі проста сур’ёзна ставіцца да таго, што мы робім, і ўжо з гэтага моманту пачаліся з’яўляцца думкі пра альбом, пра сур’ёзную дзейнасць. І альбом выйшаў акурат тады, калі мы былі гатовыя да гэтага, калі далі рады з тэхнічнымі момантамі. Я рады, што альбом з’явіўся. 

Еўрарадыё: Ці ўсё ж ёсць запіс альбома па-ранейшаму нечым выключным і вырашальным для развіцця і папулярнасці гурта?


Алесь Кот-Зайцаў: Я ўласна бачу, што пакуль эпоха альбомаў не адышла ў мінулае. І любы новы праект, калі пачынае нешта рабіць, звяртае на сябе ўвагу гледача, і так ці інакш – падсвядома ці яшчэ неяк, усе чакаюць ад яго усё ж такі альбома. Таму можна сказаць, што альбом дагэтуль застаецца кропкай, што з’яўляецца пікам этапаў развіцця творчага калектыва. На мой погляд, альбомы ўсё ж мусяць быць. Можа быць проста час і тэхналогія змяняюць падыход да гэтай справы. І цяпер не абавязкова выдаваць так, як раней, калі альбом мусіў трываць у сабе шэраг песень – 20 штук ці кшталту таго.  Хутчэй за ўсё, зараз больш важным становіцца проста рабіць рэлізы – будзь тое сінглы, максі-сінглы ці міні-альбомы .

... мы абсалютна не чакаем, што пласцінка зробіць нейкую бомбу

Еўрарадыё:  “Залаты альбом” унікальны тым, што з аднаго боку ён з’яўляецца своеасаблівым “бэстам”, з іншага – канцэптуальным альбомам. Як атрымалася вам укласці ў адзіную канцэпцыю творчасць розных гадоў?


Алесь Кот-Зайцаў: Я думаю, што гэта атрымалася выпадкова, насамрэч. Таму што, прызнацца шчыра, мы проста ў пэўны момант зразумелі, што прыйшоў час ісці ў студыю і знайшлі для гэтага фінансавыя і іншыя магчымасці. Мы пайшлі ў студыю запісваць усё, што ў нас на гэты момант было. Мы пісалі песні розных гадоў, мы пісалі шмат. З цягам часу гэтая студыйная праца, яе кухня, яе атмасфера прывяла да разумення таго, як мусіць выглядаць менавіта гэты альбом. Ён пачаўся складацца па крупіцах з песень, якія мусілі туды патрапіць. І штосьці мы дапісалі – як, напрыклад, песню “Ільды” – да запісу ў студыі мы яе не выконвалі нідзе. У нас ёсць шэраг новых песень, якія не запісаныя, якія, магчыма, маглі б увайсці ў “Залаты альбом”, але мы выбралі гэтую – яна па канцэпцыі, па ўсім клалася ў яго найлепш. То бок, мы яго збіралі з запісу “бэсту” – проста запісвалі лепшыя песні ў студыі. А ўсё-такі заканчвалі гэты альбом тым, што збіралі нейкую канцэпцыю, адпаведную атмасферу, адпаведны настрой. Таму, пэўна, гэты працэс і прывёў да такога выніку.

Еўрарадыё:  Мне падалося, ці насамрэч у песні “Ільды” ужытая цытата “Двух лодок” Без Билета?


Алесь Кот-Зайцаў: У мяне такое стаўленне да музыкі, што напэўна, усё ўжо дзесьці гучала і ўсё дзесьці сыграна. Таму калі хтосьці пачуе нейкія цытаты – гэта нармальна, і я не бачу нічога кепскага, калі гурт параўноўваюць з іншым гуртом, песню параўноўваюць з іншай песняй. Проста, відаць у маёй свядомасці круціцца вельмі шмат музыкі, і яна тым ці іншым чынам уплывае на тое, што я раблю. Я не лічу гэта ніякімі цытатамі ці плагіятам, бо гэта шчыра і па-сапраўднаму напісаныя рэчы. Пакуль не чуў такіх супастаўленняў.

Еўрарадыё:  Што асаблівага ў альбоме? На чым вы настойваеце, пра што распавядаеце, якімі пытаннямі задаецеся?


Алесь Кот-Зайцаў: Для мяне ўласна каштоўны і харошы гэты альбом тым, што ён выйшаў у такі час – час творчага развяцця гурта BosaeSonca. І мы абсалютна не чакаем, што ён зробіць нейкую бомбу, ці што гэта будзе нейкай з’явай ці чымсьці яшчэ – гэта не з’яўляецца першамэтай. Гэта абсалютна чысты творчы прадукт, які не патрабуе за сабой ніякіх рэакцый. Мы проста зрабілі гэта, як хацелі, зрабілі таму, што хацелі. І калі гэта знойдзе водгук у слухача, гэта будзе проста супер.

Еўрарадыё:  Альбом дастаткова складаны для ўспрыняцця з першага разу – падаецца, што ўсё надта мудрона і закручана. Такі юнацкі максімалізм….


Алесь Кот-Зайцаў: Магчыма, але паўтаруся, што мы яго рабілі так, як хацелі самі, не зважаючы на актуаліі і моду. Я ведаю, што можна было зрабіць інакш, і ён успрымаўся б лягчэй, можа, ён быў бы успрыняты тады большай колькасцю людзей. Але, напэўна, у “Босага сонца” у гэты перыяд ёсць такая свая рыса, свой космас. І цешыць тое, што ўсё ж такі ёсць людзі, якія гэты космас разумеюць, для іх ён важны, цэнны і менавіта для гэтых людзей мы і працуем.

... далей мы хочам рабіць нейкія рэчы, якія будуць напісаныя іншымі ўдзельнікамі гурта

Еўрарадыё:  Гурт пазіцыянуе сябе “пэўнай вольнай пляцоўкай для эксперыментаў і экспрэсій”. Ці заўсёды патрэбныя эксперыменты ў музыцы? Ці не перакормлены імі меламаны 21 стагоддзя?


Алесь Кот-Зайцаў: Гэтыя эксперыменты не накіраваныя на меламанаў і дасведчаных слухачоў. Гэта эксперыменты ў першую чаргу для нас саміх – менавіта гэта мы маем на ўвазе, называючы BosaeSonca такой пляцоўкай. Таму што так зараз склалася сітуацыя ў гурце, што кожны з музыкаў  займаецца яшчэ праектамі – ці музычнымі ці немузычнымі, людзі працуюць у розных сферах. А BosaeSonca засталося пляцоўкай, дзе мы проста збіраемся як сябры і робім тое, што нам цікава, спрабуем розныя варыянты. І калі ў “Залатым альбоме” гэта яшчэ не надта відаць, то, мяркую, у нейкіх рэчах, якія будуць пасля яго, гэта будзе вельмі відавочна. Таму што зараз мы неяк нягласна вырашылі паспрабаваць шлях творчасці ўсіх музыкаў. То бок, калі “Залаты альбом” напісаны мною, і праца з боку астатніх музыкаў была закручаная ў аранжыроўках, то далей мы хочам паспрабаваць працаваць крыху па-іншаму – рабіць нейкія рэчы, якія будуць базавацца на нашых сумесных імправізацыях ці будуць напісаныя іншымі ўдзельнікамі гурта, а не мной. Таму назва творчай эксперыментальнай пляцоўкі цалкам пасуе на сённяшні дзень “Босаму сонцу”.  


Еўрарадыё: “Залаты альбом” падводзіць пэўную рысу пад творчым этапам гурта. А што далей? Здаецца, вы сабраліся пісаць акустычны альбом…


 Алесь Кот-Зайцаў: “Акустыку” мы ўжо запісалі – адкрыю невялікі сакрэт. Ггэта адбывалася на студыі Беларускага дзяржаўнага радыё, і гэта вельмі класная студыя – там было вельмі прыемна працаваць. У гэтай студыі нават аркестры пішуць, таму адпаведная атмасфера там, канечне, пануе, і яна не магла не паўплываць на працу… Гэты альбом - таксама позірк у мінулае. Гэта збольшага старыя песні як раз таго перыяду, калі можа быць было варта запісаць альбом, але гэтага не адбылся. І каб гэтыя песні не памерлі, мы вырашылі іх рэанімаваць, зрабіць майстарынг і выдаць. Я думаю, што рэліз альбома адбудзецца наступнай восенню. Ну а далей мы будзем працаваць так, як я і казаў – рабіць нейкія рэчы трошкі ў іншым русле, якія будуць адлюстраваннем творчасці менавіта чатырох галоўных удзельнікаў “Босага сонца”.


... ніякія рэаліі і цяжкасці не перашкодзяць таму, каб стварыць такі праект у Беларусі


Еўрарадыё: Твой ад’езд у Маскву і праца ў новым праекце – спроба пачаць усё з нуля ці “пабег” ад беларускіх музычных рэалій?


Алесь Кот-Зайцаў: (смяецца) Складанае пытанне. Мне проста хацелася паспрабаваць штосьці новае для сябе, хацелася папрацаваць над музыкай крыху іначай, чым гэта адбывалася ў Беларусі, чым гэта адбывалася з “Босым сонцам”. Гэтае жаданне вітала ў паветры. У мяне былі нават думкі перайменаваць BosaeSonca, зрабіць яго рэбрэндынг, рабіць музыку ў абсалютна іншым кірунку. То бок, калі яшчэ не было гаворкі пра працу з KilFil, у мяне былі думкі, быў матэрыял. А тут так атрымалася, што наш былы бубач Арцём Рулёў, які некалькі гадоў жыве ў Маскве, прапанаваў мне зрабіць гэты праект. Вось гэтыя жаданні супалі. Зараз спрабуем.

Еўрарадыё:  Твой маскоўскі гурт KilFil грае мэйнстрым, здымае кліпы, спрабуе патрапіць на расійскую сцэну. Ці мог бы праект утварыцца ў Мінску? Што трэба для гэтага?


Алесь Кот-Зайцаў: Я лічу, што мог бы. Іншая рэч, наколькі гэта было б запатрабавана з боку і публікі, і так званага музычнага рынку. Гэта іншыя пытанні. Але паспяховыя прыклады ёсць – гэта і той жа J:Морс, і “Без Билета”, і Аkute – гурты, якія былі створаныя і ўзгадаваныя тут, і зараз з’яўляюцца флагманамі беларускай музыкі. Гэта яскравы прыклад таго, што нішто не памеха ў Беларусі – ніякія рэаліі і цяжкасці не перашкодзяць таму, каб стварыць такі праект. У мяне склалася ўсё крыху інакш. Паглядзім, што з гэтага атрымаецца.

Еўрарадыё:  Што ты зразумеў пра музыку і пра музыкаў, пераехаўшы ў Маскву? Ці ламае яна стэрэатыпы і што стварае ўзамен?


Алесь Кот-Зайцаў: Па шчырасці, не надта думаў пра гэта, напэўна, таму што мы яшчэ не настолькі выйшлі ў свет, і ў нас пакуль што ідзе ўнутраная праца – праца над матэрыялам, пошукі менавіта патрэбнага стылю і т.д. Але ў вочы кідаецца ўсё ж такі існаванне рынку як такога. У Беларусі ён выглядае штучным, нават пры наяўнасці такіх паспяхова дзейных гуртоў, пералічаных вышэй. Уся беларуская эстрада, якая не здольная нават сабраць невялікую залу нармальнага гледача без распаўсюду квіткоў праз нейкія прафсаюзы… Тут усё выглядае іначай. Гэта самая славутая расійская папса насамрэч збірае залы, яна запатрабаваная, як і іншыя сферы музыкі. Гэта ўсё выглядае як, няхай са сваімі дзівосамі, але ўсё ж такі бізнес, які існуе, развіваецца. Гэта, напэўна, самая яскравая розніца, якую я тут бачу за кароткі час майго назірання за тутэйшым жыццём. Пакуль крыху звонку. Магчыма, атрымаецца зрабіць штосьці такое, што зойме сваю нішу ў гэтым бізнесе. Прынамсі, мы на гэта спадзяемся, і ўпэўненыя ў тым, што мы робім тут і зараз.

Еўрарадыё:  Калі мінчукі змогуць пазнаёміцца з KilFil?


Алесь Кот-Зайцаў: Невялічкі набег на Мінск у нас будзе 1 сакавіка. Нягледзячы на тое, што ў KilFil зараз ідзе больш унутраная праца над матэрыялам, над стылем, мы тым не менш вырашылі паказваць тое, што ўжо можна паказаць. І першы канцэрт адбудзецца ў Мінску ў клубе “Рэ:паблік” на “Бульфэсце” 1 сакавіка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі