Bill Ward (ex The Black Sabbath): Карысці не атрымае аніводны!

Усе спробы музыкаў першапачатковага складу легендарнага брытанскага рок-гурта The Black Sabbath, аднавіць сумесную працу пакуль не маюць плёну. “Now or never” — цяпер альбо ніколі, — кажа лідар-гітарыст “Сабатаў” Тоні Аёмі (Tony Iommi). І усё выглядае так, нибыта з гэтай фразы актуальным застанецца толькі апошняе слова. 

19 траўня ў родным горадзе The Black Sabbath Бірмінхэме на О2 Арэне адбыўся першы з серыі трох летніх канцэртаў заснавальнікаў “хэві-метал” — “Warm Up Concert”. З-за спрэчак па кантракце паміж бубначом Білам Уордам (Bill Ward) і астатнімі ўдзельнікамі гурта месца за барабанамі да апошняга дня заставалася вакантным. І вось, канцэрт нарэшце паставіў кропкі над усімі магчымымі літарамі. Разам з Тоні Аёмі (Tony Iommi), Гізэрам Батлерам (Geezer Butler) , Озі Осбарнам (Ozzy Osbourne) на сцэну выйшоў бубнач з апошняга складу осбарнаўскага гурта, Томі Клафітас (Tommy Clufetos). 

Пра тое, што можна было пачуць і адчуць падчас больш чым 2-гадзіннага шощ, можа распавесці толькі той, каму пашчасціла набыць адзін з квіткоў (цана на які, дарэчы, складала 45 фунтаў), ды і то наўрад ці хопіць у яго словаў, каб перадаць свае ўражанні. А вось былы бубнач The Black Sabbath Біл Уорд цягам бягучага лета не возьме ўдзелу ў  канцэртах гурта. Пра гэта музыкант паведаміў у сваім звароце, апублікаваным напярэдадні канцэрту. Цікава, што ў дадзенай сітуацыі ўдзельнікі першапачатковага складу “Сабатаў” прэтэнзій адзін да аднаго не маюць. Усе спрэчкі вядуцца выключна паміж іх менэджмэнтам. 

Але, як слушна піша Біл Уорд у сваім звароце, на ягоны погляд, пераможцаў у гэтых спрэчках не будзе: “Карысці не атрымае аніводны: гурт не атрымае, фаны не атрымаюць, ніхто не атрымае, ніхто! Нават той, хто, нягледзячы ні на што, усё-ткі спадзяецца яе атрымаць!” 

Наступны канцэрт аб’яднага The Black Sabbath прызначаны на 10 чэрвеня у межах традыцыйнага музычнага фэсту Download Festival недалёка ад Лондана.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі